Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы iPhone легальна зьявіцца ў Беларусі толькі пад Новы год


Apple прэзэнтаваў два новыя смартфоны — iPhone 6 і iPhone 6 Plus з экранамі ў 4,7 і 5,5 цалі адпаведна, а таксама разумны гадзіньнік Apple Watch.

У ЗША яны паступяць у продаж 19 верасьня. Там пачатковая цана iPhone 6 з кантрактам апэратара мабільнай сувязі будзе 199 даляраў, а iPhone 6 Plus — 299 даляраў. Цана без кантракту пачынаецца ад 649 даляраў, на iPhone 6 Plus — ад 749 даляраў.

У Беларусі продаж навінак аўтарызаванымі рэсэлерамі можа пачацца толькі праз 3–4 месяцы. Як паведамілі Радыё Свабода ў адной з такіх крамаў, навінкі будуць паступаць паводле той жа схемы, што і папярэднія мадэлі айфона, — праз самастойны завоз і самастойную сэртыфікацыю.

«Мы не ўваходзім ні ў першую, ні ў другую хвалю. Першая хваля — гэта краіны, дзе ёсьць крамы сеткі Apple Store, там продажы пачнуцца ў першую чаргу. У Беларусі ёсьць толькі крамы-рэсэлеры, якія будуць новыя айфоны прывозіць самастойна і пасьля сэртыфікаваць. Як мінімум, гэта будзе праз 3–4 месяцы», — сказаў мэнэджэр крамы.

Аднак набыць навінкі можна будзе ў суседніх краінах.

Так, замовы ў расейскіх онлайн-крамах пачнуць прымаць ужо 26 верасьня. Кошт смартфона Apple iPhone 6 у Расеі складзе 32 тысячы расейскіх рублёў, iPhone 6 Plus будзе каштаваць ад 37 тысяч расейскіх рублёў.

Ва Ўкраіне новы смартфон iPhone 6 зьявіцца ў кастрычніку і будзе даступны па цане ад 15,99 тысячы грыўняў.

XS
SM
MD
LG