Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты: адзіная беларуска-расейская віза больш выгодная Маскве


Беларусь і Расея не вядуць новых перамоваў пра адзіную візу Саюзнай дзяржавы. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык. Так ён пракамэнтаваў учорашняе выказваньне дзяржсакратара саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі Рыгора Рапоты пра тое, што ў рамках гэтага інтэграцыйнага фармаваньня можа быць створаны «нейкі аналяг шэнгенскай візы».

Інфармацыя пра стварэньне адзінай візы ў межах так званай саюзнай дзяржавы прагучала з вуснаў Рыгора Рапоты ў Ніжнім Ноўгарадзе на бізнэс-саміце:

«У нас сапраўды пры высокай ступені інтэграцыі візавая палітыка ў кожнага свая. І гэта стварае пэўныя нязручнасьці бізнэсу... Карацей кажучы, праблемы ёсьць».

Чыноўнік заявіў, што на гэты конт ён ужо правёў кансультацыі ў зьнешнепалітычных ведамствах Расеі і Беларусі. І дадаў, што «цяпер гэтае пытаньне прапрацоўваецца. Думаю, што сёлета будуць нейкія першыя сыгналы на тое, наколькі рэальна гэта зрабіць».

Дзьмітры Мірончык

Дзьмітры Мірончык

Дзьмітры Мірончык, камэнтуючы гэтыя выказваньні, заявіў, што хацеў бы «трохі ўдакладніць тыя ацэнкі, якія даў Рыгор Аляксеевіч Рапота»:

«Пры высокай ступені інтэграцыі Беларусьсю і Расеяй пасьпяхова праводзіцца скаардынаваная візавая палітыка. А ступень каардынацыі нашых дзеяньняў увесь час расьце. І мы над гэтым працуем. Праўда, пра ступень каардынацыі ўспамінаюць толькі тады, калі маюць месца „гучныя“ адмовы ва ўезьдзе ў Беларусь альбо Расею палітыкам ды іншым дзеячам, якія не заўважаныя, мякка кажучы, у сяброўскім стаўленьні да нашых краінаў... Што тычыцца якой-небудзь новай беларуска-расейскай дамовы па дадзеным пытаньні, то падобныя перамовы цяпер не вядуцца».

Расея хоча кантраляваць усё ў Беларусі,— мяркуе палітоляг Алесь Лагвінец:

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

«У тым ліку, зразумела, памежныя і мытныя органы. І, вядома, гэтая ідэя ўзьнікла ня проста так. Гэта — адзін з кірункаў таго, чаго б хацела Расея ад Беларусі. А візавая палітыка, так ці інакш, — адзін з атрыбутаў дзяржаўнасьці. І гэта азначае, што наша краіна можа паводзіць сябе па-іншаму, чым Расея, адносна грамадзянаў трэціх краінаў. Расейцы гэтага не хацелі б.

Мы бачым, што пакуль МЗС Беларусі спусьціў гэта на тармазах. Але гэтая тэндэнцыя вельмі небясьпечная».

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Палітоляг Андрэй Фёдараў называе ідэю спадара Рапоты «ня вельмі добрай»:

«Камусьці гэта будзе зручна, словаў няма. А камусьці — нязручна. І мне здаецца, што калі ў пляне бізнэсу і ў турыстычным пляне тут можна атрымаць нейкія выгоды, то палітычна — наадварот. І тут трэба глядзець, што для нас больш істотна. На мой погляд, Беларусь, якая мае непараўнальна меншыя памеры, чым Расея, ад гэтага вялікіх выгодаў мець ня будзе. А вось Расея — будзе».

XS
SM
MD
LG