Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфляцыя ў Беларусі ўжо перагнала гадавы прагноз


Пра гэта сьведчаць афіцыйныя дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі.

Паводле іх, узровень інфляцыі з пачатку году ўжо склаў 12%, што на 1% перавышае прагноз уладаў на ўвесь сёлетні год. Мабыць, таму днямі Міністэрства эканомікі скарэктавала прагнозныя паказьнікі і заявіла, што па выніках году інфляцыя ўзрасьце ўжо не на 11%, а на 17,3%.

Леў Марголін
Леў Марголін

«Калі б міністэрства эканомікі сказала, што інфляцыя складзе, напрыклад, 17,35%, гэта выглядала б яшчэ больш навукова і дакладна, — кажа Свабодзе эканаміст Леў Марголін. — Але ні з навукай, ні з дакладнасьцю гэты прагноз, на маю думку, не зьвязаны.

Самыя лепшыя для тармажэньня інфляцыйных працэсаў месяцы — ліпень і жнівень — ужо прайшлі. А восеньскія месяцы звычайна даюць ровень інфляцыі крыху большы за вясну. А тут яшчэ дададуцца падвышэньне жыльлёва-камунальных тарыфаў, рашэньне „прывязаць“ цэны на нафтапрадукты да курсу даляра. Эканамісты прагназуюць аслабленьне нацыянальнай беларускай валюты, магчымае ўвядзеньне новых акцызаў. Усе гэтыя фактары працуюць толькі на падвышэньне роўню інфляцыі. Таму, я думаю, паказьнік інфляцыі ў 2014 годзе складзе як мінімум 18%, а больш рэальна — дзесьці працэнтаў 20.

У любым выпадку гэта будзе горш, чым летась, бо тады інфляцыя склала 16,5%».

«У жніўні 2014 году рост інфляцыі ў Беларусі склаў 0,8%. На першы погляд, гэта станоўчы вынік, — працягвае Леў Марголін. — Але няхай гэтая лічба ня ўводзіць у зман звычайнага чалавека. Справа ў тым, што ў жніўні традыцыйна адзначаецца самая нізкая інфляцыя за ўвесь год. Так было і летась. Але тады ў жніўні цэны падрасьлі толькі на 0,1%, а сёлета — на 0,8%.

Больш за тое, у бальшыні краінаў жнівень, як правіла, вылучаецца сярод іншых месяцаў не інфляцыяй, а дэфляцыяй, то бок цэны не растуць, а зьніжаюцца. Гэта найперш зьвязана са зьяўленьнем на рынках вялікай колькасьці сьвежай садавіны і гародніны. Яна, зразумела, таньнейшая за мінулагоднюю, і таму траты насельніцтва зьмяншаюцца. Таму сьвежая садавіна і гародніна станоўча ўплывае на зьніжэньне інфляцыі».

Паводле дадзеных Нацстаткаму, з пачатку сёлетняга году найбольш на рост інфляцыі паўплывала падвышэньне тарыфаў на розныя паслугі і прадукты харчаваньня. Іх доля ў агульным росьце інфляцыі склала, адпаведна, 17,8% і 15,2%. Цэны на прамысловыя тавары зьмяняліся больш павольна — на 4,9%.

А вось меркаваньні некаторых эканамістаў, што санкцыі Расеі адносна харчоў з Эўразьвязу і Амэрыкі справакуюць рост цэнаў на прадукты ў Беларусі, ня спраўдзіліся. Афіцыйная статыстыка цьвердзіць, што такі рост у жніўні склаў толькі 0,4%.

З харчоў у краіне найбольш падаражэлі цукар, яйкі і алькаголь. Затое больш таннымі сталі бульба і гародніна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG