Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 дзён Парашэнкі: Украіна зьберагла дзяржаўнасьць, але страціла траціну Данбасу


Пятро Парашэнку падчас інаўгурацыі
Пятро Парашэнку падчас інаўгурацыі

15 верасьня спаўняецца 100 дзён, як Пятро Парашэнка займае пасаду прэзыдэнта Ўкраіны. За гэты час ён падпісаў пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам, праводзіў антытэрарыстычную апэрацыю на ўсходзе краіны, прызначыў датэрміновыя парлямэнцкія выбары на 26 кастрычніка.

Радыё Свабода пацікавілася ва ўкраінскіх, расейскіх і беларускіх экспэртаў, як яны ацэньваюць першыя сто дзён улады Пятра Парашэнкі.

Расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін: «Парашэнка выйграў інфармацыйную вайну з Расеяй»

Дзьмітры Арэшкін
Дзьмітры Арэшкін

«Трэба разумець, што Пятро Парашэнка дзейнічаў ва ўмовах вельмі жорсткай неабходнасьці. У яго не было часу займацца эканамічнымі, сацыяльнымі і палітычнымі рэформамі. У яго была вайна. Таму ягоныя 100 дзён нельга параўноўваць са 100 днямі любога іншага эўрапейскага ці амэрыканскага палітыка. Ён дзейнічаў са зьвязанымі рукамі і ва ўмовах імклівага пагаршэньня эканамічнага, дэмаграфічнага і геастратэгічнага стану краіны.

Зь іншага боку, у тых умовах, у якіх ён знаходзіцца, ён зрабіў, па вялікім рахунку, правільныя крокі і не зрабіў аніводнай грубай памылкі. Ён змог кансалідаваць нацыю супраць агрэсара, ён змог заняць жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да сэпаратыстаў на ўсходзе краіны, і ў той жа час змог заняць гнуткую пазыцыю, каб у патрэбны момант спыніцца, калі падключыліся рэгулярныя войскі Расеі і калі стала зразумела, што ўкраінская армія гэтага ня вытрымае. Але гэта ня хіба Ўкраіны — ніводная іншая эўрапейская армія ня вытрымала б наўпроставага сутыкненьня з Расеяй. Таму ў тактычным пляне Парашэнка дзейнічае даволі эфэктыўна. Ён змог не дапусьціць увядзеньня ваеннага становішча і, адпаведна, спадзяецца ў кастрычніку правесьці выбары Вярхоўнай Рады, таму што ягоныя паўнамоцтвы даволі абмежаваныя Канстытуцыяй з пункту гледжаньня парлямэнту.

Пятро Парашэнка ня змог зрабіць эканамічных рэформаў, а трэба

Пятро Парашэнка ня змог зрабіць эканамічных рэформаў, а трэба. І трэба даўно, бо сытуацыя будзе пагаршацца. Але затое ён змог заручыцца міжнароднай падтрымкай і выйграе інфармацыйную вайну з Расеяй.

Таму ў той сытуацыі, у якой знаходзіцца Парашэнка, 100 дзён трэба залічыць у плюс. Даволі цяжка было, атрымаўшы краіну, якую разьдзіралі канфлікты элітаў і рэгіянальныя амбіцыі, утрымаць яе цэлай. Але далей Парашэнку будзе яшчэ складаней. Яго будуць вінаваціць і ў слабасьці, і ў залішняй нахрапістасьці і цэнтралізацыі, і ў тым, што ён ідзе на павадку ў сэпаратыстаў — але гэта нармальна. Пакуль яго галоўная задача — захаваць дзяржаўнасьць, нейкім чынам утрымаць баявыя пазыцыі, ня даць распаўсюдзіцца вельмі шырока ДНР і ЛНР, пабудаваць нармальную сыстэму дачыненьняў з Захадам і НАТО, і толькі пасьля пачынаць вырашаць эканамічныя праблемы, якія з кожным месяцам абвастраюцца.

Насамрэч Пятру Парашэнку нашмат складаней будзе адказваць за другія і трэція 100 дзён, чым за першыя«.

Украінскі палітоляг Віктар Каспрук: «Парашэнка ня спраўдзіў чаканьні Майдана»

Віктар Каспрук
Віктар Каспрук

«Пятро Парашэнка — найлепшы зь пяці прэзыдэнтаў, якія за ўвесь час незалежнасьці Ўкраіны былі пры ўладзе. Шмат добрых якасьцяў ён прадэманстраваў на міжнароднай арэне, на перамовах зь лідэрамі заходніх краін. Ён дапамог Украіне палітычна выстаяць як незалежнай дзяржаве ў тых варунках, у якіх яна апынулася, — падчас вайны з Расеяй. Безумоўна, гэта той плюс, які будзе залічаны яму на скрыжалях гісторыі.

Зь іншага боку, за гэтыя 100 дзён ва Ўкраіне не адбыліся тыя рэформы, якіх так чакаў украінскі народ. Калі гаварыць пра сытуацыю, якая справакавала Майдан, то гэта ня толькі жаданьне пасоўвацца ў бок Эўропы, але і жаданьне зьнішчыць алігархічны рэжым, які 23 гады функцыянуе ва Ўкраіне. Дык вось з пункту гледжаньня дэмантажу алігархічнага рэжыму, на жаль, ва Ўкраіне ня зроблена нічога. За гэты час не дэмантаваная судовая сыстэма, якая, працуючы аўтаномна, можа што заўгодна рабіць з кожным грамадзянінам Украіны і якую прыкрывае пракуратура, таксама не падкантрольная грамадзкасьці.

