Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФОТАФАКТ: Драўляныя апосталы вярнуліся ў гарадзенскі Катэдральны касьцёл


Двух драўляных апосталаў з фасаду Катэдральнага, былога езуіцкага, касьцёла ў Горадні вярнулі на месца пасьля рэстаўрацыі. Кожны вышынёй каля двух з паловай мэтраў і важыць прыблізна паўтоны.

Яны стаялі ў нішах пад сьнегам і дажждом і былі ў аварыйным стане. Іх зьнялі ў лютым (аб гэтым паведамляла Радыё Свабода) і вярнулі назад празь сем месяцаў.

Апосталу Пятру, які стаіць у левай нішы, пазалацілі вялікі ключ, а апосталу Паўлу, што займае правую, — меч (глядзі на здымках). Кожны трымае таксама разгорнутую кнігу, якія пакрылі срэбнай фальгой. Усе працы выканалі рэстаўратары Уладзімір Кіслы (Горадня) і Мікалай Лёля (Менск). Для гэтага былі выкарыстаныя сусальнае золата і срэбра.

Драўляныя вулічныя скульптуры сёньня рэдкая зьява для Беларусі, іх захавалася вельмі мала. Пробашч Ян Кучынскі зрабіў дапушчэньне, што драўляныя апосталы стаяць на фасадзе з часоў пабудовы храма — у 1663 годзе. Гэта выклікала скептычную рэакцыю некаторых гісторыкаў, якія палічылі, што такі доўгі час скульптуры не ператрывалі б.

Уладзімір Кіслы, аднак, мяркуе, што драўляныя апосталы цалкам могуць быць равесьнікамі храма. Яны выраблены зь лістоўніцы, якія растуць на Гарадзеншчыне. Са сьпіны яны выдзеўбаныя — як рабілі некалі чоўны, каб дрэва ня лопалася.

Яно было добра апрацаванае старымі майстрамі, кажа Кіслы, таму лёгка рэжацца. Тым часам як хваёвыя пароды ня вельмі прыдатныя як матэрыял для скульптара.

Кансэрвацыя і рэстаўрацыя старых скульптураў працягвалася два з паловай месяцы, сказаў Уладзімір Кіслы. Паасобныя страчаныя часткі былі выкананыя зь лістоўніцы, прывезенай з Мастоў. Прасушыўшы растрэсканыя скульптуры пры вулічнай тэмпэратуры (трымалі пад паветкай), а затым у памяшканьні, іх ачысьцілі ад наслаеньняў старой фарбы, апрацавалі і пакрылі фарбай. Цяпер яны выглядаюць як новыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG