Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галяндыя не аддае Расеі «крымскае золата»


Адзін з экспанатаў

Адзін з экспанатаў

Паміж Расеяй, Украінай і Галяндыяй працягваецца міждзяржаўная спрэчка аб экспанатах выставы «Крым: золата і сакрэты Чорнага мора». Пра гэта паведамляе ИТАР-ТАСС.

Экспазыцыя адкрылася ў амстэрдамскім музэі Аларда Пірсана ў лютым 2014 году і павінна была завяршыцца 28 траўня. Да 1 чэрвеня ўсе экспанаты павінны былі вярнуцца ў Крым і Кіеў.

У сакавіку 2014 году Крым быў анэксаваны Расеяй, пасьля чаго паўстала пытаньне аб прыналежнасьці экспанатаў выставы. Музэй Аларда Пірсана мае абавязаньні па іх вяртаньні як перад Міністэрствам культуры Ўкраіны, так і перад крымскімі музэямі, якія цяпер пад кантролем Расеі.

У канцы жніўня кіраўніцтва амстэрдамскага музэю адзначыла, што пытаньне аб прыналежнасьці калекцыі дагэтуль ня вырашана. Музэй Аларда Пірсана гатовы падпарадкавацца вэрдыкту, «вынесенаму кваліфікаваным судзьдзёй», або рашэньню, дасягнутаму на аснове пагадненьня бакоў, а да гэтага моманту пакіне экспанаты ў сябе.

У афіцыйнай заяве з гэтай нагоды музэй адзначаў, што «атрымліваў патрабаваньні ад Крыму і Кіева адносна экспанатаў выставы „Крым: золата і сакрэты Чорнага мора“. На аснове кантрактаў арэнды чатыры крымскія музэі лічаць, што старажытныя прадметы культуры і побыту належыць па заканчэньні экспазыцыі неадкладна вярнуць тым установам, адкуль яны пазычаліся. Міністэрства ж культуры Ўкраіны, у сваю чаргу, лічыць, што гэтыя аб’екты — дзяржаўная ўласнасьць, і вярнуць іх належыць у Кіеў».

9 верасьні ўкраінскія СМІ паведамілі, што ў Кіеў вярнуліся ўсе 19 прадметаў, якія Украіна пазычала для экспазыцыі ў музэі Аларда Пірсана. Сярод іх — залаты скіфскі шлем, залаты скіфскі меч і ножны да яго, а таксама каштоўнасьці сарматаў — прадметы побыту і ўпрыгожаньні. Што тычыцца крымскіх экспанатаў выставы, то яны застаюцца ў музэі Пірсана, пакуль суд не пастановіць, куды іх вяртаць.

XS
SM
MD
LG