Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лідзе асьвяцілі падзячны мэдальён Канстанціну Астроскаму


Падчас урачыстага асьвячэньня падзячнага мэдальёна Канстанціну Астроскаму на лідзкай царкве Георгія Пераможцы

Падчас урачыстага асьвячэньня падзячнага мэдальёна Канстанціну Астроскаму на лідзкай царкве Георгія Пераможцы

Урачыстае асьвячэньне адбылося ля царквы Георгія Пераможцы, на сьцяне якой і прымацаваны мэдальён.

Настаяцель царквы айцец Расьціслаў правёў малебен, распавёў вернікам пра тое, чаму праваслаўная царква шануе асобу Канстанціна Астроскага, і зазначыў, што якраз гэты дзень — 11 верасьня — дзень ягонага скону.

Асьвячэньне адбылося адразу пасьля літургіі. Айцец Расьціслаў выйшаў разам зь вернікамі да месца, дзе прымацаваны падзячны мэдальён Канстанціну Астроскаму. Усе разам памаліліся, а потым айцец Расьціслаў пакрапіў мэдальён сьвятой вадой і распавёў прысутным пра заслугі Канстанціна Астроскага перад Бацькаўшчынай і праваслаўнай царквой.

Настаяцель царквы Георгія Пераможцы ў Лідзе айцец Расьціслаў (Салаўёў)

Настаяцель царквы Георгія Пераможцы ў Лідзе айцец Расьціслаў (Салаўёў)

Айцец Расьціслаў: «Ён найперш шмат зрабіў дзеля таго, каб межы нашае радзімы былі абароненыя. А для праваслаўнае царквы пры ім было адчынена шмат новых храмаў. Ён быў па-сапраўднаму веруючым чалавекам, заўсёды наведваў храм, маліўся і шмат зрабіў дзеля таго, каб вера праваслаўная існавала на нашых землях. І нездарма ж яго цела пахавана ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Гэта шмат пра што сьведчыць...»

Настаяцель царквы Георгія Пераможцы айцец Расьціслаў Салаўёў асьвячае падзячны мэдальён Канстанціну Астроскаму

Настаяцель царквы Георгія Пераможцы айцец Расьціслаў Салаўёў асьвячае падзячны мэдальён Канстанціну Астроскаму

На ўрачыстасьці прысутнічаў старшыня Лідзкага ТБМ Станіслаў Суднік. Айцец Расьціслаў падзякаваў яму за ідэю ўсталяваць мэдальён і за вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы да гэтай падзеі. Суднік атрымаў слова перад вернікамі, яўна хвалюецца і распавядае пра Канстанціна Астроскага — гетмана найвышэйшага Вялікага Княства Літоўскага, ягоныя цноты і заслугі. Урэшце кажа, што пасьля таго як бацюшка асьвяціў мэдальён, дыхаць стала лягчэй.

Выступае кіраўнік Лідзкага ТБМ Станіслаў Суднік

Выступае кіраўнік Лідзкага ТБМ Станіслаў Суднік

Пазьней ён распавёў, што ў нядзелю ўлады не дазволілі правесьці ўрачыстае адкрыцьцё, бо адбылося непаразуменьне: мэдальён назвалі ганаровай шыльдай, а для гэтага, маўляў, існуюць іншыя бюракратычныя дазволы. Але ўсё своечасова высьветлілася, і з дабраслаўленьня япіскапа Наваградзкага Гурыя падзячны мэдальён урэшце асьвяцілі. Кажа Станіслаў Суднік:

Суднік: «Сёньня мы адкрылі падзячны мэдальён ад грамадзян Лідзкага раёну гетману найвышэйшаму Канстанціну Астроскаму за ўсё тое, што ён зрабіў дзеля нашай зямлі і дзеля памяці будучых пакаленьняў. Адкрыцьцё гэтага мэдальёна для мяне — гэта яшчэ адзін сплачаны доўг перад памяцьцю продкаў, тых, хто жыў да нас, хто ствараў гэтую краіну, бараніў яе і перадаў яе нам».

Актывіст Сяргей Трафімчык таксама прыклаў шмат намаганьняў дзеля таго, каб падзячны мэдальён гетману Астроскаму зьявіўся на сьцяне лідзкае царквы. Ён перахваляваўся ў нядзелю, калі забаранілі ўрачыстае асьвячэньне мэдальёна, і відаць, што сёньня гэтае хваляваньне яшчэ яго не пакінула.

Сяргей Трафімчык

Сяргей Трафімчык

Трафімчык: «Дзякуючы Богу, нашу справу асьвяцілі, акрапілі сьвятой вадой, і цяпер будзем спадзявацца, што гэты знак адсюль ня здымуць. Прыемна, што прыйшло шмат вернікаў пасьля літургіі. Да таго ж сёньня дзень сьвятога Яна Хрысьціцеля. Людзі вельмі станоўча да гэтага паставіліся, і на душы вельмі прыемна».

Мясцовы актывіст Міхал Бурачэўскі дадае, што ўшанаваньне памяці такіх людзей, як Канстанцін Астроскі, павінна адбывацца ня толькі ў Лідзе, а і па ўсёй Беларусі.

Міхал Бурачэўскі

Міхал Бурачэўскі

«Гэта, па-першае, гонар, я вельмі задаволены, што гэты мэдальён зьявіўся, бо ўшанаваны наш нацыянальны герой. Асабліва ён праславіўся ў бітве пад Воршай. І гэта добры знак, што ў нас у Лідзе зьяўляюцца такія помнікі. Гэта выдатна, проста выдатна, і думаю, што гэта будзе не апошні помнік нашым героям. Яны зьявяцца яшчэ для многіх нашых выдатных людзей, памяць пра іх адродзіцца...»

Падзячны мэдальён Канстанціну Астроскаму на лідзкай царкве Георгія Пераможцы

Падзячны мэдальён Канстанціну Астроскаму на лідзкай царкве Георгія Пераможцы

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG