Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 установаў адмовілі Партыі БНФ у арэндзе залі для зьезду


Зьезд БНФ, 2010 год

Зьезд БНФ, 2010 год

Партыя БНФ пераносіць зьезд на 11 кастрычніка. Прычына — адмова ў арэндзе залі, якую кіраўніцтва партыі атрымала ад 50 устаноў.

Шаснаццаты справаздачна-выбарчы зьезд меўся адбыцца 13 верасьня. На зьезд вылучана 200 дэлегатаў.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч упэўнены, што мерапрыемства такога кшталту ня можа праводзіцца ў цэнтральным офісе партыі, дзе проста фізычна разьмясьціць больш за дзьве сотні чалавек немагчыма. Цяпер кіраўніцтва партыі будзе прасіць прыдатнай для зьезду залі ў Менгарвыканкаму.

«Мы лічым, што зьезд, на якім будуць выбары кіраўнічых органаў, унясеньне зьменаў у праграму партыі і вызначэньне стратэгіі і тактыкі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году, павінен адбыцца належным чынам, у нармальнай працоўнай атмасфэры, у залі, дзе камфортна разьмесьцяцца дэлегаты, госьці і журналісты разам апаратурай. Таму мы будзем дамагацца ад уладаў спрыяньня ў пошуках такой залі. Мы будзем зьвяртацца да кіраўніцтва Менгарвыканкаму з просьбай не ўзгадніць нейкія памяшканьні, як мы рабілі цяпер, але з настойлівай просьбай аказаць судзеяньне.

Зараз, калі мы першымі скантактоўваліся з уласьнікамі памяшканьняў, было бачна, што яны баяцца і пасьля перамоваў у выніку адмаўляюць. Гэта сьведчыць пра тую атмасфэру прыгнечанасьці і страху, у якой апынуліся ня толькі апазыцыйныя партыі, але і ўсё грамадзтва. Уласьнікі памяшканьняў баяцца наступстваў і адмаўляюць у арэндзе. Мы будзем імкнуцца пайсьці іншым шляхам, каб Менгарвыканкам нам, афіцыйна зарэгістраванай партыі, для ажыцьцяўленьня нашай статутнай дзейнасьці паспрыяў. А арэндную плату мы гатовыя плаціць па тых коштах, якія існуюць сёньня на рынку», — кажа старшыня Партыі.

«Каля 50 заляў мы наведалі. У некаторых адразу казалі, што 13 верасьня заля занятая. Але ў большасьці ўстаноў спачатку казалі, што заля вольная, але патрэбны час на ўзгадненьне, і пасьля, зразумела, адмаўлялі, называючы самыя розныя прычыны. Палітычных прычын, аднак, ніхто не называў», — дадае Янукевіч.

Справаздачна-выбарчыя зьезды Партыя БНФ праводзіць раз на тры гады, у асноўным у вялікіх залях дамоў культуры беларускіх прадпрыемстваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG