Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У турме працай аўтарытэту не заробiш


Цэх апрацоўкі мэталу ў вязьніцы

Цэх апрацоўкі мэталу ў вязьніцы

Ці павінны працаваць за кратамі насельнікі вязьніцаў? Многія ўдзельнікі традыцыйнага апытаньня «Свабоды ў турмах» адказалі на гэта станоўча: абавязкова павінны, ГУЛАГу даўно няма і падаткаплатнікам няма чаго ўтрымліваць злачынцаў-гультаёў. У сваю чаргу, большасьць крымінальнікаў пры прапанове адміністрацыі працаваць ідуць у глухую адмову. Нярэдка вымушаныя таксама не працаваць і тыя асуджаныя, якія зусім ня супраць турэмнай працы.

Сёньня пра працоўную занятасьць за кратамі ў Беларусі ды іншых постсавецкіх краінах, а таксама пра тое, ці маюць рацыю тыя нашы апытаныя, якія ўпэўненыя, што ГУЛАГ скончыўся з развалам СССР?

Абрэвіятура ГУЛАГ (Галоўнае ўпраўленьне папраўчых лягераў прымусовай працы) у сьвядомасьці многіх людзей зьвязаная з цэлай рэпрэсіўнай сыстэмай, якая ператварала людзей у рабоў і ахоплівала ня толькі самі лягеры, але і ўсё савецкае грамадзтва.

«Карысьць ад працы ЗК — хіба што пасьля вызваленьня»

Эстонія адна зь першых постсавецкіх краінаў вырашыла пазбавіцца ад савецкай спадчыны — турмаў лягернага тыпу. Каля 10 гадоў таму на поўначы краіны, непадалёк ад Нарвы і за 30 км ад расейскай мяжы быў пабудаваны сучасны комплекс Віру на 1000 вязьняў, у якім упершыню аб’ядналі турэмныя памяшканьні і арыштанцкі дом, па-нашаму — СІЗА. Камфортам, электроннымі сыстэмамі назіраньня ды бясьпекі вязьніца Віру мала адрозьніваецца ад скандынаўскіх турмаў.

Турма Віру ў Эстоніі

Турма Віру ў Эстоніі

Што да занятасьці зьняволеных, то, згодна з афіцыйнай інфармацыяй на сайце турэмнай сыстэмы vangla.ee, на пачатку году ў турме сядзела 776 зьняволеных. Працай была занятая прыкладна палова.

У эстонскім Мін’юсьце ня лічаць, што гэта мала. Бо, паводле закону, працуюць у няволі толькі асуджаныя. Падсьледных, а таксама старэйшых за 64 гады да працы не прыцягваюць. Таксама вызваленыя ад працы навучэнцы, студэнты, хворыя. У міністэрстве адзначаюць, што праца ў турме — гэта свайго роду тэрапія. Асуджаныя пачынаюць ёю займацца толькі пасьля таго, як пройдуць праз сацыяльную праграму, накіраваную на барацьбу са згубнымі залежнасьцямі і ды адхіленьнямі ў паводзінах. ЗК занятыя ў пральні, у цэхах мэтала- ды дрэваапрацоўкі, а апошнія пару гадоў — і ў сартавальна-камплектавальным цэху. Колькасьць гаспадарчых работ у турме, на жаль, абмежаваная, — кажуць пэнітэнцыярыі,— таму існуючая праца падзеленая так, што злачынцы ў асноўным працуюць з частковай нагрузкай.

Камэра ў турме Віру

Камэра ў турме Віру

Паводле прадстаўніцы Міністэрства юстыцыі Марыі-Элізы Туулік, прадукцыя асуджаных ідзе як розьнічным спажыўцам — напрыклад, печкі для лазьняў або будкі для сабак, так і іншым прадпрыемствам — розныя драўляныя ды мэталічныя канструкцыі. Заробкі зьняволеных, як правіла, невялікія, у межах мінімалкі, аднак варта зыходзіць з таго, што вязьні — на поўным пансіёне. Не прыносіць вялікага прыбытку зэкаўская праца і эканоміцы краіны. Лічыцца, што карысьць ад яе для грамадзтва можа праявіцца пасьля вызваленьня — калі былы зьняволены патрапіць жыць у грамадзтве законапаслухмяна і існаваць дзякуючы працы. Галоўная мэта турэмнай працы, паводле эстонскіх адмыслоўцаў, — сфармаваць у асуджанага звычку да працы, каб у яго лепш ішлі справы на волі і ён не ўчыніў бы новага злачынства.

«У Расеі сыстэма сталінскіх лягераў паціху адраджаецца»

Знаўца тэматыкі ГУЛАГу, прафэсар-гісторык Андрэй Зубаў з Масквы мяркуе, што тая сыстэма сталінскіх лягераў, якая, здавалася б, зьнікла ў выніку развалу СССР, усё ж паціху адраджаецца, прынамсі ў Расеі.У якасьці трывожнага сыгналу дасьледчык называе дыскусіі сярод чыноўнікаў пра працу вязьняў на будоўлях Сочы ды Крыму:

Андрэй Зубаў

Андрэй Зубаў

«У цывілізаваных краінах праца за кратамі, авалодваньне нейкай запатрабаванай прафэсіяй — усё гэта на карысьць асуджанаму, бо мае сацыяльна-тэрапэўтычны эфэкт і рыхтуе вязьня да вызваленьня, таксама гэта важны момант у пляне фінансавай незалежнасьці вязьня.

Што тычыцца радзімы ГУЛАГу — СССР, то там зусім іншае разуменьне. Гэта проста рабства. Людзей арыштоўвалі ня толькі за нейкія перакананьні, але і таму, што былі патрэбныя спэцыялісты, якія б працавалі ў цяжкіх умовах — на Поўначы, у Сыбіры ды іншых рэгіёнах... Патрэбная была дармавая працоўная сіла. Тое, што ў Расеі цяпер гавораць пра выкарыстаньне зэкаў у якасьці працоўнай сілы на будоўлях Сочы ды Крыму — гэта працяг той самай савецкай ды постсавецкай мэнтальнасьці чыноўнікаў: маўляў, зьняволены — такая істота, якую можна выкарыстаць, калі не хапае працоўнай сілы. Аналёгіі паміж цяперашняй Расеяй (разам з шэрагам былых савецкіх рэспублік) і СССР — цалкам відавочныя».

Як адзначае Андрэй Зубаў, а ягонай пазыцыі прытрымліваюцца многія іншыя экспэрты, пасьля развалу СССР у турмах на былой савецкай прасторы склалася парадаксальная сытуацыя. З аднаго боку, людзі, якія сядзяць за кратамі сёньня, афіцыйна асуджаныя на пазбаўленьне волі, а прымусовая праца забароненая законам, і таму зьняволеныя маюць права і не працаваць. Зь іншага боку, зэк, які заняты на турэмнай вытворчасьці, нярэдка вымушаны працаваць, як у часы ГУЛАГу, па 14–16 гадзін у суткі, атрымліваючы заробкі значна ніжэйшыя, чым на волі. Хоць паводле закону асуджанаму ЗК за працу належыцца сума, ня меншая за мінімальную зарплату. Вязьні, якія адмаўляюцца працаваць у невыносных умовах за мізэрныя заробкі, зазнаюць рэпрэсіі... Адміністрацыя заўсёды знойдзе парушэньні: напрыклад, ЗК не зашпіліў гузік і г. д. А калі ты злосны парушальнік — значыць, надзеі на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ўжо няма.

Занятасьць вязьняў у Беларусі

Якая сытуацыя ў Беларусі? Зьвернемся да лічбаў. Згодна з палажэньнямі Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі, працай у калёніях павінны быць забясьпечаныя ўсе асуджаныя. Тым ня менш занятасьць зьняволеных у папраўчых установах самая розная. У Івацэвіцкай калёніі — 40–60%, у Навасадах — 80–90%, у Горках ды Мазыры — прыкладна столькі ж, а вось у Воршы гэты паказчык самы нізкі — 20%. Прычына — галоўным чынам адсутнасьць месцаў, а таксама адмова зэкаў-рэцыдывістаў працаваць за мізэрныя заробкі.

Марына Лобава

Марына Лобава

Палітвязень Плошчы, асуджаны Івацэвіцкай калёніі «Воўчыя норы» Эдуард Лобаў, які набываў прафэсійную адукацыю на зоне, на пачатку лета атрымаў спэцыяльнасьць зваршчыка, але працы ў калёніі зь ёй так і не знайшлося. У падобнай сытуацыі і багата іншых ЗК. Маці палітвязьня Марына Лобава ўдакладняе:

«Часам ён выходзіць на так званую „промку“ — на прамысловую зону. Нейкія працы там выконвае, нешта дапамагчы, прыбраць. А зваршчыкам не працуе. Такой працы яму не знайшлося. Але там гэта звычайная рэч. Там навучаюцца і на цырульніка, і на краўца, а працу такую адкуль там узяць? Няма яе».

«Чалавек можа суткамі не выходзіць з майстэрні»

Ёсьць пры калёніях, аднак, вытворчасьці, дзе ў зэках-спэцыялістах адміністрацыя зацікаўленая настолькі, што нават ня хоча зь імі разьвітвацца. Напрыклад, аўтамайстэрні. Тут ужо людзі ня проста заўсёды занятыя, але працуюць, парушаючы ўсе магчымыя нормы Працоўнага кодэксу. Паводле былога асуджанага Івацэвіцкай калёніі Івана Рубанава, «тут сапраўдная рабская праца — вязьні ў майстэрнях фактычна бясплатна робяць якасны рамонт прыватных транспартных сродкаў, якія належаць кіраўніцтву розных РАУС, а таксама зьбіраюць „зь нічога“ рарытэтныя машыны, якія потым трапляюць да розных калекцыянэраў. Афіцыйна на паперах афармляецца заказ дзесьці на 100–150 тысяч рублёў. А робяць на мільёнаў 25–30, калі ня больш. Чалавек літаральна суткам не выходзіць з майстэрні, сьпіць гадзіны па дзьве»

«Гэтым людзям скардзіцца на тое, што яны суткамі сядзяць пад машынамі, атрымліваючы пры гэтым нізкую плату, што адміністрацыя ўвесь час трымае іх пад страхам адмовы ў званках ці спатканьнях і г. д., няма каму», — сьцьвярджае Іван. Да таго ж, у параўнаньні зь іншымі працамі, гэтая мае шмат прывілеяў. Напрыклад, умоўна-датэрміновае вызваленьне. Праўда, толькі ў тым выпадку, калі спэцыяліст знойдзе сабе замену сярод ЗК.

«Тыя, хто хоча зарабіць, працуюць дзьве зьмены»

Былы палітвязень Мікола Аўтуховіч, які да пераводу ў Гарадзенскую турму таксама сядзеў у Івацэвіцкай калёніі, за кратамі прынцыпова не працаваў, бо не хацеў аддаваць грошы ўладзе, якая зьнішчыла ягоны бізнэс. Хоць прапановы з боку адміністрацыі і былі, нават на нейкія «кіроўныя» зэкаўскія пасады, кшталту падлікоўца (учотчыка)... Але адміністрацыя гэта хутка зразумела і не чапала яго. Тым ня менш Аўтуховіча, які не працаваў, зьмясьцілі ў адзін з самых паказальных атрадаў, так бы мовіць, на «працоўным» баку лягера (зона ўмоўна дзеліцца на дзьве часткі — працоўную ды непрацоўную).

Мікола Аўтуховіч

Мікола Аўтуховіч

Аўтуховіч: «Я ведаю, што тыя, хто хоча зарабіць, яны працуюць дзьве зьмены. У нашым атрадзе такія былі, хто заставаўся і на другую зьмену, калі была магчымасьць, каб грошай болей зарабіць. Мяне разьмясьцілі ў атрад, які быў самы выдатны, паказальны. І праца таксама была: рабілі офісную мэблю, дзьве брыгады ёю займаліся, была яшчэ праца. І плацілі добра. Хлопцы па мільёну тады зараблялі, хто ў дзьве зьмены хадзіў. Хоць былі такія, што і на дзесяць пачкаў „Прымы“ не зарабляў за месяц».

Паводле Аўтуховіча, у івацэвіцкай калёніі працоўных атрадаў была прыкладна палова. Але гэта не азначала, што ўсе працавалі: «Недзе толькі працэнтаў трыццаць маюць сталую працу. Зранку сыходзяць, увечары прыходзяць. А ў некаторых была праца такая: сёньня ёсьць што рабіць, заўтра няма, ня пойдзем. Два дні ня ходзяць, тыдзень могуць не хадзіць на працу, бо няма чаго рабіць. Выпадковая праца».

Другая палова калёніі ўвогуле працаваць не жадала і нават лічыла ніжэй за свой гонар штосьці майстраваць.

Аўтуховіч: «Крымінальнікам — ім там паводле статусу нельга працаваць. Іх таксама прымушаюць, але калі яны будуць працаваць, яны ўжо ня будуць „блатнымі“. Ня варта пераступаць цераз гэта, бо тады страціш статус крымінальніка. „Братва“, „блатныя“. Іх таксама нямала. На нашым, працоўным баку іх увогуле ніколі не было, і іх на гэты бок ніколі ня садзяць, бо яны не падпісваюць папераў аб супрацоўніцтве з адміністрацыяй. Але я ведаю, што там ёсьць і такія, хто таксама не падпісваецца, але яны і не высоўваюцца — што блатныя. Яны ня грэбуюць працай і хацелі б працаваць, але працы няма. Гэтыя блатныя не кантачаць зь іншымі блатнымі. Жывуць самі па сабе. Вельмі разумна сябе паводзяць».

Нярэдка гэтыя ЗК адразу дамаўляюцца, каб перавесьціся ў працоўны атрад. Для гэтага трэба заплаціць грошы: ці ты зь першага заробку дасі на тое і тое, каб купіць у атрад тое і тое. «Турэмнікі з гэтага робяць яшчэ і бізнэс».

«У Гарадзенскай турме, — успамінае Мікалай Аўтуховіч, — на тым калідоры, дзе я быў, было пяць рабочых камэр, дзе сядзелі зэкі, якія працуюць. Яшчэ, я ведаю, ёсьць праца ў камэрах — на месцы. Вязьням, якіх па восем-дзесяць у працоўных камэрах, нешта даюць, яны робяць, увечары кантралёры гэта забіраюць. Зэкі яшчэ працуюць у цэхах, дзе прамзона турмы. Штосьці пілуюць, майструюць, што зьвязана зь піламатэрыяламі, са сталяркай».

Пра якасьць

Што да якасьці прадукцыі, то яна розная, сьведчаць былыя зьняволеныя. Тая ж мэбля, напрыклад, якая робіцца на заказ так званым VIP-пэрсонам, адпавядае самым высокім стандартам. А вось прадукцыя для шырспажыву часам не вытрымлівае ніякай крытыкі. Наш карэспандэнт набыў у краме, якая гандлюе зэкаўскімі вырабамі, дзіцячы ложак. Цэны былі сьмешныя, такая ж была і якасьць.

Паводле саміх жа зэкаў, на працу ў калёніях нярэдка кідаюць зусім няздатных людзей. Некваліфікаваная працоўная сіла і ёсьць некваліфікаваная, тым больш у ПК.

«Што савецкая турма, што расейская, што беларуская, што казахстанская...»

Іншы ўдзельнік перадачы, які назваўся Іса, расказаў, што сядзеў у як у савецкай турме, так і ў вязьніцах Беларусі, Расеі, Казахстану. Паводле ягоных словаў, за кратамі нямала самых розных майстроў.

«Вось вазьмі аршанскую зону — там такія рэчы робяць, што вы нават уявіць ня можаце. Там такія разьблёныя штукарствы вырабляюць. У мяне ў самога натура мастака, я люблю выразаць, але там сапраўдныя майстры сядзяць. Нават на лязо нажа накладуць любы надпіс на любой мове».

Іса — чачэнец напалову. Бацька ягоны з Чачні, а маці — беларуска. Сам Іса таксама мае беларускую жонку. Дагэтуль шлюбаў было некалькі. Нягледзячы на адседкі, мае посьпех сярод беларускіх жанчын. Акрамя турэмнага мінулага, за плячыма ў Ісы — вучоба ў Сызранскай ваеннай вучэльні ды служба ў Аўганістане вайсковым лётчыкам. У сваім аповедзе згадвае ён і службу ў Саудаўскай Арабіі.

Як сталася, што па заканчэньні вайсковай кар’еры лёс крута зьмяніўся, Іса ня кажа. Пра адседкі таксама гаворыць ня надта ахвотна. Пры гэтым лічыць, што ўсе постсавецкія турмы падобныя адна да адной. Што расейскія, што беларускія, што казахстанскія. Ва ўсялякім разе, утрыманьне нявольнікаў там мала чым адрозьніваецца. Вось, напрыклад, у казахстанскай калёніі, дзе ён сядзеў, зэкі на промцы сталярнічалі, займаліся мэталаапрацоўкай ды рамонтам машын.

«Там праца ідзе поўным ходам, — запэўнівае Іса. — Там ніяк немагчыма, каб ты не працаваў. Ёсьць там пэўнае кола людзей, якія не абавязаныя працаваць, а так праца ёсьць для ўсіх. Мне ня трэба было працаваць, дык я і не працаваў. Працуючы, ты на зоне аўтарытэту не заробіш. Ну, толькі перад „хозяином“, начальнікам зоны. А перад сваімі — проста трэба быць чалавекам, і тады заробіш аўтарытэт».

На пытаньне, ці можа нявольнік зарабіць на зоне столькі, каб хапіла на бязьбеднае існаваньне, Іса адказвае з усьмешкай: «Можа, калі нічым у зоне ня будзе карыстацца».

Згадвае Іса і кепікі з ахоўнікаў. Напрыклад, распавядае пра нявольніка-мастака, які сядзеў зь ім яшчэ ў савецкай вязьніцы. Той мастак, — кажа чачэнец, — у зоне дзеля сьмеху падрабляў грошы.

Ноччу ходзіць міліцыянт-ахоўнік, мы яму даём дзясятку. Ён на яе пойдзе нам купіць паесьці, курыва. А гэтая дзясятка падробленая

«Ноччу ходзіць міліцыянт-ахоўнік, мы яму даём дзясятку. Ён на яе пойдзе нам купіць паесьці, курыва. А гэтая дзясятка падробленая, — сьмяецца Іса. — Ён з такім майстэрствам падрабляў гэтую дзясятку каляровымі самапіскамі. Толькі дай яму, чым і на чым маляваць. Ён майстар быў сапраўдны. Гэта ў нас такі прыкол быў».

Паводле Ісы, зэкаўскія ўменьні ратуюць розум ад дэградацыі, асабліва калі зьняволеньне працяглае. Разьвіваць іх — адзіны спосаб, каб не атупець, зазначае беларускі чачэнец:

«Я, напрыклад, выразаў з дрэва. Майстры ў нас былі, дык мяне вучылі. Сваёй унучцы выразаў неяк медзьведзяня. Яшчэ адным турэмным хобі было маляваньне. Прасілі мяне маляваць партрэты. Я з фатаграфіі змалёўваў партрэты. Я ноччу іх маляваў, а ўдзень спаў».

У турме Іса шмат чытаў. Адзначае, што ўлюбёнае ягонае чытво — прыгоды ды фантастыка. «Я ў турме ўсяго Дзюма перачытаў. Пачаў быў чытаць Шэксьпіра, дык гэта мне падалося нудным, — згадвае суразмоўца. — Такая нудота, што я закінуў».

Ці чуў, пытаюся ў Ісы, пра палітычных зьняволеных у Казахстане? Ён адказвае, што чуў, але зь імі лёс яго ня зьвёў: «Мы не маглі зь імі сустракацца, іх асобна ад нас трымалі, — кажа ён. — Перапіска зь імі была. Тэлефон, праўда, там не такі, як на волі, а на вяроўцы. Зь імі так мы размаўлялі. Але я ў палітыку ня лезу ніколі. Яны Назарбаева асуджалі. Я дык яго не асуджаю, таму я зь імі ня згодны. Я не аспрэчваю, што ў Казахстане Назарбаеў — гэта адзін з кланаў. Але я Назарбаева паважаю. Як і Лукашэнку. Калі б не Лукашэнка, дык у нас тут жыцьця б не было».

Турма робіць чалавека горшым. Я гэта ведаю, бо пазнаў турму знутры. Я магу забіць любога

Сваёй мовы Іса не забыў. Як і веры. На руцэ мае татуіроўку зь першымі словамі важнай для яго малітвы з Карану. Малітву чытаў і ў турме. Яе прыслаў яму брат: «Я яе па-чачэнску чытаў, але маліцца дык не маліўся. Хлусіць ня буду. Каб маліцца, трэба душой пранікнуцца. Я пакуль да гэтага не гатовы», — прызнаецца Іса.

Суразмоўнік не прамінуў згадаць, што мог загінуць у Аўганістане, але атрымаў толькі цяжкое раненьне. Лічыць, што жыцьцё яму ўратавала якраз татуіроўка з малітваю.

Напрыканцы гутаркі Іса зазначыў, што турма ня можа навучыць добраму. Яна робіць чалавека азлобленым, кажа ён, на ўвесь сьвет:

«Турма робіць чалавека горшым. Я гэта ведаю, бо пазнаў турму знутры. Я магу забіць любога. Мяне вучылі забіваць, але я гэтага не раблю. Я іншым разам баюся самога сябе. Я больш не хачу ў турму. Я хачу свабоды, жыць свабодна і зарабляць свабодна. Я наагул хачу ад усяго гэтага цалкам адыйсьці. Забыць іх. Я ўсё-ткі ў мінулым ваенны лётчык. Хачу паехаць у вёску да сваёй матулі і там у маці асесьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG