Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рашэньне саміту НАТО ва Ўэльсе пра ўзмацненьне ваеннай прысутнасьці альянсу ў нашым рэгіёне азначае, што на дадатак да эканамічнай вайны паміж Расеяй і Захадам пачынаецца і ваенна-палітычнае супрацьстаяньне. Экспэрты кажуць пра новае выданьне «халоднай вайны».

І ў гэты самы момант, на гэтым тле галоўны саюзьнік Расеі — Беларусь — карыстаючыся спрыяльнай сытуацыяй, актыўна спрабуе палепшыць адносіны з Захадам. 26 жніўня Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком замежнай палітыкі ЭЗ Эштан. Міністар замежных спраў Беларусі Макей упершыню за шмат гадоў ладзіць візыт у Польшчу — краіну, зь якой у Менску самыя складаныя адносіны з усіх дзяржаў Эўразьвязу. Менск наведала даволі прадстаўнічая дэлегацыя ЗША.

У пэўным сэнсе беларускае кіраўніцтва паўтарае досьвед 2008 году. Нагадаю, што тады пасьля расейска-грузінскай вайны адносіны паміж Расеяй і Захадам таксама абвастрыліся. А Менск, дыстанцыяваўшыся ад Масквы, адмовіўшыся прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, пачаў з Захадам дыялёг, які цягнуся да 19 сьнежня 2010 году.

Зразумела, любыя гістарычныя аналёгіі ўмоўныя. Бо тады, у 2008 годзе, маштаб канфрантацыі паміж Расеяй і Захадам быў значна меншы. Гэта быў чыста палітычны канфлікт, ён фактычна не распаўсюджваўся на эканоміку, ваенную сфэру.

Можна пагадзіцца з экспэртамі, якія кажуць, што рашэньні саміту НАТО ва Ўэльсе пра ўзмацненьне ваеннай прысутнасьці альянсу ў нашым рэгіёне носяць хутчэй сымбалічны характар. Яны не мяняюць суадносіны сіл.

Але, як вядома, небясьпека і ўяўленьні пра яе не заўсёды супадаюць. У любым выпадку Расея, а таксама ўсе краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы будуць вымушаныя так ці інакш на гэтыя дзеяньні НАТО рэагаваць. І тут найперш нас цікавіць пазыцыя Беларусі.

Важна зьвярнуць увагу, што Лукашэнка заўсёды прэзэнтаваў сябе як найлепшы ваенны саюзьнік Расеі. Улюбёная тэма ягоных выступаў перад расейскімі журналістамі — гэта аповед пра тое, што ў РФ на захадзе ад Масквы, акрамя беларускага войска, нічога няма. Ён часта ўзгадвае пра сумесную беларуска-расейскую вайсковую групоўку. А ягоныя клятвы, што беларусы памруць, але не прапусьцяць натаўскія танкі на Маскву, даўно сталі хрэстаматыяй для вывучэньня адносін між хаўрусьнікамі. Сумесныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні на тэрыторыі Беларусі заўсёды, паводле сцэнару, ліквідуюць уварваньне ворага з захаду і поўначы.

Сёньня Беларусь апынулася ў самым цэнтры глябальнага супрацьстаяньня паміж Расеяй і Захадам, якое нарастае на вачах. Нічога добрага яно краіне не нясе

Хачу нагадаць, што ў 1990-я гады тэзіс пра пагрозу Беларусі з боку Паўночнаатлянтычнага альянсу выкарыстоўваўся Лукашэнкам у якасьці адной з галоўных канструкцыяў зьнешняй палітыкі краіны. Ён аказаўся больш непрымірымым праціўнікам пашырэньня НАТО на ўсход, чым расейскае кіраўніцтва. Беларускі лідэр ня раз называў альянс «агрэсіўным блёкам», сьцьвярджаў, што «мы ня можам спакойна назіраць за набліжэньнем гэтага страшнага монстра да межаў нашай сінявокай Беларусі». То бок, здавалася б, увесь, так бы мовіць, бэкграўнд Лукашэнкі скіраваны на барацьбу з гэтым «страшным монстрам».

Але цяпер сытуацыя зьмянілася. Расейская агрэсія супраць Украіны напужала і Лукашэнку. Дарэчы, Масква запатрабавала разьмясьціць у Беларусі сваю ваенную авіябазу яшчэ ў красавіку мінулага году, калі ўкраінскія падзеі не праглядаліся яшчэ і на гарызонце. Але Менск успрыняў гэтую прапанову, мякка кажучы, без энтузіязму.

Сёньня Беларусь апынулася ў самым цэнтры глябальнага супрацьстаяньня паміж Расеяй і Захадам, якое нарастае на вачах. Нічога добрага яно краіне не нясе. Беларускае кіраўніцтва і сама Беларусь апынулася перад выклікам.

З аднаго боку, Беларусь — саюзьнік Расеі, вельмі моцна залежны ад яе. І калі Масква паставіць пытаньне рубам наконт ваеннага адказу НАТО з тэрыторыі Беларусі, то Менску будзе цяжка адкруціцца.

Але за час украінскага крызісу Беларусь здолела прэзэнтаваць сябе як нэўтральная дзяржава і нават прымервае на сябе вобраз міратворца. Менск скарыстаўся момантам і гэтым новым міжнародным іміджам, каб размарозіць дачыненьні з Захадам.

Калі ж цяпер Беларусь зойме месца ў акопах «халоднай вайны» разам з Расеяй, то і на нэўтралітэце, і на міратворчасьці, і на спадзяваньнях на нармалізацыю адносін з ЗША і ЭЗ давядзецца ставіць крыж. І вяртацца да звыклай ролі надзейнага расейскага хаўрусьніка. І ўдзельнічаць у чужой вайне.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG