Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыюпаль. Патрыятычны ўздым у абложаным горадзе


Падрабязнасьці жыцьця ва ўмовах ваеннай пагрозы з боку расейскай арміі і баевікоў ДНР Свабодзе распавяла жыхарка паўмільённага Марыюпаля.

Мінулай ноччу ў Марыюпалі, які пачынае жыць па ваенным часе, не было чуваць страляніны і выбухаў, аднак баевікі падцягвалі да сваіх пазыцыяў «Грады» і цяжкую тэхніку.

Інфармацыя ж пра тое, што баевікі, карыстаючыся замірэньнем, адступаюць, не пацьвердзілася. Пакуль няма дакладнай інфармацыі пра колькасьць сканцэнтраваных каля Марыюпаля расейскіх войскаў і прарасейскіх баевікоў, але паведамлялася прынамсі пра два расейскія танкавыя палкі.

Радыё Свабода пагутарыла з жыхаркай Марыюпаля, якая, папрасіўшы не называць яе імя, распавяла, чаму дзеці ня ходзяць у школу, у аптэках — недахоп лекаў, бясплатныя аўтобусы вывозяць гараджан у бясьпечныя рэгіёны Ўкраіны — і разам з тым людзі, якія засталіся ў горадзе, дэманструюць нязвыклы для гэтага рэгіёну ўздым патрыятычнага духу.

— Што цяпер адбываецца ў горадзе?

— У Марыюпалі стабільна напружаная абстаноўка. Цягнецца гэтая напруга ўжо два тыдні. Але цягам апошніх двух сутак не стралялі, не бамбілі, таму ніякіх страшных гукаў не было чуваць. Трошкі гараджане супакоіліся, трошкі паспакайнела.

— Ці ня страшна бацькам адпускаць дзяцей у школу? Ці ёсьць такія, хто не адпускае іх на вуліцу?

— Дзеці ў школу ходзяць, але ня ўсе. Паводле дадзеных нашага ўпраўленьня адукацыі, дзьве траціны ходзяць, адна траціна ня ходзіць. Чаму ня ходзяць? Якраз таму, што ці то людзі выехалі, ці то проста баяцца адпускаць дзяцей у школу.

— Ну, а крамы працуюць? Ці ўсё можна набыць?

— Нягледзячы на тое, што шматлікія крамы пазачыняліся, прадуктаў у горадзе хапае. Пазачыняліся ў асноўным крамы, якія гандлююць адзежай, абуткам, ювэлірнымі вырабамі, мэбляй. Але дэфіцыту прадуктаў няма ў горадзе. Ёсьць дэфіцыт лекаў. Ня ўсе лекі ёсьць у аптэках, і людзям, якія мусяць пастаянна прымаць нейкія лекі, цяпер цяжка. Раней усе пастаўкі лекаў былі альбо з Данецку, альбо праз Данецк. А цяпер там сур’ёзныя праблемы, і лекі адтуль прывезьці вельмі і вельмі складана.

— Ці адчуваеце вы прысутнасьць арміі ў горадзе?

— Так, увесь час бачым вайскоўцаў то тут, то там. Напрыклад, учора, у дзень вызваленьня Марыюпаля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у нас у горадзе быў вялікі канцэрт у падтрымку ўкраінскай арміі. Гэта ня сьвята, вядома, але вось адзначалі гэтую дату, як і шмат у якіх постсавецкіх краінах. Выступалі ўкраінскія музычныя гурты. Дык на канцэрце прысутнічалі байцы ўкраінскай арміі, ахоўвалі нас і разам зь міліцыянтамі сачылі за парадкам.

— Марыюпальцы працягваюць умацоўваць горад? Капаюць траншэі вакол гораду?

— Працягваецца ўмацаваньне гораду. Гараджане працягваюць капаць акопы і траншэі, таксама ўсталёўваюць загараджальныя ўстаноўкі, рагачы. Вакол гораду гэта ўсё адбываецца.

— Як людзі рэагуюць на зьвесткі, якія штодня дае ў СМІ каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук пра тое, што сотні адзінак баявой тэхнікі скіроўваюцца да Марыюпаля?

— Так, мы чулі, што Дзьмітры Тымчук заявіў учора пра тое, што на Марыюпаль з Таганрогу выйшла 180 адзінак ваеннай тэхнікі. Але мы ж ня можам ні пацьвердзіць, ні абвергнуць гэтую інфармацыю. Паехаць у зону баявых дзеяньняў — гэта вельмі небясьпечна, і нават журналісты ня робяць гэтага. Нехта верыць Тымчуку, нехта — Парашэнку, які сказаў, што 70% расейскіх войскаў учора адышлі з зоны ваенных дзеяньняў. Але, вядома, страх прысутнічае. І гэта цягнецца з 25 жніўня, калі была рэальная пагроза, калі рухаліся ў наш бок расейскія танкі. Зразумела, хто мог зьехаць, той зьехаў. Тыя, каму дазвалялі фінансы, праца, у каго малыя дзеці, у той жа дзень сабраліся і зьехалі. Нехта пасьля вярнуўся. Мясцовыя сайты праводзілі апытаньні і высьветлілі, што 20% людзей ці выехалі, ці выяжджаюць з Марыюпаля цягам бліжэйшых дзён.

— А можна выехаць з Марыюпаля? Квіткі ёсьць, дарогі не перакрытыя?

— Выехаць можна вольна. Некалькі дзён, праўда, быў ажыятаж, нават паніка. Цяпер можна выехаць спакойна. Ёсьць аўтобусы. МНС нават арганізавала бясплатныя аўтобусы ў некаторыя гарады, якімі могуць скарыстацца жанчыны, дзеці, інваліды, пэнсіянэры.

— А куды ўцякаюць?

— Людзі выяжджаюць у розныя гарады. Звычайна едуць туды, дзе ёсьць сваякі ці знаёмыя. Едуць у Бярдзянск, у Запарожжа, у Львоў, у Кіеў, у Харкаў. Карацей, розныя кірункі. Дзе чакаюць — туды і едуць. Але шмат і засталося людзей, сярод якіх шмат патрыётаў, якія гатовыя бараніць свой горад, выходзіць на мітынгі, прыдумляць флэш-мобы, каб нейкім чынам падняць патрыятычны рух і паказаць усяму сьвету, што Марыюпаль ня хоча тут ніякіх расейскіх вайскоўцаў, ніякай ДНР, а хоча спакойна жыць без вайны і будаваць Украіну.

— А сэпаратысты засталіся? Нейкім чынам абазначаюць сябе?

— Сэпаратысты нават калі і засталіся, цяпер у падпольлі, яўна сябе не выяўляюць, на вуліцы адкрыта не выходзяць. Нейкі маленькі працэнт такіх людзей ёсьць. Але па горадзе ходзяць людзі з украінскімі сьцягамі, зь сіня-жоўтымі стужкамі на адзеньні, шмат хто ў вышыванках. Вялікі патрыятычны пад’ём у Марыюпалі. І людзі перасталі гэтага саромецца і баяцца, хоць для нашага рэгіёну гэта не характэрна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG