Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

13 верасьня Менск адзначае Дзень горада — 947-ю гадавіну ад першага згадваньня ў летапісах. Агулам у рамках сьвяткаваньня арганізавана больш за паўсотні імпрэзаў. Адна з асноўных пляцовак ля Палацу спорту аддадзеная ўдзельнікам Другога фэстывалю мастацтваў беларусаў сьвету. Гледачоў пільна даглядаюць, уваход у зоны гасьціннасьці — толькі празь міліцэйскія пасты.

Першымі бясплатнае шоў пабачылі жыхары спальных раёнаў у заходняй частцы сталіцы — раніцай нізка над шматпавярховікамі на рознакаляровых шарах праплылі ўдзельнікі Першага адкрытага чэмпіянату Беларусі ў паветраплаваньні. Гэта, бадай, самы масавы паветраны «заплыў» за два дзясяткі гадоў: пасьля таго, як у верасьні 1995-га ў небе над Бярозай беларускія ваенныя зьбілі паветраны шар з амэрыканцамі, аматары гэтага прыгожага віду спорту стараліся мінаць Беларусь бокам.

Лякальныя мерапрыемствы ладзіліся ў кожным раёне сталіцы, аднак найважнейшыя падзеі адбываліся ў цэнтры. Найперш увага была прыкаваная да сцэны ля Палаца спорту, дзе апоўдні пачаліся паказальныя выступы ўдзельнікаў Другога фэстывалю мастацтваў беларусаў сьвету. Гэтым разам на гістарычную радзіму завіталі прадстаўнікі 18 краінаў — адразу на шэсьць больш, чым тры гады таму. Ад некаторых самадзейных артыстаў у літаральным сэнсе «вялі вушы», іншыя ж дэманстравалі дастаткова высокую плянку майстэрства.

Удзельнікі фэстывалю мастацтваў

Удзельнікі фэстывалю мастацтваў

Добра завёў публіку, бадай, самы экстравагантны сьпеўны калектыў — вакальны ансамбаль беларускай песьні з Мадрыду пад кіраўніцтвам Інэсы Салаўёвай. Зь дзесяці сьпевакоў і музыкаў бальшыня — гішпанцы, але экспрэсія, памножаная на беларускія тэксты, прыйшлася слухачам даспадобы.

Сьпеўны ансамбаль з Мадрыду

Сьпеўны ансамбаль з Мадрыду

Прымусілі кінуцца прысутных у скокі танцоры з Аргентыны — асабліва добра быў успрыняты нумар «Бульба». Адчуваецца, што мастацкі кіраўнік ансамблю «Чайка» Мігель Мілеўскі працягвае беларускія традыцыі, запачаткаваныя ў калектыве яшчэ ў 1958 годзе.

«Бульба» ад аргентынскай «Чайкі»

«Бульба» ад аргентынскай «Чайкі»

Дадалі настрою завадныя дзяўчаты з польскага аматарскага сьпеўнага калектыву «Аморфіс», а зададзены імі градус падтрымаў беларускі ўдзельнік і тамада фэсту — саліст народнага ансамбля «Сьвята» Вячаслаў Статкевіч.

Добры настрой ад дзяўчат з Польшчы

Добры настрой ад дзяўчат з Польшчы

Саліст «Сьвята» Вячаслаў Статкевіч

Саліст «Сьвята» Вячаслаў Статкевіч

Італьянская асацыяцыя «Bella Rosa» дэлегавала ў Менск выканаўцу народных песень Тацьцяну Леўсік і опэрную сьпявачку Розу Мантану.

Опэрная сьпявачка Роза Мантана

Опэрная сьпявачка Роза Мантана

Ад Малдовы выступала народная артыстка гэтай краіны Маргарыта Івануш ды яе каляжанкі.

Народная артыстка Малдовы Маргарыта Івануш

Народная артыстка Малдовы Маргарыта Івануш

А пад завесу выйшаў расейскі дэсант — самы шматлікі на фэстывалі. Прычым бальшыню складалі нашчадкі беларусаў, якія больш за стагодзьдзе таму выправіліся ўздымаць Сыбір.

У скокі шлі і старыя…

У скокі шлі і старыя…

…і малыя

…і малыя

Сярод гледачоў — паралімпійская чэмпіёнка Людміла Ваўчок

Сярод гледачоў — паралімпійская чэмпіёнка Людміла Ваўчок

Дарэчы, за дзень да гэтага артыстаў «абкаталі» ў аграгарадках Менскай вобласьці. Як кажа кіраўніца ансамбля аўтэнтычнага сьпеву «Крывічы» з Іркуцку Воля Галанава, сама па сабе ідэя наведаць беларускую вёску была выдатная, аднак падвяла арганізацыя. У Стаўпецкі раён аўтобус з выступоўцамі прыехаў у літаральным сэнсе на ноч гледзячы — свой нумар яны пачалі выконваць толькі а 22-й гадзіне.

Артысты «Крывічаў» Алег Рудакоў і Воля Галанава

Артысты «Крывічаў» Алег Рудакоў і Воля Галанава

Уратавала зьмястоўная экскурсія ў дом-музэй Якуба Коласа:

«Мне насамрэч вельмі спадабалася ў Стоўпцах, асабліва расповеды дальняй сваячкі Якуба Коласа, прозьвішча якой, дарэчы, таксама Міцкевіч. Надзвычай цікава расказвала пра дзяцінства пісьменьніка, выдатна цытавала ягоныя вершы, іншыя творы. Адзінае, ня надта было зручна, што ўсё пачалося занадта позна. Мы адтуль вярнуліся ў гатэль, калі было 2 гадзіны ночы. Я ўжо не кажу пра тое, колькі было ў Іркуцку. Паколькі арганізм на беларускі час яшчэ не перабудаваўся, то зраніцы ўстаць і бегчы далей было досыць цяжка. Што тычыцца таго, адкуль былі госьці, што сьпявалі, як сьпявалі, то гэта таксама вельмі цікава. Шчыра кажучы, былі досыць дзіўныя людзі, якіх, тым ня меней, гледачы прымалі з удзячнасьцю. І пры тым, што была практычна ноч. Файна, што вяскоўцы адказвалі такой узаемнасьцю, паважлівасьцю за тое, што да іх хтосьці прыехаў».

Тым часам на іншых пляцоўках ладзіліся тэатралізаваныя дзеі. На падыходзе да парку Перамогі было агароджана месца для рэканструкцыі найважнейшых падзеяў у гісторыі гораду за 10 апошніх стагодзьдзяў. Першымі сваё майстэрства паказалі сябры спэцыялізаваных клюбаў, якія аднавілі антураж рыцарскіх турніраў у часы Вялікага княства Літоўскага. Цешылі вока ня толькі строі саміх ваяроў, але і шыхты збраяносцаў, і падагнаныя гунькі баявых коней.

Рыцар Яраслаў з Мсьціслава

Рыцар Яраслаў з Мсьціслава

Верныя збраяносцы

Верныя збраяносцы

Цікаўныя манахі

Цікаўныя манахі

Па пэрымэтры пляцоўкі быў разьбіты лягер, у якім суседнічалі вайскоўцы наступных эпохаў. У намётах і імправізаваных лязарэтах рыхтаваліся да выхаду на авансцэну салдаты варагуючых армій вайны 1812 году, Першай і Другой усясьветных войнаў. Практычна ва ўсіх выпадках Беларусь была толькі транзытнай тэрыторыяй на шляху заваёўнікаў.

Лязарэт Першай усясьветнай

Лязарэт Першай усясьветнай

Камандзіры і шарагоўцы

Камандзіры і шарагоўцы

А на подступах да Палаца спорту выставілі свае дасягненьні беларускія машынабудаўнікі — ад звыклых трактароў, грузавікоў ды аўтобусаў да аўтарскіх пазадарожнікаў, якіх у сэрыйную вытворчасьць пакуль не пускаюць.

Мазаўская «Доля»

Мазаўская «Доля»

Беларуская «амфібія»

Беларуская «амфібія»

Тут жа раскінуліся дзясяткі гандлёвых намётаў са звыклым шашлычна-піўным асартымэнтам. Дарэчы, адрозна ад хакейнага чэмпіянату сьвету, гарэлка ў разьліў не прадавалася.

За сёньняшнімі мерапрыемствамі назірала вялікая колькасць міліцыянтаў у форме і ў цывільным, а дзеля таго, каб трапіць на нейкую тэматычную пляцоўку, трэба было выстаяць немалую чаргу зь пільным даглядам зьмесьціва торбаў ды кішэняў.

Чарга на пункце дагляду

Чарга на пункце дагляду

Пільны міліцыянт

Пільны міліцыянт

Сьвята ў Малінаўцы

Фотарэпартаж зь сьвяткаваньня Дня гораду ў парку Паўлава, што ў сталічным мікрараёне Малінаўка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG