Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хунта, Расея, Вашынгтон — берасьцейцы пра корань зла на Данбасе


Хто вінаваты ва ўзброеным канфлікце ў Данбасе? На такое пытаньне карэспандэнта Свабоды адказвалі сёньня жыхары Берасьця.


Спадар сярэдняга веку: «Лічу, што вінаваты гэты часовы ўрад, які захапіў... Як кажуць, „хунта“, — цяпер моднае слова. Вядуць карныя апэрацыі замест таго, каб сесьці спакойна за стол перамоваў. Калі людзі хочуць аддзяліцца ці зрабіць фэдэрацыю сваю з сваіх абласьцей, то можна было б дамовіцца. Усё ж такі Данбас — гэта 70 працэнтаў эканомікі Ўкраіны».

Маладая дзяўчына: «Расея вінаватая. Яна пастаўляе ва Ўкраіну зброю, салдат. Каб не пастаўляла, то не было б ужо даўно вайны. Гэтых сэпаратыстаў ужо даўно разагналі б. Колькі Расея туды яшчэ будзе пастаўляць, столькі яшчэ будзе вайна. Я думаю, што яны там надоўга — хочуць аддзерці кавалак Украіны».

Пэнсіянэр: «Сачу я за падзеямі даўно, з часоў Майдану. І радаваўся за Ўкраіну, што вось, будуць жыць яны дэмакратычна, па-эўрапейску. Але тут гэта не па зубах расейскаму імпэрыялізму. Дыктатар Пуцін са сваёй ваеншчынай... Ён жа сваіх дзяцей не адпраўляе туды».

Спадарыня сярэдняга веку: «Вашынгтон вінаваты, хто ж вінаваты... Яны свае войскі там, у Крыме, ставяць караблі свае. Можа, яны свае войскі хочуць паставіць дзе-небудзь на Данбасе. Ну, ня ведаю, Украіна, можа, хоча ў НАТО. Мне падаецца, што там больш бок ЗША вінаваты ў гэтым усім, а не Расея».

Спадарыня сярэдняга веку: «Расея правакуе розныя ваенныя канфлікты ў розных кутках сьвету. І тут чамусьці яны палічылі, што „Крым наш“, што „Наваросія наша“, што і Ўкраіны наогул раней ня было. Гэта такая імпэрская палітыка, калі Пуціну хочацца адрадзіць Савецкі Саюз».

Спадар сярэдняга веку: «Расея, канечне. Яна ўводзіць войскі. Вы самі ведаеце, усё-ткі ці ваяваць з аўтаматам, ці ваяваць зь цяжкім узбраеньнем (маю на ўвазе танкі, гарматы) — гэта зусім іншая справа. Сэпаратысты б доўга ня вытрымалі гэтага. Але пры падтрымцы фінансамі, людзьмі (ваююць рэгулярныя часткі) Расеі... Вось за кошт чаго там застаецца напружанасьць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG