Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Людзі прыйшлі на выставу пра Заходнюю Беларусь, і яна адкрылася, — Мельнікаў


Ігар Мельнікаў каля экспанатаў выставы

Ігар Мельнікаў каля экспанатаў выставы

12 верасьня ў Гісторыка-культурным музэі-запаведніку «Заслаўе» адбылося неафіцыйнае адкрыцьцё выставы з прыватнай калекцыі гісторыка Ігара Мельнікава «Заходнебеларуская Атлянтыда. Гісторыя Заходняй Беларусі ў міжваенны час у дакумэнтах, фатаздымках і артэфактах».

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў Ігар Мельнікаў.

«Гэтая выстава не дазволеная і не забароненая. Прыйшло даволі многа людзей, і мы іх пусьцілі. Гэта, можна сказаць, неафіцыйнае адкрыцьцё. Усе, каго мы запрашалі, прыйшлі. Усе задаволеныя. На адкрыцьці выступіў дырэктар. Ні міліцыі, ні прадстаўнікоў мясцовых уладаў не было. Экспазыцыя застанецца, і цягам найбліжэйшых дзён афіцыйныя колы будуць вырашаць, што гэта за маразм з афіцыйнай ідэалёгіяй», — распавёў Ігар Мельнікаў.

За дзьве гадзіны да адкрыцьця ідэоляг Менскай вобласьці праз тэлефон забараніў праводзіць выставу — на той падставе, што нібыта «на другім паверсе музэю небясьпечна з электраабсталяваньнем».

«Насамрэч праводка была замененая ў ліпені і жніўні», — сказаў Ігар Мельнікаў.

Экспанаты выставы

Экспанаты выставы

Два дні таму загадчык упраўленьня ідэалягічнай і культурнай працы Менаблвыканкаму Руслан Трухан, наведаўшы заслаўскі музэй, заявіў, што выстава «ня ўпісваецца ў рамкі савецкай канцэпцыі». Ён заявіў, што тут прыніжаецца роля Савецкага Саюзу праз тое, што падкрэсьліваецца роля беларусаў у верасьнёўскай кампаніі 1939 году«. Ён сказаў, што праводзіць такую выставу непажадана.

Калекцыя Ігара Мельнікава налічвае каля 300 рэчаў і дакумэнтаў. Палова зь іх — арыгіналы, астатняе — копіі. Выстава мелася паказаць ролю ўраджэнцаў Заходняй Беларусі ў верасьнёўскай кампаніі 1939 году, калі Польшча змагалася з нацыстамі.

«У маёй калекцыі — аўтэнтычныя арыгінальныя здымкі заходніх беларусаў міжваеннага часу, вялікая колькасьць дакумэнтаў, шмат пашпартоў, мапы, а таксама вайсковая ўніформа беларускіх палкоў, якія ўдзельнічалі ў баях супраць нацыстаў падчас верасьнёўскай кампаніі. Уніформа хоць і наваробная, але раней такія экспанаты не выстаўляліся ў Беларусі. Таксама ёсьць экспанаты, прысьвечаныя даце 17 верасьня 1939 году, калі пачалося далучэньне Заходняй Беларусі да СССР», — распавёў уласьнік калекцыі, кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў, які шмат гадоў прысьвяціў зьбіраньню рэдкіх экспанатаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG