Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілы выбітных беларусаў у Празе — пад апекай «Скарыны»


Магіла Васіля Захаркі

Магіла Васіля Захаркі

Ад сёньня магілы прэзыдэнтаў Рады БНР Пётры Крачэўскага і Васіля Захаркі, а таксама сьпевака Міхася Забэйды-Суміцкага на Альшанскіх могілках у Празе ўзятыя пад апеку суполкі «Скарына».

У Празе на Альшанскіх могілках пахаваныя прэзыдэнты Рады БНР Пётра Крачэўскі (1879-1928) і Васіль Захарка (1877-1943), а таксама выбітны сьпявак Міхась Забэйда-Суміцкі (1900-1982). У апошнія гады, з пэўных прычынаў, вакол пахаваньняў склалася няпростая юрыдычная сытуацыя.

Паводле чэскага заканадаўства, магіла захоўваецца на працягу тэрміну, на які ўнесеныя грошы. Пасьля гэтага арэнду месца на могілках можна працягнуць на наступныя дзесяць гадоў. Калі ж гэтага не здараецца, адміністрацыя могілак дае год, на працягу якога ўладальнік можа ўнесьці плату. Калі і цягам гэтага тэрміну плата ня ўнесеная, уладальнікам пахаваньня робіцца адміністрацыя могілак. Далей магчымыя два варыянты: магіла можа быць прададзеная, і новы ўладальнік можа зьнесьці помнік і зрабіць новае пахаваньне, альбо — можа быць узятая пад апеку (адопцыю) нейкай асобай ці арганізацыяй, якая бярэ на сябе абавязкі ў справе яе дагляду. У апошнім выпадку магіла ня можа быць прададзеная, новае пахаваньне таксама немагчымае.

Ля магілы Пятра Крачэўскага

Ля магілы Пятра Крачэўскага

У справе зь беларускімі пахаваньнямі сытуацыя разгортвалася такім чынам, што іх уладальнікам стала адміністрацыя могілак. Гэтак здарылася таму, што асобы, якія былі ўпаўнаважныя даглядаць за магіламі, памянялі месца жыхарства і зьехалі з Чэхіі, не паведаміўшы свой новы адрас адміністрацыі могілак, не праінфармаваўшы Раду БНР і не перадаўшы нікому справы.

Паводле чэскага заканадаўства, імёны ўладальнікаў магілаў захоўваюцца ў сакрэце, і доўгі час немагчыма было высьветліць іх статус. Аплата перастала паступаць, і летась магілы перайшлі ў чэскую ўласнасьць.

Далей сытуацыя магла разгортвацца ня самым спрыяльным чынам. Магілы трэба было выкупляць паводле экспэртнай ацэнкі іх кошту, які мог дасягаць пяцізначнай лічбы ў далярах. Яшчэ горш, што магілы маглі набыць людзі (ці арганізацыі), для якіх імёны выбітных беларусаў нічога не гавораць — альбо, наадварот, гавораць вельмі шмат — г.зн. дастаткова, каб наўмысна гэтыя магілы зьнесьці.

Адміністрацыя Альшанскіх могілак з разуменьнем паставілася да звароту актывістаў суполкі «Скарына». Быў прапанаваны варыянт апекі, пры якім патрабавалася ўнесьці меншую плату, чым гэта было б у выпадку набыцьця ва ўласнасьць. У сьнежні 2013 году былі падпісаныя дамовы адносна магілаў Пётры Крачэўскага і Міхася Забэйды-Суміцкага, і сёньня, 10 верасьня 2014 году — Васіля Захаркі (пахаваны разам з жонкай). Тэрмін апекі — 10 гадоў, ён можа быць працягнуты. Цягам гэтага часу магілы ня могуць быць прададзеныя, зруйнаваныя, у іх ня могуць быць пахаваныя іншыя асобы. Тэрмін апекі аплачаны Радай БНР і ахвяраваньнямі на «Дар Сакавіка» супрацоўнікаў беларускай рэдакцыі Радыё Свабода.

Сэртыфікаты на апеку магілаў

Сэртыфікаты на апеку магілаў

Магілы выбітных беларусаў у Празе штогод на Дзень Волі 25 Сакавіка і на Дзяды ўшаноўваюцца мясцовымі беларусамі, чэскімі прыяцелямі і гасьцямі зь Беларусі.

XS
SM
MD
LG