23 жніўня 1989 году а 19 гадзіне грамадзяне трох гэтых былых савецкіх рэспублік узяліся за рукі і стварылі жывы ланцуг, які злучыў тры балтыйскія сталіцы.
На «Балтыйскі шлях», які расьцягнуўся на 650 км, выйшлі каля 2,5 млн чалавек. Гэтая палітычная акцыя сымбалізавала салідарнасьць народаў у іхнай рашучасьці ліквідаваць наступствы пакту Молатава-Рыбэнтропа.
Амбасадар Літвы Эвалдас Ігнатавічус сказаў, што гэтае сьвята — вельмі вялікае для балтыйскіх дзяржаў і балтыйскага насельніцтва.
«Гэта ня проста лёс 2,5 млн людзей, а асабістая гісторыя кожнага з гэтых людзей. Я памятаю, як стаяў на Шляху з каляскай, у якой ляжаў мой паўгадавалы сын, цяпер ён равесьнік „Балтыйскага шляху“».
Амбасадар Латвіі Міхаіл Папкоўс распавёў, што ў той час працаваў на тэлебачаньні і здымаў «Балтыйскі шлях» зь верталёта.
«Я тады, магчыма, больш, чым іншыя людзі, адчуў маштабнасьць гэтай акцыі», — адзначыў амбасадар Латвіі.
Амбасадар Эстоніі ў Беларусі Майт Марцінсон сказаў, што ў той дзень быў далёка ад сваёй радзімы — служыў у савецкай арміі ў Нагорным Карабаху.
«Я вельмі шкадаваў, што ня мог быць у той час на радзіме і браць удзел у гэтай вялікай акцыі», — сказаў амбасадар Эстоніі.
Дыпляматы трох краін адзначылі, што «Балтыйскі шлях» прывёў іхнія краіны ў ЭЗ і НАТО. «Гэта наша сучаснасьць і наша будучыня», — заявілі тры амбасадары.