Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выстаіць Генпракуратура пад націскам старшыні ФПБ Козіка


Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў

Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў

Пракуратура палічыла, што дамова носіць дыскрымінацыйны характар у дачыненьні да працаўнікоў, якія ўваходзяць у Свабодны прафсаюз Беларускі.

Факт дыскрымінацыі быў абнародаваны на міжнародным сэмінары з удзелам прадстаўнікоў Міжнароднай арганізацыі працы, беларускага ўраду, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства юстыцыі, МЗС, Генэральнай пракуратуры, які праходзіў у Менску 9–10 ліпеня. Прадстаўніца Генпракуратуры на тым сэмінары папрасіла прадставіць ёй усе дакумэнты. Справу перадалі Бабруйскай пракуратуры.

У калектыўнай дамове былі два пункты, якія распаўсюджваліся толькі на сяброў афіцыйнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Гэта выплата дапамогі пры нараджэньні дзіцяці і матэрыяльная дапамога на аздараўленьне пры сыходзе ў адпачынак. Згодна ж з Працоўным кодэксам калектыўная дамова распаўсюджваецца на ўсіх працаўнікоў.

Бабруйская пракуратура на падставе Канстытуцыі і заканадаўства прызнала гэтыя пункты дыскрымінацыйнымі па прыкмеце прафсаюзнай прыналежнасьці, а таксама ўбачыла ў іх прымус да ўступленьня ў ФПБ.

Шум узьняла сама Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі, якая цяпер пагражае Генэральнай пракуратуры, распавёў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук. Старшыня ФПБ Леанід Козік агучыў гэта на паседжаньні прэзыдыюму фэдэрацыі, а таксама ў газэце «Беларускі час». Кіраўніцтва ФПБ запатрабавала ад Генэральнай пракуратуры адмяніць рашэньне пракуратуры Бабруйску і аднавіць дзеяньне калектыўнай дамовы на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў.

Гэта выклік Генэральнай пракуратуры з боку ФПБ, лічыць спадар Ярашук. І задае рытарычнае пытаньне: «Ці выстаіць Генпракуратура перад націскам ФПБ?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG