Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўла Вінагардава арыштавалі на 15 сутак і аштрафавалі


Павал Вінаградаў, архіўнае фота

Павал Вінаградаў, архіўнае фота

Суд Маскоўскага раёну сталіцы 12 верасьня арыштаваў на 15 сутак актывіста моладзевай ініцыятывы «Зьмена» Паўла Вінаградава за брыдкаслоўе.

Таксама яго пакаралі штрафам у паўтара мільёна рублёў за парушэньне правілаў прэвэнтыўнага нагляду і штрафам у 450 тысяч рублёў за расьпіваньне сьпіртных напояў у грамадзкім месцы.

Паводле сьведак-міліцыянтаў Канцавога і Вярбіцкага, Павал нібыта 11 верасьня піў піва на стадыёне каля пастарунку. Але вядома, што 11 верасьня ён цягам дня знаходзіўся ў пастарунку. Аднак і тут судзьдзя Тацяна Матыль прызнала яго вінаватым. Павал заяўляў адвод судзьдзі, аднак яна яго адхіліла.

Актывіст прызнаў сябе вінаватым толькі ў парушэньні правілаў прэвэнтыўнага нагляду: калі да яго прыйшлі з праверкай міліцыянты, ён выйшаў з дому.

11 верасьня раніцай Павал пайшоў у пастарунак, каб адзначыцца згодна з умовамі прэвэнтыўнага нагляду. Аднак дахаты ён ужо не вярнуўся.

Былы палітвязень Павал Вінаградаў — рэкардсмэн па адвольных затрыманьнях. У сакавіку ён быў асуджаны на 25 сутак арышту і трымаў галадоўку.

У жніўні Вінаградава арыштавалі на 10 сутак. Ён апавёў, што гэта яго 16-я адміністрацыйная справа, і з гэтага ліку 9 былі па абвінавачаньні ў лаянцы.

XS
SM
MD
LG