Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майдан прыйшоў у школу ў Сьветлагорску


Алена Масьлюкова падчас уручэньня ўзнагароды «Настаўнік году», люты 2014-га

Алена Масьлюкова падчас уручэньня ўзнагароды «Настаўнік году», люты 2014-га

З пачаткам новага навучальнага году ў сярэдняй школе № 10 Сьветлагорску звольнілі настаўніцу гісторыі Алену Масьлюкову, якую ў лютым аддзел адукацыі прызнаў лепшай настаўніцай раёну. Школьнікі і бацькі настойваюць, каб Алена Аляксандраўна аспрэчыла загад на звальненьне ў судзе.

У новым навучальным годзе Алена Масьлюкова як клясны кіраўнік мелася выпускаць ажно дзьве клясы, бо й да гэтага была кіраўніком у дзьвюх клясах. Адзінаццаціклясьнікі, даведаўшыся, што іхнюю настаўніцу звальняюць, пасьля лінейкі зладзілі ў актавай залі разьвітаньне, падобнае да пратэсту. Падняліся на сцэну самі, запрасілі прысутных бацькоў і, канечне, Алену Аляксандраўну — і ўручылі настаўніцы 71 ружу.

Масьлюкова: «Гэта такі ахапак, што я ледзьве данесла дадому. Думаю, што яны мне штосьці хацелі сказаць. Але яны ўжо нічога не маглі сказаць, бо пачалі многія плакаць. Яны плачуць, і я таксама плачу. Сьлёзы ў бацькоў. Усе абдымаюцца».

Прысутны кіраўнік спраў райвыканкаму Вячаслаў Дзікун зрабіў выгляд, што не зразумеў, што адбываецца:

«Я думаў, што кагосьці праводзяць на пэнсію. Але ж паглядзеў, што вельмі маладая жанчына. Дык што гэта? Гэта Масьлюкову так праводзілі?»

Бацькі тлумачаць:

«Так, праводзілі Масьлюкову. І вы павінны вярнуцца ў выканкам і сказаць там, каб гэтая справа была вырашана, каб Алену Аляксандраўну вярнулі ў школу».

А дырэктарка школы Людміла Драпеза, як распавялі бацькі, па-свойму адрэагавала:

«Вы што, хочаце мне тут Украіну?»

Алена Аляксандраўна скончыла гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага дзяржунівэрсытэту імя Францішка Скарыны. Мае звыш 30 гадоў пэдагагічнага стажу, зь якіх амаль 24 гады выкладала гісторыю. Яна — пэдагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Яшчэ летась за высокія вынікі працы ўганаравана граматай Гомельскай абласной управы адукацыі. А сёлета ў лютым прызнана ў раёне настаўніцай году.

Дый у 10-ю школу яе пераводам пяць гадоў таму запрасіла сама ж дырэктарка Людміла Драпеза.

Нейкую насьцярожанасьць і дробныя прычэпкі Масьлюкова адчула пасьля таго, як яе ўгаварылі ўдзельнічаць у абласным конкурсе на званьне «Лепшы настаўнік году». У анкеце трэба было чамусьці запаўняць графу «партыйнасьць»:

«Я кажу: Партыя БНФ. Адна завуч дакладна ведала, што я ў гэтай партыі. Іншая была шчыра зьдзіўлена. Пытаюцца: „Дык так і пісаць?“ Я адказваю: „Я ж не хаваюся, я даўно ў гэтай партыі. Жадаеце пісаць — пішыце, хоць, у прынцыпе, лічу, што ў дадзеным выпадку гэта некарэктнае пытаньне“.

Пасьля гэтага адносіны дырэктаркі да мяне — звонку як бы й незаўважна, але пачалі пакрысе мяняцца. То да аднаго прычэпіцца, то да другога, што ў іншых выкладчыкаў магла й не заўважаць. Такія дробязі па працы, неістотныя і несур’ёзныя».

Масьлюкова аднойчы нават рэзка запыталася: «Дык што, мне заяву на звальненьне напісаць?»

Але сапраўдны канфлікт здарыўся ў чэрвені. Алена Аляксандраўна заступілася тады за маладзейшую каляжанку, якую дырэкцыя прымушала выпісваць на канікулы афіцыйныя газэты:

Такія людзі, як вы, „сделали Майдан в Украине“!

«Если вам что-то не нравится — в частную школу, пожалуйста. Если вам что-то не нравится — в исполком, можно с Тельманом Викторовичем (муж Масьлюковай, пэдагог і вядомы грамадзкі актывіст. — РС)». Я кажу: «А пры чым тут Тэльман Віктаравіч? Калі трэба схадзіць у выканкам, кажу, то я схаджу. Ведаю, куды ісьці, і што сказаць — таксама ведаю». Яна мне: «Такія людзі, як вы, „сделали Майдан в Украине“. А я адказваю: „Людміла Якаўлеўна, з-за такіх, як вы, ніколі ў жыцьці не адбываецца пераменаў. І з-за такіх чыноўнікаў, як вы, магчыма, і адбыўся Майдан ва Ўкраіне“. Яна мяне ўвесь час тыкала Ўкраінай, бо з настаўнікамі, калі яны ў мяне як у гісторыка пыталіся, што і як там адбываецца, то я выказвала сваё меркаваньне. І дадавала: вы можаце меркаваць як жадаеце, бо вы ж дарослыя людзі. А я лічу, што гэта так і так».

Некаторую незадаволенасьць, як мяркуе Алена Масьлюкова, магла выклікаць і яе прынцыповая ацэнка ўзроўню ведаў асобных навучэнцаў, якімі апекавалася адміністрацыя школы. У выніку настаўніца году й апынулася на вуліцы:

«Мне ўжо тэлефанавалі юрысты зь Менску з прафсаюзаў. Раілі падумаць, бо да 29 верасьня можна яшчэ абскардзіць звальненьне ў судзе. Бацькі тэлефануюць, патрабуюць, каб я гэта зрабіла. Я нават ня ведаю. З аднаго боку, мне ня надта хочацца гэтым займацца. Зь іншага, мне шкада дзяцей, якія выпускаюцца, бо ёсьць перад імі маральны абавязак. Таму я цяпер у нейкім такім раздраі».

Атрымаць камэнтар дырэктаркі школы Людмілы Драпезы пра адмову працягнуць кантракт з настаўніцай вышэйшай кваліфікацыі і звольніць яе на самым пачатку навучальнага году пакуль немагчыма — яна сышла на бальнічны. А ў аддзеле адукацыі ўсім тлумачаць, што прызначаюць у школу толькі адміністрацыю. Астатнія кадры — справа самой школы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG