Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мова і нацыянальны строй — асноўныя чыньнікі ідэнтыфікацыі беларусаў


Алег Рудакоў — прапагандыст вышыванкі

Алег Рудакоў — прапагандыст вышыванкі

У Беларусь зьяжджаюцца ўдзельнікі Другога фэстывалю мастацтваў беларусаў сьвету, які пройдзе ў Менску 12–14 верасьня ў рамках Дня гораду. Удзельнікамі фэсту стануць 250 суайчыньнікаў з двух дзясяткаў краінаў, большасьць выступоўцаў заяўленыя ў катэгорыі сьпеўнай народнай творчасьці. Гэта значыць, сталіца і ваколіцы (у пятніцу заплянаваныя выступы ў райцэнтрах і аграгарадках Менскай вобласьці) запоўняцца людзьмі ў нацыянальных строях — брэндзе апошняга часу.

Сыбірскі беларус Алег Рудакоў — актыўны прапагандыст беларускіх традыцыяў у Расеі — едзе ў складзе гурту аўтэнтычнага сьпеву «Крывічы». Спадар Рудакоў убраў у нацыянальныя строі ці ня ўсіх беларусаў Іркуцкай вобласьці, а ягоная апошняя ініцыятыва — фатаграфавацца на афіцыйныя дакумэнты ў вышыванках — атрымала шырокі розгалас у самой Беларусі.

— Рух за «рэабілітацыю» вышыванак апошнім часам набыў шырокія маштабы. Апроч асобных майстроў, зьявіліся фірмы, якія спэцыялізуюцца на шыцьці вопраткі «пад даўніну», шмат хто лічыць за гонар мець адпаведны строй у сваім гардэробе, на пачатак кастрычніка анансуецца Дзень вышыванкі. Вы запачаткавалі іншую моду — фатаграфавацца ў вышыванай кашулі на дакумэнты.

— Калі ў Расеі пачалі выдаваць пашпарты і скасавалі такі пункт, як «нацыянальнасьць», то асабіста я быў супраць гэтага. Таму што я ганарыўся, калі ў маім пашпарце было напісана: нацыянальнасьць — беларус. А цяпер гэтага ў новых расейскіх пашпартах няма. Мабыць, ужо больш за 10 гадоў як зьявіўся новы фармат пашпарта, і ў мяне ўжо тады з гэтым узьнікла пэўная супярэчнасьць. Аднойчы на чарговым паседжаньні моладзевага клюбу «Крывічы» ішла размова, і гэтае пытаньне неяк само сабой узьнікла. І нават ня я прапанаваў — давайце фатаграфавацца на дакумэнты ў нацыянальных строях! Тым самым як бы паказаць, што мы беларусы, што ў гэтым будзе наша адметнасьць, што гэта будзе наша індывідуальнасьць. Ну, і так атрымалася, што я першы з Іркуцку вырашыў гэтую справу сапраўды зьдзейсьніць. Калі мне стукнула 45 гадоў і я мяняў пашпарт, то прыйшоў і сфатаграфаваўся менавіта ў вышыванцы. А ўжо потым, калі атрымліваў новыя правы, мне тая ідэя яшчэ раз прыйшла ў галаву, і я вырашыў таксама сфатаграфавацца ў вышыванцы. Хоць гэтым разам трэба было ісьці не ў фотаатэлье, а ў паліцэйскую структуру, усё афармляць на месцы. Ясна, што ўсе там на мяне зь цікаўнасьцю глядзелі, а я цярпліва ўсім тлумачыў: я — беларус.

Алег Рудакоў: на пасьведчаньні кіроўцы і на пашпарце

Алег Рудакоў: на пасьведчаньні кіроўцы і на пашпарце

— На ўласныя вочы давялося назіраць, як Алег Рудакоў у самых нечаканых сытуацыях распавядае пра сваю беларускасьць, паралельна «прамацваючы» на гэта ж і суразмоўцу — балазе, беларусаў у Сыбіры сапраўды шмат...

— Я заўжды з годнасьцю трымаю гэты рэй. Нават ня ў самых спрыяльных умовах я, наадварот, падкрэсьліваю, што я беларус і гэтым ганаруся. А калі чалавек гэтым насамрэч ганарыцца, то ён сваёй пазыцыяй выклікае павагу — во, малайчынка які, так адстойвае сваё права беларусам звацца. Вось такім чынам у мяне атрымалася, што адразу на двух афіцыйных дакумэнтах — на пашпарт і пасьведчаньне кіроўцы — я сфатаграфаваўся ў беларускай вышыванцы. І ў гэтым сэнсе я перакананы, што кожны беларус, які адчувае ў сабе гэтую беларускасьць, павінен мець свой нацыянальны строй, бо гэта наша нацыянальная, аўтэнтычная адзежа. І на нашых нацыянальных сьвятах, безумоўна, мы павінны ў такую адзежу ўбірацца. У нас у Іркуцку ўжо даўно створана мода на нацыянальную адзежу, кожны беларускі актывіст мае за гонар мець нацыянальны строй. Калі сам ня ўмееш шыць, ня ўмееш вышываць — замаўляй. У нас ёсьць майстры, якія з задавальненьнем гэта зробяць. Прыкладам, калі раней, на першым нашым Купальлі ў 1996 годзе, я быў адзін у нацыянальнай кашулі, то цяпер у нас на Купальлі ўсе скрозь у строях. Цяпер у нас амаль 90% людзей, якія прыяжджаюць на розныя сьвяты, — у нацыянальных кашулях. Гэта ў нас ужо самы сапраўдны брэнд, добра раскручаная ідэя.

— Беларуская суполка ў Іркуцкай вобласьці — адна з самых «баявых». Мясцовыя да такой актыўнай самаідэнтыфікацыі прызвычаіліся?

— Больш за тое, мы іншым разам нават пераапранаемся ў нашым офісе і на якую-небудзь імпрэзу, на нейкі канцэрт ідзем праз увесь горад, праз цэнтар у нацыянальных вышыванках. Раней на нас сапраўды глядзелі ўвогуле як на дзівакоў, а цяпер ужо прызвычаіліся, іншым разам ужо здалёк кажуць — а, ясна, беларусы пайшлі, малайцы. Так што ўсё добра, усё нармальна. Гэта наша адметнасьць. Калі мы кажам, што мова — адметнасьць народа, то нацыянальны строй — гэта другая, ня менш важная адметнасьць любога этнасу, у тым ліку і беларускага. І гэтым таксама трэба ганарыцца. Таму я буду вельмі рады, калі маю ідэю падтрымаюць іншыя людзі і пачнуць на сваіх дакумэнтах такім чынам дэманстраваць сваю адметнасьць, ганарыцца сваім беларускім паходжаньнем.

«Крывічы» на рэпэтыцыі

«Крывічы» на рэпэтыцыі

Строі беларускіх перасяленцаў Сыбіры

Строі беларускіх перасяленцаў Сыбіры

— А ў расейцаў не было ніякіх прэтэнзіяў — маўляў, не па форме апрануты і г.д.? Маю на ўвазе і пашпартную службу, і іхняе ГІБДД.

— У гэтым сэнсе нічога такога не было: і калі выдавалі пашпарт, і калі выдавалі правы, то ніякіх пытаньняў нават не задавалі. Ну а якія тут могуць быць пытаньні? Прыйшоў і прыйшоў, я ж у адзежы, не разьдзеты. Якая розьніца, у чым канкрэтна? Больш за тое, гэта ж стэрэатып: калі ты фатаграфуесься на пашпарт, то мусіш павязаць гальштук і залезьці ў пінжак. Можна ж апранацца вольна, як табе зручней, калі ласка. Некаторыя маладыя дзяўчаты ўвогуле фатаграфуюцца ў нейкіх топіках, маечках-леечках. Дык гэта што, нашмат прыгажэй? Думаю, што нашмат лепш сфатаграфавацца ў нацыянальнай кашулі, чым у нейкім квятастым швэдры. Такія ж таксама ёсьць. Таму ўсё гэта абсалютна нармальна.

Беларускі зь вёскі Тургенеўка

Беларускі зь вёскі Тургенеўка

Кросны ў іркуцкай «Беларускай хаце»

Кросны ў іркуцкай «Беларускай хаце»

— На тле моды на вышыванкі пачало тыражавацца меркаваньне, што рэанімацыя нацыянальных строяў — адкіданьне беларусаў у дрымучасьць, якая толькі нашкодзіць працэсу эўрапеізацыі.

— Ну, калі так разважаць, то ў хуткім часе мы будзем казаць, што і родная мова нас таксама некуды назад цягне, бо цяпер ёсьць глябалісцкія мовы, якія ледзь ня ўсе ведаюць. Па-ангельску між сабой ужо шмат хто размаўляе, ёсьць іншыя мовы са статусам міжнародных. Давайце паводле такой лёгікі і ад мовы адмаўляцца. Але тады ў чым будзе палягаць наша беларускасьць? У чым будзе наша беларуская адметнасьць? У чым? Асабіста я перакананы, што мова і нацыянальны строй — гэта два асноўныя чыньнікі, якія нас падкрэсьліваюць менавіта як беларусаў. А ўсё астатняе да гэтага дадае — гэта і веданьне гісторыі, і веданьне традыцыйнай культуры, і веданьне літаратурнай спадчыны, і шмат што іншае. А ў комплексе ўсё гэта фармуе нас, беларусаў, як патрыётаў.

Алег Рудакоў нарадзіўся ў 1968 годзе ў вёсцы Бязьдзедавічы на Полаччыне. Пасьля школы паступіў у вайсковую вучэльню ў Цюмені. Ад 1989-га цягам 5 гадоў служыў афіцэрам, але праз стан здароўя з войска звольніўся. Скончыў эканамічны факультэт Іркуцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту і гістарычны факультэт Іркуцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 1996-м стварыў і 17 гадоў узначальваў Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, якое аб’ядноўвае больш за 700 сябраў. Летась у красавіку сышоў з пасады старшыні на той падставе, што падрыхтаваная моладзь можа самастойна выяўляць сваю актыўнасьць, а сёлета ў ліпені канчаткова пакінуў шэрагі таварыства. Цяпер сканцэнтраваны на дзейнасьці моладзевага клюбу «Крывічы» і этнаграфічных вандроўках па беларускіх вёсках Сыбіры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG