Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Рыжкоў: Дактрына Пуціна нагадвае дактрыну Брэжнева


Уладзімер Рыжкоў
Уладзімер Рыжкоў

Калі Менск разарве саюзьніцкія адносіны з Расеяй, Крэмль абавязкова вырашыць пакараць Беларусь: эканамічнымі санкцыямі, палітыкай дэстабілізацыі або нават збройным умяшаньнем. Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў расейскі апазыцыйны палітык Уладзімер Рыжкоў.

Маскоўскія ўлады дазволілі расейскай апазыцыі правесьці 21 верасьня «Марш міру». Як апавёў Рыжкоў, галоўныя патрабаваньня «Маршу міру» — адмова ад умяшаньня ва ўнутраныя справы суседніх дзяржаваў і выкарыстоўваньня расейскай арміі за межамі краіны, а таксама патрабаваньне, каб Расея праводзіла міралюбную зьнешнюю палітыку.

«Калі мы кажам „а“ — што нашы суседзі самастойныя дзяржавы, то трэба казаць і „б“ — паважаць іх права на самастойны выбар. Ні пры якіх абставінах немагчымае сілавое ўмяшаньне, якое вядзе да ахвяраў», — падкрэсьлівае расейскі палітык.

З пункту гледжаньня Крамля краіны постсавецкай прасторы не валодаюць дзяржаўным сувэрэнітэтам

Паводле Рыжкова, сёньняшні курс Крамля прадугледжвае, што наступнай пасьля Ўкраіны ахвярай расейскай агрэсіўнай палітыкі можа стаць любая суседняя краіна:

«Украінскі крызіс, як і раней грузінскі крызіс 2008 году, паказаў, што Крэмль па-ранейшаму лічыць постсавецкаю прастору, за выключэньнем Прыбалтыкі, якая ў свой час уступіла ў ЭЗ і НАТО, сфэрай сваіх інтарэсаў і гатовы жорстка рэагаваць, калі тая ці іншая постсавецкая краіна паспрабуе праводзіць незалежную зьнешнюю палітыку — напрыклад, возьме курс на эўраінтэграцыю ці на збліжэньне з НАТО. У гэтым сэнсе зададзеныя рамкі, зададзены калідор магчымасьцяў для ўсіх краін, уключаючы Беларусь. Гэта азначае, што калі ў нейкі момант Беларусь вырашыць разарваць саюзьніцкія адносіны з Масквой у рамках саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, Мытнага саюзу або Эўразійскага саюзу, то гэта будзе азначаць неадкладныя санкцыі. Як мінімум — санкцыі эканамічныя, як гэта звычайна практыкуецца, у выглядзе забароны на ўвоз прадукцыі, мытных бар’ераў, іншых абмежаваньняў. У горшым выпадку — у выглядзе палітыкі дэстабілізацыі або нават збройных дзеяньняў. У гэтым сэнсе ўкраінскі крызіс — гэта яшчэ адно пацьвярджэньне, што з пункту гледжаньня Крамля краіны постсавецкай прасторы не валодаюць дзяржаўным сувэрэнітэтам. У гэтым сэнсе дактрына Пуціна нагадвае дактрыну Брэжнева, якая была прадэманстраваная ў 1968 годзе ў адносінах да Чэхаславакіі. Сэнс гэтых дактрын аднолькавы: краіны, якія ўваходзяць у сфэру ўплыву, не валодаюць у поўным сэнсе незалежнасьцю і сувэрэнітэтам і за спробы незалежнай палітыкі адразу караюцца».

Прысутнасьць, але не ўварваньне?

На думку Рыжкова, тое, што мы бачым на Данбасе, — гэта гібрыдная вайна: расейскае ўмяшаньне відавочнае, але наўрад ці можна гаварыць пра поўнамаштабнае ўварваньне.

«Я б ня стаў гаварыць пра поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне — гэта быў бы перабор. Але для мяне відавочна, што расейскія вайскоўцы там былі і ёсьць. Гэта прызнаў прэм’ер-міністар „ДНР“ Захарчанка, калі сказаў: так, сярод нас ёсьць расейскія вайскоўцы, ад 4 да 6 тысяч — яны быццам находзяцца ў адпачынку. Таму можна гаварыць пра ваенную прысутнасьць Расеі, але як гэта кваліфікаваць — гэта вельмі складанае юрыдычнае і прававое пытаньне», — лічыць Рыжкоў.

Статус-кво на ўсходзе Ўкраіны захаваецца

Рыжкоў упэўнены, што сёньняшняе статус-кво на ўсходзе Ўкраіны, якое грунтуецца на менскіх дамовах, захаваецца на доўгі час. З аднаго боку, кажа палітык, у Кіева няма магчымасьцяў працягваць вайсковую апэрацыю, з другога боку — Масква таксама ня можа рухацца далей, таму што гэта выклікае наступную хвалю санкцыяў.

Я думаю, што гарачая фаза вайны скончаная і сытуацыя пяройдзе ў фазу замарожанага канфлікту

«Зараз абодва бакі зацікаўленыя ў тым, каб захаваць статус-кво. Для Кіева гэта будзе азначаць страту кантролю на нейкі час ня толькі над Крымам, але і над часткай Данецкай і Луганскай абласьцей. Для Масквы гэта будзе азначаць, што на ўсходзе Ўкраіны зьявіцца чарговая непрызнаная дзяржава, чарговы арыентаваны на Маскву сэпаратысткі анкляў. Я, праўда, не разумею, у чым тут выгада для Расеі ад стварэньня ўсё новых ачагоў напружанасьці, уё новых гарачых кропак. Я лічу, што гэта вар’яцтва. Але, відаць, нехта ў Крамлі лічыць, што такое пакарэньне Ўкраіны выгаднае для Расеі», — адзначае Рыжкоў.

«Я думаю, што гарачая фаза вайны скончаная і сытуацыя пяройдзе ў фазу замарожанага канфлікту, які будзе атручваць адносіны Расеі і Ўкраіны на ўсе бліжэйшыя гады і ў цэлым будзе атручваць сытуацыю зь бясьпекай на ўсходзе Эўропы. Наагул, гэта няўдалае разьвіцьцё падзеяў і для Расеі, і для Ўкраіны, і для Беларусі, і ў цэлым для ўсёй Эўропы», — падкрэсьлівае палітык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG