Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз палякаў заяўляе, што будзе адстойваць польскамоўнае навучаньне


Старшыня Рады непрызнанага Саюзу палякаў Анжаліка Борыс

Старшыня Рады непрызнанага Саюзу палякаў Анжаліка Борыс

Сябры непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі распачалі ў Горадні збор подпісаў супраць зьменаў у Закон аб адукацыі, паводле якіх навучаньне на польскай мове ў Беларусі можа наагул зьнікнуць. Сябры СПБ перакананыя, што гэта робіцца наўмысна, і абяцаюць прыкласьці ўсе намаганьні, каб такога не дапусьціць.

Старшыня Рады непрызнанага Саюзу палякаў Анжаліка Борыс распавядае, што ў Беларусі цяпер толькі дзьве школы з польскай мовай навучаньня — у Горадні і ў Ваўкавыску. Яна лічыць, што калі новыя папраўкі ў Закон аб адукацыі, распрацаваныя ў Міністэрстве адукацыі, трапяць у парлямэнт і будуць там прынятыя, гэта будзе азначаць аўтаматычнае зьнікненьне польскамоўнага навучаньня:

«На падставе гэтых зьменаў у закон ня толькі геаграфія, „Чалавек і сьвет“, гісторыя будуць выкладацца на адной зь дзяржаўных моў Беларусі. А таксама пералік гэтых прадметаў можа пашырыцца па рашэньні мясцовых уладаў. Факт такі, што, як сьведчыць сытуацыя ў Беларусі, усе гэтыя прадметы будуць выкладацца па-расейску».

Анджэй Пісальнік

Анджэй Пісальнік

Прэсавы сакратар непрызнанага Саюзу палякаў Анджэй Пісальнік лічыць, што гэтыя зьмены ў закон уводзяцца мэтанакіравана — каб скасаваць польскамоўную адукацыю. Ён узгадвае, што два гады таму гарадзенскія ўлады спрабавалі адкрыць у польскай школе расейскія клясы:

«Гэтая сытуацыя тады выклікала пратэсты бацькоў, сябры СПБ ладзілі пікеты супраць ініцыятывы ўладаў, бацькі зьбіралі подпісы. Тады школу ўдалося адстаяць. Зараз улады, відавочна, зьмянілі тактыку і празь зьмену ў заканадаўстве спрабуюць зрабіць тое самае: русыфікаваць польскую школу. Для нас гэта відавочна, бо гэта спроба заканадаўча апраўдаць тое, што гарадзенскія ўлады спрабавалі зрабіць два гады таму».

Старшыня непрызнанага Саюзу палякаў Мечыслаў Яськевіч спрабаваў пайсьці ў польскую школу ў Горадні на бацькоўскі сход, каб распавесьці пра зьмены, якія плянуецца ўнесьці ў заканадаўства, і заклікаць бацькоў выказацца супраць іх. Але дырэктарка не пусьціла яго прысутнічаць на сходзе — на той падставе, што ягоныя дзеці ўжо ў школе ня вучацца.

Мечыслаў Яскевіч

Мечыслаў Яскевіч

Яськевіч вельмі занепакоены тым, што нават многія бацькі дзяцей, якія вучацца ў польскай школе, нічога ня ведаюць пра плянаваныя зьмены ў заканадаўства. Ён заклікаў дырэктарку школы, каб на сходзе яна абвясьціла бацькам пра новую ініцыятыву Міністэрства адукацыі:

«З таго, што я даведаўся, — было ад бацькоў да яе такое пытаньне. А яна адказала, што гэтая ініцыятыва будзе разглядацца да канца кастрычніка, а потым будуць вядомыя канкрэтныя высновы. Я распавёў пра гэта на сходзе СПБ. Людзі вельмі абурыліся: маўляў, як гэта так, школа ж збудаваная на польскія грошы — і цяпер ня стане польскага навучаньня. Сытуацыя такая, што ў Горадні цяпер няма ніводнае беларускае школы, засталіся яшчэ толькі пара школак на польскай мове навучаньня і на літоўскай. Відавочна, іх таксама хочуць зьнішчыць. Што ж, Беларусь цяпер насамрэч фарпост Расеі...»

Анджэй Пісальнік тлумачыць, чаму Саюз палякаў пачаў зьбіраць подпісы ўжо зараз, хоць праект аб плянаваных зьменах можа быць унесены на разгляд у парлямэнт толькі напрыканцы году:

«Калі яго перададуць у Палату прадстаўнікоў, можа ўжо быць запозна пратэставаць, таму СПБ вырашыў пратэставаць зараз, каб само міністэрства як ініцыятар гэтых зьменаў адмяніла гэтыя зьмены. Мы добра ведаем, які маем у Беларусі парлямэнт, і вельмі баімся, што гэты парлямэнт можа ўхваліць нават самае недарэчнае заканадаўства. У гэтым выпадку мы так гэта бачым».

У Міністэрстве адукацыі Беларусі пакуль не ўдалося атрымаць камэнтар пра законапраект. У разьмешчаным на сайце ведамства законапраекце сапраўды гаворыцца:

«У клясах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, установах агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучаньне і выхаваньне ажыцьцяўляюцца на мове нацыянальнай меншасьці, вывучэньне вучэбных прадметаў „Гісторыя Беларусі“, „Сусьветная гісторыя“, „Грамадазнаўства“, „Геаграфія“, „Чалавек і сьвет“ ажыцьцяўляецца на адной зь дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь».

XS
SM
MD
LG