Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цягам трох дзён — ад 12 да 14 верасьня — у Менску і Менскай вобласьці пройдуць імпрэзы ў рамках Другога фэстывалю мастацтваў беларусаў сьвету.

У пятніцу беларусы з 18 краін праедуцца з канцэртамі па аграгарадках, у суботу будуць выступаць на адкрытых пляцоўках сталіцы падчас сьвяткаваньня Дня гораду, а ў нядзелю адбудзецца гала-канцэрт творчых калектываў беларусаў замежжа на сцэне Беларускай дзяржаўнай філярмоніі.

Міхаіл Рыбакоў

Міхаіл Рыбакоў

Дырэктар Рэспубліканскага цэнтру нацыянальных культур Міхаіл Рыбакоў апавёў, што з улікам творчага статусу фэстывалю паўстала складаная задача адбору кандыдатаў — ахвотных прадэманстраваць свае здольнасьці на гістарычнай радзіме было нашмат больш, чым дазваляюць магчымасьці арганізатараў:

«Зразумела, што складана было адбіраць, бо заявак дасылалі вельмі шмат. Але паколькі немагчыма абняць неабдымнае, так ці інакш для кожнай краіны была вызначаная пэўная квота, і калектывы, каб трапіць сюды ў Беларусь, вытрымлівалі між сабой дастаткова сур’ёзнае спаборніцтва. Ня буду хаваць: нават на ўзроўні амбасадаў урэшце даводзілася вызначаць лепшых, што атрымалі магчымасьць прыехаць сюды. Дарэчы, адрозна ад папярэдняга фэстывалю, гэтым разам будуць прадстаўленыя ня толькі ансамблі ці асобныя выканаўцы, але і мастакі, і фотамастакі, і народныя майстры. Нават дадаліся намінацыі з клясычных твораў. Іншымі словамі, гэта ўжо і опэрныя сьпевакі, і піяністы, то бок людзі з прафэсійнай адукацыяй, якія дасягнулі дастаткова высокіх паказьнікаў, высокага ўзроўню за мяжой».

Натальля Задзяркоўская

Натальля Задзяркоўская

Першы фэстываль мастацтваў беларусаў сьвету адбыўся ў 2011 годзе ў межах іншай культурніцкай падзеі — «Славянскага базару». Экспэрымэнт, на думку прадстаўніцы Міністэрства культуры Беларусі Натальлі Задзяркоўскай, прызналі ўдалым, пра што сьведчыць істотна пашыраны склад удзельнікаў сёлетняга мерапрыемства:

«Фэстываль праходзіць усяго другі раз, але нават у параўнаньні зь першым, які ладзіўся тры гады таму, дэманструе вялікую цікавасьць нашых суайчыньнікаў да ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве. Так, сёлета ў нас будзе блізу 250 удзельнікаў з 18 краін сьвету. Адзначу, што Першы фэстываль мастацтваў сабраў 12 дзяржаў. Такім чынам, пашыраецца як геаграфія выступоўцаў, так і іх колькасьць. Што тычыцца непасрэдна ўдзельнікаў, то гэта прадстаўнікі як нашых краінаў-суседзяў, так і аддаленых рэгіёнаў. Напрыклад, прыедуць да нас суайчыньнікі з Аргентыны, Мэксыкі, будуць прадстаўнікі Гішпаніі, Італіі, Францыі. Дастаткова цікавыя калектывы, досыць адметныя працы. Таму хачу запрасіць наведаць гала-канцэрт нашых калектываў у Белдзяржфілярмоніі, які адбудзецца ў нядзелю, ад 15-й да 17-й гадзіны».

Уладзімер Шугля

Уладзімер Шугля

Адна з самых прадстаўнічых творчых дэлегацыяў традыцыйна прыедзе з Расеі, перадусім — з сыбірскага рэгіёну, дзе за апошнія паўтары сотні гадоў з розных прычынаў аселі тысячы беларусаў. Як кажа ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у Цюмені, кіраўнік холдынгавай кампаніі «Гандлёвы дом „Мангазея“» Ўладзімер Шугля, «глыбокая замарозка» краю дазволіла праз пакаленьні захаваць аўтэнтычны дух Беларусі:

«Мала таго, што я сам сюды прыляцеў, адкінуўшы ўсе справы, прывезьлі мы сюды і наш калектыў зь Вікулаўскага раёну, фактычна з глухой таёжнай вёскі. Гэты ансамбль — сапраўдны носьбіт беларускіх традыцыяў, беларускай мовы. Часьцяком здараецца так, што калі яны сьпяваюць, нават беларусы, якія іх слухаюць, прызнаюцца: а мы такіх выразаў ужо ня памятаем. То бок яны захавалі яшчэ тую беларускую мову, дыялект свайго рэгіёну, калі іхнія продкі ў 1895–99 гадах першымі пачалі зьяўляцца ў Сыбіры. Дарэчы, называецца тая хваля „самаходы“. Таму што, уявіце сабе, у пошуках лепшай долі яны шлі зь Беларусі на колах, са сваімі дзеткамі, са сваім сьціплым скарбам. Раскарчоўвалі тайгу, закладалі дамы, і сёньня ўжо там, у гэтых вёсках, жыве чацьвёртае-пятае пакаленьне беларусаў. Дзякуй богу, яны захаваліся. Таму паслухайце, паглядзіце».

Любоў Богнат

Любоў Богнат

Народныя беларускія калектывы паслаў у Менск і Казахстан. Старшыня культурнага цэнтру «Беларусь» Любоў Богнат, чые бацькі ў свой час паехалі ўздымаць цаліну са Століншчыны і там засталіся, апавядае, што тамтэйшыя беларусы рупліва захоўваюць традыцыі продкаў:

«У гэтым годзе беларусы, якія жывуць у Казахстане, згодна з архіўнымі зьвесткамі, адзначаюць знакавую дату — 105 гадоў ад зьяўленьня першых беларускіх пасяленьняў на гэтай тэрыторыі. Старажытная казаская зямля гасьцінная, ужо некалькі пакаленьняў беларусаў асвойвае гэтую прастору. Але магу сказаць, што сыстэма ўзаемаадносінаў і супрацоўніцтва зь Беларусьсю пашыраецца. 20 гадоў таму быў створаны кансультатыўна-дарадчы орган — Асамблея народаў Казахстану. Паколькі ў Казахстане пражывае больш за 130 нацыянальнасьцяў, кожнаму народу было прапанавана ўспомніць сваю мову, гісторыю, адраджаць традыцыі, абрады, культуру, прапагандаваць гэта сярод іншых народаў. Вось гэта нас усіх зьяднала, зблізіла. І хоць мы жывём далёка, але братэрскай сілай любові мы аб’яднаныя, молімся і перажываем за абедзьве краіны».

Уладзімер Ламека

Уладзімер Ламека

Доўгія гады прадстаўнікі беларускіх дыяспараў наракаюць на адсутнасьць заканадаўчай базы, якая б акрэсьлівала абавязкі цэнтру што да падтрымкі землякоў за межамі краіны. Намесьнік упаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Уладзімер Ламека запэўніў, што неўзабаве гэтая хіба будзе выпраўленая:

«Многія ведамствы працуюць з суайчыньнікамі дзеля прапаганды іхнай працы ў сьвеце, дзеля наладжваньня плённых сувязяў, супрацоўніцтва. Апошнім часам задачай стаіць ня толькі рэалізацыя культурна-масавых, інфармацыйных, дабрачынных стасункаў, але і наладжваньне сувязяў эканамічнага парадку. Гэта тычыцца і вяртаньня суайчыньнікаў у нашу дзяржаву — нам патрэбныя працоўныя рукі, і мы заўсёды будзем вітаць сваіх людзей. Карацей, праца ў гэтым кірунку будзе шырыцца, і ў сувязі з гэтым, як вы ведаеце, ужо хутка ў дзеяньне ўступіць закон „Аб суайчыньніках за мяжой“, што нам дасьць яшчэ большы стымул для разьвіцьця такога супрацоўніцтва ў будучым».

13 верасьня ў часе працы фэстывалю адбудзецца пятае паседжаньне Кансультатыўнай рады ў справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры. На яго запрошаныя кіраўнікі і актывісты беларускіх суполак, якія ў фармаце «круглага стала» прапануюць чыноўнікам сваё бачаньне пашырэньня кантактаў з мэтраполіяй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG