Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі «губэрнатар» скараціў «чумную» зону


Сям’я Ліпецкіх і Віктар Гаўрыкаў, якія жывуць у прыгарадзе Магілёва, атрымалі сёньня асабісты дазвол ад кіраўніка Магілёўскай вобласьці Пятра Рудніка і надалей займацца вырошчваньнем сьвіней. Іхнія вёскі ляжаць у 5-кілямэтровай зоне, акрэсьленай вакол буйных дзяржаўных фэрмаў. З-за падазрэньня на афрыканскую чуму раней вяскоўцам загадалі пакалоць сьвіней.

Андрэй Ліпецкі і ягоная маці Сьвятлана Іванаўна разводзяць сьвіней у асабістай падсобнай гаспадарцы. Сёньня іхную адміністратыўную справу за адмову калоць сьвіней меліся разглядаць у Магілёўскім райвыканкаме. Але так супала, што сёньня ж у гэтым самым райвыканкаме праводзіў прыём наведнікаў магілёўскі «губэрнатар» Пётар Руднік.

Андрэй і ягоная маці здолелі прабіцца на прыём да вышэйшага абласнога начальніка. Андрэй Ліпецкі кажа Свабодзе, што «губэрнатар» асабіста дазволіў ім надалей трымаць сьвіней на сваім падворку:

«Старшыня сельсавету кажа: а як жа 5-кілямэтровая зона? А Руднік кажа, што на заканадаўчым роўні ўжо прапрацавана ці прапрацоўваецца (я дакладна не зразумеў) зьмяншэньне такой зоны да аднаго кілямэтра. І трэба карміць насельніцтва. Бо спыталіся на рынку, пачым сала? Раней было 20 тысяч за кіляграм, а цяпер — 120 тысяч. Розьніца ёсьць.

Мы цяпер трошкі ўздыхнулі».

Дазвол ад Пятра Рудніка — вусны. Таму ў панядзелак Ліпецкія зноўку пойдуць у райвыканкам — атрымаць пісьмовыя дакумэнты аб спыненьні іхнай адміністратыўнай справы.

Сялянам у іхніх клопатах дапамагае праваабаронца Барыс Бухель. Ён тлумачыць:

«Адміністратыўныя камісіі ствараюцца пры органах улады. Таму кіраўнікі гэтых органаў улады — старшыня райвыканкаму, а тым больш старшыня аблвыканкаму — маюць права спыняць адміністратыўную справу. Пакараць самі яны ня могуць, гэта права ўсёй камісіі, а вось спыніць справу могуць.

Я спытаўся ў Ліпецкага: пастанову адміністратыўнай камісіі аформілі? Ён адказвае: не, пратаколу няма. Тады я раю яму быць асьцярожным. „Жалует царь, но не жалует псарь“ — ёсьць такая прымаўка».

Віктар Гаўрыкаў жыве ў вёсцы Сумарокава пад Магілёвам. У яго на бойні адмаўляліся прымаць сьвіней, а на рынку не давалі гандлёвага месца, як і сям’і Ліпецкіх. Абедзьве сям’і раней прадавалі сваіх сьвіней на рынку «Менскім» у абласным цэнтры.

Спадар Гаўрыкаў з жонкай таксама дамагліся прыёму ў Рудніка. Распавялі пра свае справы. «Губэрнатар» паабяцаў: у вас праблемаў болей ня будзе. Выходзьце заўтра гандляваць.

5 жніўня, выступаючы на чарговай нарадзе, Лукашэнка запатрабаваў ад кіраўнікоў усіх узроўняў арганізаваць на сьвінакомплексах прапускны рэжым, «як на ядзерным аб’екце». У адваротным выпадку да вінаватых будуць прымененыя самыя жорсткія меры, аж да крымінальнай адказнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG