Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская служба «Свабоды» адзначыла 60-годзьдзе выхадам кнігі


Алена Рэмоўская

Алена Рэмоўская

Украінская служба Радыё Свабода выдала кнігу, прысьвечаную свайму 60-годзьдзю. Аўтарам кнігі «Гаворыць Радыё Свабода: Гісторыя ўкраінскай рэдакцыі» стала маладая журналістка службы Алена Рэмоўская.

Кніга выйшла ў сьвет у выдавецтве «Києво-Могилянська академія». Яе прэзэнтацыя адбудзецца 12 верасьня на Міжнародным форуме выдаўцоў у Львове. Аўтарка кнігі распавяла пра гісторыю яе стварэньня.

16 жніўня 1954 году ў эфіры Радыё Свабода выйшла першая праграма ўкраінскай службы.

«Ідэя зьявілася яшчэ пару гадоў таму, — апавядае пра сваю кнігу Алена Рэмоўская. — Хацелі падрыхтаваць дасьледаваньне пра гісторыю ўкраінскай рэдакцыі, якое, магчыма, выйдзе і ў выглядзе кнігі». У выніку кніга выйшла ў сьвет.

Да таго ўкраінская рэдакцыя ня мела больш-менш поўнай характарыстыкі ключавых пэрыядаў сваёй дзейнасьці. І кніга, адпаведна, складаецца з разьдзелаў, якія гэтыя пэрыяды асьвятляюць«.

Мы папрасілі саму аўтарку вылучыць найбольш цікавыя і важныя, на яе думку, пэрыяды дзейнасьці службы.

«Найцікавейшы пэрыяд — гэта шасьцідзясятніцтва, ці „справа дысыдэнтаў“. Рэальна ў тыя гады, пачынаючы з сярэдзіны 60-х і да сярэдзіны 80-х гадоў, Радыё Свабода было адным з тых вельмі нешматлікіх сродкаў масавай інфармацыі, якія распавядалі пра справы, заведзеныя супраць гэтых людзей, пра тое, як яны адбываюць пакараньне ў высылцы ці ў лягерах. У Савецкім Саюзе пра гэта не гаварылі. І касьцяк аўдыторыі Радыё Свабода сфармаваўся якраз тады.

Ня менш цікавы пэрыяд — калі ўкраінская рэдакцыя толькі стваралася. Пра яго няшмат вядома, і тыя дадзеныя, якія выкладзеныя ў кнізе, фактычна ўпершыню публікуюцца.

З найпазьнейшых пэрыядаў, калі мы пару гадоў таму плянавалі гэты досьлед, — ніхто сабе ўявіць ня мог, што давядзецца дадаваць у яго разьдзел пра Эўрамайдан і пра анэксію Крыму».

Алена Рэмоўская распавядае, што да зьяўленьня такога досьледу дзейнасьць украінскай службы, на жаль, не была добра дакумэнтаваная. Цяпер ёсьць спадзеў, што архівы будуць апрацоўвацца як мае быць.

«Дадзеныя пра першы пэрыяд я фактычна зьбірала з прэсы дыяспары, бо супрацоўнікаў, якія пачыналі, ужо большасьці няма ў жывых. Аўдыёархіваў таксама няма. Таму было вельмі складана. Але прэса дыяспары пра гэта распавядала.

Я спадзяюся, што будзе яшчэ магчымасьць знайсьці шмат якія новыя і нечаканыя аспэкты», — кажа Алена Рэмоўская.

Прэзэнтацыя кнігі Алены Рэмоўскай «Гаворыць Радыё Свабода: Гісторыя ўкраінскай рэдакцыі» адбудзецца 12 верасьня аб 11 гадзіне ў «Галерэі Матэйка» Львоўскай палітэхнікі.

Stepana Bandery street, 12, Lviv, Lviv Oblast, Ukraine
Stepana Bandery street, 12, Lviv, Lviv Oblast, Ukraine

XS
SM
MD
LG