Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская прапаганда стварае ўяўны сьвет, — мэдыяэкспэрт з Масквы


Сяргей Пархоменка
Сяргей Пархоменка

Менскія дамовы наконт замірэньня на ўсходзе Ўкраіны будуць выконвацца да таго моманту, пакуль гэта будзе выгадна Крамлю. Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў расейскі журналіст і выдавец Сяргей Пархоменка.

Сяргей Пархоменка ўпэўнены, што расейская агрэсіўная палітыка ў адносінах да Ўкраіны абумоўленая не зьнешнепалітычнымі мэтамі Масквы, а выключна ўнутрыпалітычнымі.

«Наваросія» — не праект, а працэс

Ён ня лічыць, што ў Крамля калісьці існаваў нейкі канкрэтна расплянаваны праект «Наваросія». На яго думку, існаваў «не праект, а працэс», які заключаўся ў тым, каб стварыць ва Ўкраіне як мага большае напружаньне і мець нагоду для беспрэцэдэнтных прапагандысцкіх намаганьняў, задача якіх — узгадаваць у насельніцтва адчуваньне пагрозы, «крэпасьці ў аблозе», каб адцягнуць увагу расейскай грамадзкай думкі ад унутраных праблемаў.

«Гэта пасьпяхова ўдалося. Сёньня, калі паглядзець на расейскія СМІ, то можна пераканацца, што ніякай Расеі наагул не існуе. Не існуе праблемаў з расейскай эканомікай, палітычнай сыстэмай, грамадзянскай супольнасьцю, сацыяльным забесьпячэньнем, аховай здароўя. Існуюць толькі ворагі, якія атачаюць Расею і якім трэба супраціўляцца. Гэтую сытуацыю групоўка, якая сёньня кіруе Расеяй, прызнала пасьпяховай», — лічыць Пархоменка.

Паводле яго, задача Крамля сёньня ў тым, каб працягваць усё гэта як мага даўжэй і ў гэтым стане «крэпасьці ў аблозе» прайсьці пэрыяд эканамічных цяжкасьцяў, які чакае Расею бліжэйшым часам.

Пуцін ня зьвязвае сябе дамоўленасьцямі

Зыходзячы з гэтага, ня трэба надаваць вялікага значэньня менскім дамовам наконт замірэньня на ўсходзе Ўкраіны:

«Я абсалютна ня веру ў тое, што Пуцін і тыя людзі, якія сёньня вызначаюць расейскую палітыку, адчуваюць сябе хоць у чымсьці зьвязанымі гэтымі дамоўленасьцямі. Гэтыя дамоўленасьці будуць існаваць столькі часу, колькі часу яны ім не замінаюць, і ў той ступені, у якой яны ім не замінаюць. Як толькі атрымаецца, што яны абмяжоўваюць гэтую магчымасьць, абмяжоўваюць адчуваньне варожага наступу і аблогі, у якой апынулася Расея, — з гэтага моманту дамоўленасьці больш ня будуць мець ніякага значэньня», — упэўнены Пархоменка.

Расея ў міжнароднай ізаляцыі

Між тым нэгатыўныя вынікі палітыкі Ўладзімера Пуціна Расея пачынае адчуваць ужо сёньня, мяркуе экспэрт:

«Расея сёньня ў міжнароднай ізаляцыі. І зразумела, што выбрацца з ізаляцыі значна складаней, чым у яе трапіць. Хто мог уявіць сябе яшчэ нядаўна, што Расею выганяць зь „вялікай васьмёркі“ і будзе стаяць пытаньне аб выгнаньні яе зь „вялікай дваццаткі“? Хто мог уявіць сябе, што Расея падпадзе пад эканамічныя санкцыі? Хто мог уявіць сябе, што суседняя Ўкраіна пачне закупляць амэрыканскую зброю і адмовіцца ад закупаў расейскага ўзбраеньня? Гэта цалкам неймаверная сытуацыя!», — кажа Пархоменка.

На ягоную думку, гэта тычыцца перш за ўсё зьнешнепалітычных наступстваў, але ёсьць і наступствы ўнутраныя — паглыбленьне эканамічнага крызісу, які, па сутнасьці, немінучы:

«У Расеі разьвілася інфляцыя, растуць кошты, і незразумела, што можа іх спыніць. Вось калі заўтра тыя санкцыі, якія былі накладзеныя на Расею, будуць скасаваныя, а Расея сустрэчна скасуе тыя недарэчныя санкцыі, якія яна наклала сама на сябе ў выглядзе абмежаваньняў на імпарт харчаваньня, — гэта што, верне цэны ў першапачатковы стан? Не, вядома, ня верне, а, хутчэй за ўсё, цэны працягнуць свой рост», — тлумачыць Пархоменка.

Рэйтынг Пуціна пабудаваны на прапагандзе

Кажучы пра вялікую падтрымку зьнешняй палітыкі Ўладзімера Пуціна ў расейскім грамадзтве, журналіст адзначае, што Крэмль сёньня валодае фактычна неабмежаванымі магчымасьцямі для прапагандысцкага ціску на расейскае насельніцтва.

Расейская прапаганда стварае нейкі ўяўны сьвет, у які пагружае паступова расейскае грамадзтва

«Па сутнасьці, расейская прапаганда вырашае абсалютна неверагодную і, магчыма, нават беспрэцэдэнтную задачу: яна проста стварае нейкі ўяўны сьвет, у які пагружае паступова расейскае грамадзтва. Гаворка ідзе не пра тое, што парушаны якія-небудзь балянсы, суадносіны, зрушаныя нейкія акцэнты або скажоная інфармацыя. Гаворка ідзе пра стварэньне штучнага сьвету. У гэтым штучным сьвеце ёсьць штучная дзяржава Ўкраіна, якая ня мае ніякіх адносін да таго, што сапраўды сёньня ва Ўкраіне адбываецца. Усякі, хто прыяжджае сёньня ва Ўкраіну з Расеі, бывае цалкам зьдзіўлены тым, што гэта ніяк не суадносіцца з тым вобразам, які стварае расейская прапаганда», — падкрэсьлівае Пархоменка.

Гэтая прапаганда забясьпечвае рэйтынг Уладзімера Пуціна, а грунтуецца ён на ўяўнай карціне сьвету, таму трываласьць гэтага рэйтынгу досыць слабая. Пархоменка таксама лічыць, што трэба асьцярожна падыходзіць да сацыялягічных дасьледаваньняў наконт стаўленьня насельніцтва да Пуціна і ягонай палітыкі: трэба ўлічваць фактар страху — часам нават неўсьвядомленага:

«Я б ня вельмі давяраў гэтым рэйтынгам, бо яны прадстаўляюць сабой хутчэй вынік нейкага ціску на апытаных, чым адлюстраваньне іх рэальнай пазыцыі. Гэтыя людзі гэтаксама лёгка ад свайго куміра адмовяцца, як яны лёгка пачалі прызнавацца яму ў любові, у той момант, калі яны адшукаюць нейкія рэальныя праблемы, якія закрануць непасрэдна іх», — падкрэсьлівае Пархоменка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG