Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйныя асобы Эўразьвязу кажуць, што новыя санкцыі супраць Расеі за яе ролю ў канфлікце ва Ўкраіне ўступяць у сілу 12 верасьня.

Пашырэньне санкцый адбудзецца пасьля публікацыі адпаведнага рашэньня ў Афіцыйным бюлетэні ЭЗ.

Санкцыі ўключаюць у сябе забарону на крэдыты і фінансаваньне з краінаў ЭЗ для буйных расейскіх энэргетычных кампаній, такіх як Роснефть, Транснефть і Газпром Нефть.

Захады былі ўзгоднены лідэрамі ЭЗ у кулюарах саміту НАТО 5 верасьня і афіцыйна зацьверджаныя ў Брусэлі 8 верасьня.

Аднак публікацыя рашэньня была адкладзеная, каб даць час для ацэнкі ажыцьцяўленьня пагадненьня аб спыненьні агню на ўсходзе Украіны паміж Кіевам і прарасейскімі сэпаратыстамі.

ЭЗ заявіў, што санкцыі могуць быць прыпыненыя, калі Масква ўшануе ўмовы спыненьня агню і выведзе свае войскі з тэрыторыі Украіны.

Афіцыйныя асобы ў Брусэлі паведамілі Радыё Свабода, што ЭЗ будзе сачыць за спыненьнем агню і за мірным працэсам, і што санкцыі ЭЗ супраць Расіі могуць быць скарочаныя, калі агляд у канцы верасьня адзначыць пазытыўныя крокі з боку Масквы.

Расея адкідае абвінавачваньні з боку ЭЗ, Кіеву і НАТО, што паслала ва Ўкраіну сваіх вайскоўцаў і зброю, каб умацаваць сэпаратыстаў, якія змагаюцца супраць урадавых сілаў ў Данецкай і Луганскай абласьцях.

Высокапастаўлены чыноўнік НАТО ў канцы жніўня заявіў, што Расея паслала больш за 1000 сваіх салдатаў на тэрыторыю Украіны разам з танкамі, бронетранспарцёрамі, ракетнымі пускавымі ўстаноўкамі Град.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка 10 верасьня заявіў, што Расея вывела 70% сваіх войскаў з Усходняй Украіны.

Але афіцыйны прадстаўнік НАТО 11 верасьня сказаў, што ва ўсходняй Украіне да гэтага часу знаходзяцца як мінімум 1000 расейскіх вайскоўцаў.

Іншым патэнцыйным ударам па мірных намаганьнях Кіеву сталася заява аднаго з сэпаратысцкіх лідэраў, Аляксандра Карамана, што прапанова Парашэнкі надаць «асаблівы статус» некаторым раёнам Данецкай і Луганскай абласьцей успрымаецца сэпаратыстамі як недастатковая.

Караман, намесьнік прэм’ер-міністра самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі, заявіў 9 верасьня, што сэпаратысцкі ўрад вырашыў, што любыя перамовы з Кіевам павінны «грунтавацца на прынцыпе сувэрэнітэту Данецкай народнай рэспублікі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG