Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Луганск прыбылі грузавікі расейскага «гуманітарнага канвою»


У Луганск сёньня прыбылі першыя грузавікі з расейскай гуманітарнай дапамогай для ўсходу Ўкраіны, паведамляюць расейскія агенцтвы.

Па дадзеных «Інтэрфаксу», дзясяткі грузавікоў стаяць на разгрузцы на адной з прадуктовых базаў. У аўтамабілях прадукты, мэдыкамэнты, вада.

Прадстаўнік Паўднёвага мытнага ўпраўленьня Расеі Раян Фарукшын паведаміў, што аўтамабілі прайшлі расейскі мытны кантроль на мяжы з Украінай. Па словах Фарукшына, усе грузавікі і іх зьмесьціва ўжо аформленыя. «Апошні аўтамабіль са складу канвою пакінуў пункт мытнага кантролю ў пункце пропуску «Данецк», — сказаў Фарукшын.

Два дні таму паступала інфармацыя, што новы расейскі гуманітарны канвой для жыхароў паўднёвага ўсходу Ўкраіны стаіць бяз руху ля мяжы з Украінай у Растоўскай вобласьці. Аб гэтым паведамляў намесьнік кіраўніка МНС Расеі Уладзімер Сьцяпанаў. Ён адзначаў, што затрымка з дастаўкай грузу зьвязана з тым, што ўзгоднены з украінскім бокам папярэдні плян не выконваецца.

Сёньня ж расейскія агенцтвы са спасылкай на прадстаўнікоў Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа перадалі, што супрацоўнікі арганізацыі не суправаджаюць другі гуманітарны канвой МНС Расеі. Раней у МКЧК удакладнялі, што пісьмовай згоды Кіева і Масквы на суправаджэньне грузу супрацоўнікамі камітэту пакуль няма.

Усяго ў складзе расейскага канвою ня менш за 200 грузавікоў.

XS
SM
MD
LG