Я вельмі спадзяюся, што ў наступныя 100 дзён прэзыдэнт Парашэнка пачне дэмантаваць тую постсавецкую сыстэму, якая не дала Ўкраіне істотна прасунуцца ў бок Эўразьвязу і НАТО

Вялікі мінус — тое, што Пятро Парашэнка пакінуў народ сам-насам з судовай, пракурорскай, міліцэйскай і выканаўчай сыстэмамі. Дзякуючы таму, што там не адбылося ніякіх зьменаў, выконваюцца прысуды, якія былі вынесеныя яшчэ падчас прэзыдэнцтва Януковіча. Таму я асабіста вельмі спадзяюся на тое, што ў наступныя 100 дзён прэзыдэнт Парашэнка пачне дэмантаваць тую постсавецкую сыстэму, якая не дала Ўкраіне істотна прасунуцца ў бок Эўразьвязу і НАТО. Я спадзяюся, што каля прэзыдэнта будуць тыя людзі, якія падкажуць яму, што нельга будаваць дэмакратыю ў краіне, не дэмантаваўшы алігархічны рэжым».

Беларускі палітоляг Павал Вусаў: «Слабасьць Парашэнкі — у спадзевах на дапамогу Захаду»

Павал Вусаў
Павал Вусаў

«Я пачну з таго, што не было зроблена.

Першае. Не было сур’ёзнай адміністрацыйнай рэформы, люстрацыі і ацэнкі дзейнасьці былых чыноўнікаў, чаго дамагаўся Майдан. Гэтая хіба, у сваю чаргу, пацягнула за сабой сур’ёзныя і трагічныя недахопы ў правядзеньні АТА.

Другое. Падчас выбарчай кампаніі і адразу пасьля яе Парашэнка абяцаў вельмі хутка разабрацца з сэпаратыстамі. Як выявілася, ён пераацаніў свае сілы і недаацаніў сытуацыю. Цяпер гэта стварыла глебу для шырокай крытыкі Парашэнкі з боку ягоных былых паплечнікаў — Юліі Цімашэнкі і Алега Ляшка.

Трэцяе. Парашэнка да гэтага часу даволі моцна спадзяецца на падтрымку з боку Захаду ў справе супрацьстаяньня Расеі. Гэта зьвязвае яму рукі, і ў выніку няма рашучых дзеяньняў, а ёсьць толькі рашучыя словы.

Чацьвёртае. Пакуль ня бачна сумеснай дзейнасьці прэзыдэнта і прэм’ер-міністра ў справе зьмяншэньня ўзроўню карупцыі. Нічога не было зроблена ў дачыненьні да дзейнасьці і капіталу Ахметава, Навінскага, іншых людзей, якія зьвязаныя зь Януковічам і расейскім бокам.

Цяпер станоўчае.

Першае. Парашэнка здолеў распусьціць парлямэнт, бо дзейная Рада моцна тармазіла крокі, якія патрэбна было б зрабіць.

Другое. Нягледзячы на патрабаваньні сур’ёзных радыкальных крокаў у дачыненьні да сэпаратыстаў, ён імкнецца шукаць кампрамісаў, разумеючы, што і на ўсходзе жывуць украінцы.

Трэцяе. Парашэнка і ягонае атачэньне здолелі не дапусьціць сэпаратызму ў іншых рэгіёнах Украіны, абмежаваўшы яго ўсходам.

Чацьвёртае. Моцная пазыцыя на міжнароднай арэне як з заходнімі лідэрамі, так і з Пуціным, зь якім ён трымае высокі ўзровень пазыцыяў.

Пятае. Нягледзячы на папулярнасьць і магчымасьць ісьці на выбары толькі са сваёй партыяй, Парашэнка жадае стварыць шырокі фронт, імкнучыся пазьбегнуць канфлікту паміж рознымі сіламі, якія былі прадстаўленыя на Майдане, каб ісьці адзіным фронтам на выбары і стварыць адзіную кааліцыю, такім чынам пазьбегнуўшы нэгатыўнага досьведу 2004–2005 гадоў сярод «памаранчавых».

Каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук: «Зрыў пляну вялікай Наваросіі — найлепшае дасягненьне Парашэнкі»

Дзьмітры Тымчук
Дзьмітры Тымчук

«Галоўная тэма, якая ляйтматывам праходзіць праз 100 дзён Пятра Парашэнкі, — гэта антытэрарыстычная апэрацыя і здольнасьць ці няздольнасьць урэгуляваць канфлікт на ўсходзе. Тут мы бачым не зусім аптымістычную карціну. Асабліва калі ўзгадаць, што перад выбарамі Парашэнка абяцаў за вельмі кароткі тэрмін вырашыць гэтую праблему. На жаль, гэтага не адбылося, чаму ёсьць і аб’ектыўныя, і суб’ектыўныя прычыны.

Калі меркаваць па выніках, якія ёсьць цяпер, то, прынамсі, удалося лякалізаваць ачаг сэпаратызму, тэрарызму і расейскай агрэсіі. І гэта вельмі важна. Калі б гэтая зараза распаўсюджвалася, то мы б зараз маглі размаўляць не пра пазбаўленьне Ўкраіны траціны тэрыторыі Данбасу, а нашмат большых тэрыторыяў, бо было відавочна, што Масква нацэлілася як мінімум на восем украінскіх абласьцей. І зрыў гэтага сцэнару — гэта самае вялікае дасягненьне Парашэнкі.

Мінус — тое, што на нашых вачах зараджаецца новае Прыднястроўе на тэрыторыі Ўкраіны, і калі гэтая праблема будзе вырашацца, абсалютна не зразумела. Але ясна, што гэта нарыў, які будзе на целе Ўкраіны яшчэ вельмі доўга. Але з улікам той пагрозы, якая была, гэта ня самы горшы варыянт».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG