Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Гарань: Адна з мэтаў Пуціна — сарваць выбары ў Вярхоўную Раду


Аляксей Гарань

Аляксей Гарань

На выбарах у Вярхоўную Раду Ўкраіны павінны перамагчы дэмакратычныя праэўрапейскія сілы, таму Ўладзімер Пуцін зацікаўлены ў тым, каб сарваць гэтыя выбары.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў прафэсар паліталёгіі Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксей Гарань.

На сёньняшні дзень галоўныя палітычныя сілы Ўкраіны вызначыліся з партыйнымі сьпісамі кандыдатаў, якія будуць прымаць удзел у датэрміновых выбарах у Вярхоўную Раду Ўкраіны.

«Я думаю, што галоўная інтрыга выбараў у Вярхоўную Раду — у тым, ці ўдасца Парашэнку стварыць большасьць у парлямэнце аднапартыйную, або яму ўсё ж такі давядзецца ствараць кааліцыйную большасьць», — лічыць Гарань.

Экспэрт адзначае, што, паводле сацыялягічных апытаньняў, фаварыт у перадвыбарчай гонцы — «Блёк Пятра Парашэнкі». Сярод дэмакратычных сілаў, верагодна, 5-адсоткавы бар’ер пераадолеюць партыя «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі, «Грамадзянская пазыцыя» Анатоля Грыцэнкі, партыя «Свабода» і партыя «Народны фронт».

«Магчыма, на другім месцы будзе Радыкальная партыя Алега Ляшко, якая зьяўляецца папулісцкай. Гэта нэгатыў, але гэта грымаса дэмакратыі», — канстатуе Гарань.

Магчыма, у Вярхоўную Раду таксама трапіць «Моцная Ўкраіна» былога рэгіянала Сяргея Цігіпкі. А вось ці ёсьць шанец пераадолець 5-адсоткавы бар’ер у камуністаў і створанага былымі рэгіяналамі «Апазыцыйнага блёку» — сказаць складана.

«Я думаю, можна сказаць, што ў будучым парлямэнце будзе большасьць

будзе радыкальнае зьніжэньне дэпутацкіх месцаў у рэгіяналаў і камуністаў

у прадэмакратычных і праэўрапейскіх сіл, і ў цэлым новы склад парлямэнту будзе лепшы, чым раней. У любым выпадку будзе радыкальнае зьніжэньне дэпутацкіх месцаў у рэгіяналаў і камуністаў, і гэта безумоўна пазытыўна», — кажа Гарань.

Як адзначае палітоляг, галоўнай інтрыгай перадвыбарчай кампаніі на дадзеным этапе было пытаньне, з кім пойдуць на выбары прэм’ер-міністар Арсені Яцанюк і старшыня Вярхоўнай Рады Аляксандар Турчынаў, якія раней прадстаўлялі «Бацькаўшчыну».

«Яны вялі перамовы як з „Бацькаўшчынай“, так і з „Блёкам Парашэнкі“, але вырашылі, што не жадаюць растварацца, і ўтварылі новую палітычную сілу, якая называецца „Народны фронт“ і якая, я думаю, пераадолее бар’ер», — кажа Гарань.

Адно з прынцыповых пытаньняў гэтых выбарах — колькі прадстаўнікоў камуністаў і рэгіяналаў трапіць у парлямэнт.

«Вось гэта, я думаю, прынцыпова, таму што гэтыя дэпутаты галасавалі ў свой час за дыктатарскія законы, якія прывялі краіну да крыві, яны падтрымлівалі сэпаратызм. Таму, я лічу, было б вельмі добра, калі б яны не былі прадстаўленыя ў парлямэнце. Але ў любым выпадку, нават калі яны трапяць туды, вядома, колькасьць месцаў у іх рэзка скароціцца», — упэўнены Гарань.

Да таго ж на пазыцыі камуністаў і рэгіяналаў паўплывае тое, што Крым і частка Данбасу, якую кантралююць баевікі, ня будзе галасаваць — а менавіта гэтыя рэгіёны былі традыцыйнай базай падтрымкі гэтых палітычных сілаў.

«Але галоўнае тое, каб ваенныя дзеяньні не сарвалі выбары, таму што ў гэтым, я думаю, якраз і палягае адна з мэтаў Пуціна. Адна з мэтаў Пуціна — сарваць выбары, каб захаваць сёньняшні склад парлямэнту, у якім практычна палова месцаў належыць партыям, якія падтрымлівалі Януковіча, якія нясуць адказнасьць за распальваньне сэпаратызму і многія дэпутаты якіх — адкрытая прарасейская „пятая калёна“. Таму, вядома, Пуцін не зацікаўлены ў тым, каб зьмяніўся склад парлямэнту. Я думаю, што адна з мэтаў ваенных дзеяньняў, якія разгарэліся ў канцы жніўня, — гэта быў зрыў выбараў. Пуцін не пакіне гэтай мэты, а для Ўкраіны, безумоўна, вельмі важна правесьці выбары і перазагрузіць парлямэнт», — падкрэсьлівае Гарань.

XS
SM
MD
LG