Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Размова з бандэраўцамі пра жыцьцё, вайну і мір


Помнік Сьцяпану Бандэру ў Львове

Помнік Сьцяпану Бандэру ў Львове

Апошнім часам ангажаваныя мэдыі, і асабліва расейскія, палохаюць сьвет бандэраўцамі. Ня ўласаўцамі, якіх у вайну было нашмат болей, не сэпаратыстамі й тэрарыстамі з крымінальным мінулым, а бандэраўцамі — тымі, хто змагаўся за вольную Ўкраіну. Цяпер гэтае азначэньне згаданыя мэдыі пераносяць на людзей, якія жывуць на захад ад украінскага Дняпра.

На Львоўшчыне наш карэспандэнт гутарыў з бандэраўцамі.

У курортным гарадку Моршын, што пад Львовам, на вуліцы Івана Франка шпацыруе багата народу — хто з Азэрбайджану, хто з усходняй і цэнтральнай Украіны, а хто і зь Беларусі. На адным з будынкаў — плякатны партрэт Сьцяпана Бандэры.

Цікаўлюся ў сталага веку мясцовага ўкраінца: ці ня крыўдна, калі іх, заходнікаў, называюць «бандэраўцамі?» І як пры гэтым яны ставяцца да прыежджых — тых, хто наведвае іхнія мясьціны?

«Якое стаўленьне бандэраўцаў да іншых людзей: гавары па-расейску, гавары па-ўкраінску — гавары па якому хочаш. Ніхто нікога не прыцясьняў, колькі тут курорт існуе. І цяпер ніхто нікога не прышчамляе. Усе жывуць спакойна. У нас людзі мірныя, у нас людзі спакойныя — яны такія ёсьць. Ну, быў такі Сьцяпан Бандэра. Ён ваяваў за незалежнасьць Украіны. Такое прозьвішча ў яго было. Як і ў расейца — Уласаў. Але Ўласаў быў здраднікам, ён здрадзіў сваёй Бацькаўшчыне. А Бандэра ваяваў за сваю зямлю, таму ёсьць розьніца, і вялікая розьніца. Бандыты — гэта тыя, хто прыходзіць незапрошаны. А тыя, хто абараняе сваю краіну, сваю зямлю, сваіх бацькоў і дзяцей, — гэта шаноўныя людзі. Людзі, якія адстойваюць свае правы».

Суразмоўца моцна перажывае за сытуацыю на паўднёвым усходзе Ўкраіны, дзе пры падтрымцы Расеі сэпаратысты распачалі сапраўдную вайну. І спыніць яе можна, як мяркуе ўкраінец, дагрукаўшыся да розуму хцівых палітыкаў. У іншым разе — патрэбна сіла:

«Толькі розум, толькі калі апэляваць да розуму, калі хтосьці дагрукаецца да яго, то можна спыніць вайну. Інакш — толькі сіла на сілу. Але мы ня маем такой сілы. У нас бракуе зброі, няма чым ваяваць. Часам нават няма ў што адзець салдат. Усё, што было раней, распрадалі, раскралі. Наагул наша Ўкраіна не рыхтавалася да вайны. Расейцы — тыя ўсё новую зброю куюць і куюць. Калі б не вайна, то, можа, эканоміка Ўкраіны была б мацнейшая. Яцанюк наш — разумны чалавек, і прэм’ер добры. Ён, магчыма, зрабіў бы нешта лепш. Але ж бачыце, куды грошы ідуць — выстрэльваюцца мільёны. Ідзе ўсё ў паветра, ды яшчэ забірае жыцьці людзей».

Украінец перакананы, што канец зачыншчыкаў вайны будзе бясслаўны. Забраныя жыцьці і людзкія сьлёзы абернуцца паразай. За канфліктам жа ў Данецку і Луганску тырчаць імпэрскія амбіцыі нашчадкаў бальшавізму:

Калі ўзяць тыя вобласьці, то там у 1933 годзе людзей голадам вынішчылі. І засялілі шмат расейцаў

«Калі ўзяць тыя вобласьці, то там у 1933 годзе людзей голадам вынішчылі. І засялілі шмат расейцаў. Там сапраўды ёсьць карэнныя расейцы, але ж жывуць яны ва Ўкраіне. Я разумею так: калі ты жывеш у гэтай краіне, ты мусіш падпарадкоўвацца яе законам. Куды б я ні прыехаў — у тую ж Амэрыку, я мушу прымаць тое, што ёсьць там. Я не прыходжу са сваімі законамі ў чужую дзяржаву і не кажу: мне так! Было спакойна, але ж правакацыі і ўсё такое. Пуцін хоча, відаць, праславіцца, але ён не праславіцца. Не праславіцца ён такім чынам».

Зіновію Багдану 71 год, ён былы галоўны інжынэр аднаго з прадпрыемстваў. На той жа вуліцы Франка зьбірае ахвяраваньні на падтрымку ўкраінскага войска. Празрыстая скрыня з грыўнямі і дзясяткам пячатак афіцыйнай адміністрацыі і грамадзкіх арганізацыяў, жоўта-блакітны сьцяг на шастку, фатаздымкі герояў «нябеснай сотні», сярод якіх і наш зямляк Міхаіл Жызьнеўскі. І тут жа партрэт мясцовага маладога мужчыны, які загінуў нядаўна ў антытэрарыстычнай апэрацыі на паўднёвым усходзе Ўкраіны.

Зіновій Багдан на пікеце

Зіновій Багдан на пікеце

Размаўляю з пэнсіянэрам па-беларуску — ён выдатна разумее. Адказвае, натуральна, па-ўкраінску:

«Я ўжо сам да арміі непрыдатны, але хачу быць удзельнікам, быць патрэбным. Толькі з царквы выйшлі — больш за гадзіну маю. Я не ваяр. Зараз хлопцы маладыя прыйдуць, зьменяць мяне. Потым іншыя. Пастаянна прыходзяць. Тут мы зьбіраем пераважна грошы, а ў харчовых крамах — грошы і прадукты. І вось нядаўна перадалі на армію 154 тысячы».

Пэнсіянэр кажа, што арміі патрэбна рэальная дапамога, бо рэжым нядаўняга прэзыдэнта Януковіча абакраў Украіну, і асабліва яе ўсходнюю частку:

«Рэальная ёсьць патрэба, бо бачыце, якая нам дзяржава дасталася пасьля Януковіча, гэтага бандыта. Бандыт жа натуральны! І злодзей. Абакраў Данбас, абакраў усходнюю Ўкраіну — і ўцёк, кінуў людзей на згубу. Дзяржава бедная, абкрадзеная. Але патроху, патроху — і пераможам. Я няхай ня дужы, але ўсіх жа нас сорак мільёнаў. Кожны стане — і пераможам. Бо трывожна. Я маю дзяцей, унукаў. Сын быў там, на ўсходзе, тры тыдні. Дзякаваць Богу, вярнуўся. Спатрэбіцца — і зноў пойдзе туды, на фронт. Не зьбіраемся мы нічога нікому аддаваць. Стаім да апошняга. Во хлапчына загінуў наш, моршынскі. Шэсьць дзён таму хавалі яго. Партрэт яго тут стаіць».

Сябе Зіновій лічыць бандэраўцам. Кажа, што дзед ваяваў ва Ўкраінскай паўстанцкай арміі і загінуў у 1947 годзе. Бацька загінуў у 1949-м — змагаўся да апошняга. Бацькавага брата з прастрэленай нагою саветы захапілі ў палон — далі 25 гадоў турэмнага зьняволеньня, адбыў 18. Чатыры бацькавы сястры таксама сядзелі — па дзесяць гадоў.

Усё адно мы памрэм калісьці. Хто ў баі, а хто ад алькагалізму ці ад наркотыкаў

«Уся радня ваявала. Мы адстойвалі сваё, мы нікога не заваёўвалі. Гэта ж наша, сваё. Богам дадзеная Ўкраіна — паглядзіце, якая яна прыгожая, наша Ўкраіна. Чаму я маю яе камусьці аддаваць? Усё адно мы памрэм калісьці. Хто ў баі, а хто ад алькагалізму ці ад наркотыкаў. Доля тут у кожнага. Але хвала таму, хто ў баі за радзіму загінуў, таму ён і лічыцца героем. А Пуцін — чаго ён прыйшоў нас забіваць? Мы ж славяне. І ён кажа, што славянін. Я — грэка-католік. У нас тут і праваслаўныя храмы ёсьць. І жывём тут мы ў міры і згодзе. А ты забіваеш сваіх адзінаверцаў і суайчыньнікаў. Ну, нягоднік, бандыт — разумееце».

Зіновій згадвае, што пры расейскім рэжыме ён з камуністамі будаваў сьветлую будучыню.

«І пры расейцах тут жылі. І я з камуністамі будаваў сьветлую будучыню. Я шчыра хадзіў на працу, працаваў, хоць і ня меў асаблівых ілюзіяў. Я ведаў, дзе мая радня і дзе яны загінулі. Я ніколі ня быў у партыі, але мяне яны трымалі, бо працаўнік ім трэба быў. Трэба было ж камусьці працаваць, каб дагнаць Амэрыку. (Сьмяецца). Потым сталася так, што камуністы ўсё гэта развалілі, і я застаўся пры сваіх інтарэсах. Яны маюць мільярды, а я — нічога».

Цяпер пэнсіянэр Зіновій ня хоча «сьветлай будучыні». Погляды яго скіраваныя найперш у Эўропу, дзе, як ён кажа, тыя ж немцы, напрыклад, ня «сьветлую будучыню» будавалі, а сваю дзяржаву:

«Я хацеў бы, каб мае ўнукі жылі так, як немцы ў Нямеччыне. І мелі такую дзяржаву — эўрапейскую, цывілізаваную. Каб яна была дэмакратычная, каб не было там карупцыі. Каб не перасьледавалі мяне за свабоду. Такога я хачу. І хачу, каб мае ўнукі так жылі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG