Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дуня Міятавіч абмяркуе сытуацыю ў Беларусі са свабодай СМІ


Дуня Міятавіч (Dunja Mijatović)

Дуня Міятавіч (Dunja Mijatović)

Афіцыйны прадстаўнік Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) па пытаньнях свабоды сродкаў масавай інфармацыі Дуня Міятавіч наведае Менск 15–16 верасьня.

Яна сустрэнецца зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем і міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч.

Пра гэта паведамілі ў прэс-службе арганізацыі.

На сустрэчах з афіцыйнымі асобамі яна абмяркуе цяперашнюю сытуацыю са свабодай СМІ ў Беларусі.

Міятавіч таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і мас-мэдыяў. Акрамя таго, 15 верасьня яна возьме ўдзел у сэмінары па ўзаемадзеяньні органаў правапарадку і СМІ ў Беларусі, які арганізуюць офіс прадстаўніка АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ і беларускі МЗС.

Офіс па пытаньнях свабоды сродкаў масавай інфармацыі ня раз крытычна выказваўся пра сытуацыю са свабодай мэдыяў у Беларусі. Так, у чэрвені 2014 году Дуня Міятавіч выказала занепакоенасьць у сувязі з павелічэньнем колькасьці штрафаў, накладзеных у апошнія месяцы ў Беларусі на журналістаў, якія не атрымалі афіцыйнай акрэдытацыі.

«Акрэдытацыя не павінна быць ліцэнзіяй на працу, і яе адсутнасьць не павінна абмяжоўваць журналістаў у магчымасьці працаваць і свабодна выказваць сваю думку. Усе журналісты павінны мець такія самыя прафэсійныя правы, як журналісты зарэгістраваных СМІ, уключна з правам на пошук і распаўсюд інфармацыі», — сказала Дуня Міятавіч.

Грамадзянка Босніі і Герцагавіны, экспэрт у пытаньнях заканадаўства аб СМІ Дуня Міятавіч стала афіцыйным прадстаўніком АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ ў сакавіку 2010 году.

XS
SM
MD
LG