Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клічко, Чубараў, Джамілеў, Найем ідуць на парлямэнцкія выбары ад «Блёку Парашэнкі»


Пра гэта падчас зьезду партыі паведаміў адзін зь яе лідэраў Юры Луцэнка.

Лідэры Меджлісу крымскататарскага народу Рэфат Чубараў і Мустафа Джамілеў балятуюцца ў Вярхоўную Раду па сьпісе «Блёку Пятра Парашэнкі». Пра гэта падчас зьезду партыі паведаміў адзін зь яе лідэраў Юры Луцэнка.

Паводле яго словаў, яны зьвярнуліся да ўсіх «лідэраў постмайданаўскіх партыяў, каб у іх сьпісах было, прынамсі, па адным прадстаўніку ад Меджлісу крымскататарскага народа». Луцэнка адзначыў, што «ў нашым сьпісе іх будзе двое — Мустафа Джамілеў і Рэфат Чубараў».

Юры Луцэнка паведаміў таксама, што па сьпісах «Блёку Пятра Парашэнкі» балятуюцца таксама журналісты Сяргей Лешчанка і Мустафа Найем і каардынатар руху «Чесно» Сьвятлана Залішчук. Луцэнка адзначыў, што ў выпадку падтрымкі зьезду іх кандыдатуры будуць у сьпісе партыі.

Першым нумарам у сьпісе «Блёку Пятра Парашэнкі» на датэрміновых парлямэнцкіх выбарах будзе мэр Кіева, лідэр партыі «УДАР» Віталь Клічко.

Партыя «Блёк Пятра Парашэнкі» і партыя «УДАР» вырашылі на парлямэнцкія выбары ісьці сумесна.

Датэрміновыя выбары ў Вярхоўную Раду Ўкраіны адбудуцца 26 кастрычніка.

XS
SM
MD
LG