Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя ЗША цікавілася беларускімі палітвязьнямі


Томас Мэлія, Пэйдж Александэр, Эвэлін Фаркас

Томас Мэлія, Пэйдж Александэр, Эвэлін Фаркас

Паляпшэньне дачыненьняў паміж ЗША і Беларусьсю залежыць ад паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека і стандартамі дэмакратыі ў РБ.

Пра гэта заявіў сёньня намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара па пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Томас Мэлія на прэсавай канфэрэнцыі па выніках афіцыйнага візыту міжведамаснай дэлегацыі ўраду ЗША ў Беларусь.

Адказваючы на пытаньні журналістаў, сябры дэлегацыі распавялі, што дэлегацыя прыехала ў Менск, каб вывучыць магчымасьці далейшага паляпшэньня ўзаемадзеяньня. Яны выказалі спадзяваньне, што «наступныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі будуць празрыстымі, а назіраць за імі будуць як мясцовыя, так і міжнародныя назіральнікі».

Томас Мэлія

Томас Мэлія

Эвэлін Фаркас

Эвэлін Фаркас

Пэйдж Александэр

Пэйдж Александэр

​Прадстаўнікі ЗША адзначылі, што на ўсіх сустрэчах з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў і апазыцыі абавязкова гаварылася, што беларускія ўлады мусяць выконваць вызначаныя стандарты ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі, а бяз гэтага паляпшэньня дачыненьняў са Злучанымі Штатамі немагчымае.

Сябры дэлегацыі сказалі, што гэты візыт можна расцэньваць як узнаўленьне дыялёгу паміж дзьвюма краінамі. На пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці плянуюцца наступныя сустрэчы, паколькі абодва бакі заявілі, што зацікаўленыя ў працягу дыялёгу, спадар Мэлія адказаў, што амэрыканскія ўлады ўсяляк вітаюць пашырэньне кантактаў зь беларускімі ўладамі.

«Мы спадзяёмся, што перасячэмся з прадстаўнікамі Беларусі на некалькіх міжнародных форумах: на Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку, на сустрэчы АБСЭ ў Варшаве па чалавечым вымярэньні і на гадавой сустрэчы міністраў замежных спраў у Швайцарыі ў сьнежні», — сказаў Мэлія.

Прадстаўнікі ЗША сказалі, што на сустрэчы ў МЗС Беларусі яны чарговым разам паднялі пытаньне пра беларускіх палітвязьняў і заявілі, што наяўнасьць палітвязьняў перашкаджае наладжваньню нармальных дачыненьняў.

Паводле спадара Мэлія, прадстаўнікі МЗС Беларусі па-ранейшаму называюць палітвязьняў «так званымі палітвязьнямі».

Падчас прэсавай канфэрэнцыі была закранутая і ўкраінская тэма. Спадар Мэлія, у прыватнасьці, адзначыў:

«Мы задаволеныя тым, што беларускія ўлады не пайшлі настолькі далёка, каб прызнаць анэксію Расеяй Крыму. Мы выказваем задавальненьне і тым, што Менск пагадзіўся прыняць у сябе сустрэчу па пошуку шляхоў вырашэньня ўкраінскага канфлікту».

Міжведамасная дэлегацыя ўраду ЗША знаходзіцца ў Менску зь візытам з 8 па 11 верасьня 2014 году. У яе склад уваходзяць намесьнік адміністратара Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці Пэйдж Александэр, намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара па пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Томас Мэлія і намесьнік памочніка міністра абароны па пытаньнях Расеі, Украіны і Эўразіі Эвэлін Фаркас.

Дэлегацыя правяла сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў, міністэрстваў абароны, адукацыі і эканомікі, дыпляматычнага корпусу, грамадзянскай супольнасьці, дзелавых колаў і сваякамі палітвязьняў.

«Падчас візыту амэрыканская дэлегацыя, апроч іншага, вывучыць магчымасьці супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасьць, і разгледзіць сытуацыю з правамі чалавека і захаваньнем дэмакратычных нормаў у Беларусі, пра неабходнасьць паляпшэньня якой даўно заяўляюць ЗША», — гаворыцца ў паведамленьні амбасады ЗША ў Беларусі.

XS
SM
MD
LG