Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 11 верасьня: гадавіна тэрактаў у ЗША


Ілюстрацыя з Календара Бахарэвіча

Ілюстрацыя з Календара Бахарэвіча

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Гомель – Павал Севярынец прэзэнтуе кнігу «Беларуская глыбіня». Вул. Палеская, 52. Пачатак а 18-й.

Кіеў – пачатак візыту кіраўніка Эўрапейскай Камісіі Барозу ва Ўкраіну.

Душанбэ – саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1530 – памёр князь Канстанцін Астроскі, дзяржаўны дзяяч і гетман Вялікага Княства Літоўскага. Камандаваў войскамі ВКЛ у бітве пад Воршай 8 верасьня 1514 году, у якой 35 тысяч літоўска-беларускіх і польскіх ваяроў разьбілі 80-тысячнае маскоўскае войска.

1953 – у Полацку ў сям’і вайскоўца нарадзіўся беларускі пісьменьнік Вінцэсь Мудроў.

«Зьмесьціва “Блакітнага ліхтара” – а ўсяго выйшла пятнаццаць сшыткаў – было далёкае ад літаратуры ў клясычным разуменьні гэтага слова. Пісалі мы розную лухту і таму жартам менавалі свой альманах “Блакітным лухтаром”. У паэзіі пераважала так званая “чарнільная лірыка”, у якой акцэнт рабіўся на эратычныя відзежы ды мілосныя перажываньні лірычнага героя. Рэй тут вёў Валеры Шлыкаў, якому належалі наступныя радкі:

Штосьці кепска стала жыць –

Няма каго спакусваць...

Што рабіць?

Ды трэба піць!

Піць і не закусываць».

Вінцэсь Мудроў, з кнігі «Ператвораныя ў попел»

1972 – нарадзіўся беларускі пісьменьнік Алесь Пашкевіч. Аўтар, сярод іншага, дакумэнтальнага раману «Пляц Волі» і раману-біяграфіі «Круг», прысьвечанага Ўладзімеру Дубоўку.

1973 – памёр Сальвадор Альендэ, прэзыдэнт Чылі. Альендэ быў зьмешчаны з пасады ў выніку ваеннага перавароту, кіраванага Аўгустам Піначэтам, пасьля чаго скончыў жыцьцё самагубствам.

2001 – адбылася тэрарыстычная атака на Сусьветны гандлёвы цэнтар і Пэнтагон у ЗША. Атака была зьдзейсьненая з дапамогай чатырох пілятаваных самалётаў унутраных авіялініяў ЗША, захопленых 19 ісламскімі тэрарыстамі. Два з самалётаў разьбіліся аб хмарачосы-блізьняты Сусьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку, трэці зьнішчыў частку Пэнтагону ў Вашынгтоне. Чацьвёрты самалёт, дзякуючы мужнаму супраціву пасажыраў, не дасягнуў мэты і разьбіўся на палях Пэнсыльваніі прыблізна за 15 хвілін лёту да Вашынгтону. Ахвярамі атакі сталіся 2996 чалавек, уключна з тэрарыстамі.

З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА:

Пастка для арла. 11 верасьня 9 Арміній разграміў легіёны Вара

XS
SM
MD
LG