Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тымчук: Ідзе падрыхтоўка да маштабнага штурму


Дзьмітры Тымчук

Дзьмітры Тымчук

Падчас падпісанага ў Менску замірэньня расейскія войскі канцэнтруюць на сваіх пазыцыях вайсковую тэхніку і завозяць на тэрыторыю Ўкраіны бэнзавозы.

Тым часам украінская армія спрабуе стварыць суцэльную лінію абароны і паўнавартасную лінію фронту, каб адгарадзіць Украіну ад «заразы з ДНР і ЛНР». Пра гэта паведаміў Свабодзе каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук.

— Чаму ў рэжыме спыненьня агню працягваюцца абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі з боку расейскіх войскаў і сэпаратыстаў?

— Таму што тэрарысты трымаюць замірэньне толькі на словах, і гэтыя словы прагучалі падчас падпісаньня пратаколу ў Менску. Адразу пасьля гэтага кіраўніцтва ДНР у асобе «народнага губэрнатара» Паўла Губарава заявіла, што ён пляваць хацеў на гэты мір і што падпісаньне, як ён выславіўся, паперак нічога ня значыць. Цяпер на практыцы мы бачым пацьверджаньне ягоных слоў. Ніводзін дзень пасьля падпісаньня замірэньня не прайшоў без абстрэлаў і актыўных дзеяньняў з боку расейскіх войскаў і тэрарыстаў. Абстрэлы ідуць пастаянна. Так, інтэнсіўнасьць значна зьменшылася. Але мы лічым, што гэта зьвязана ў першую чаргу з тым, што ўкраінскія войскі ня робяць ніякіх актыўных дзеяньняў.

— Як выкарыстоўваюць замірэньне сэпаратысты і расейскія войскі?

— Яны выкарыстоўваюць рэжым спыненьня агню для перагрупоўкі сваіх войскаў. Сёньня каля Новаазоўску мы зафіксавалі канцэнтрацыю ня менш як 180 адзінак ваеннай тэхнікі расейскіх войскаў. Учора Памежная служба заяўляла пра тое, што калёна са 172 БТРаў рухалася з боку Таганрогу ў бок Марыюпаля. За гэтыя суткі гэтая калёна ўжо перасекла мяжу і канцэнтруецца на подступах да Марыюпаля. Туды ж перакідваюцца ўстаноўкі «Град». Карацей, поўным ходам ідзе падрыхтоўка да штурму. Такім чынам, расейскія войскі і бандфармаваньні выкарыстоўваюць замірэньне для падрыхтоўкі да наступальных дзеяньняў. Для сэпаратыстаў і расейскіх войскаў цяпер вельмі важны момант. Справа ў тым, што да таго як пачнуцца дэталёвыя перамовы пра спэцыяльны статус падкантрольнай тэрарыстам тэрыторыі ў Данбасе, ім неабходна як мага больш захапіць гэтых тэрыторыяў. Кіраўніцтва ДНР і ЛНР ужо выказала сваю перакананасьць у тым, што спэцыяльны статус падкантрольнай ім тэрыторыі павінен распаўсюджвацца на ўсю тэрыторыю Данецкай і Луганскай абласьцей. Цяпер яны кантралююць толькі траціну. Таму для іх зараз вельмі важна захапіць як мага больш гэтых тэрыторыяў. Яны выдатна разумеюць, што Ўкраіна ніколі проста так не аддасьць астатнія дзьве траціны Данецкай і Луганскай абласьцей. Таксама нас насьцярожвае, што цягам апошніх сутак мы фіксуем вельмі шмат выпадкаў заходаў на тэрыторыю Ўкраіны з боку Расеі бэнзавозаў з гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Гэта можа сьведчыць толькі пра тое, што ідзе падрыхтоўка да маштабнага наступленьня па ўсіх франтах.

— Ці можа ўкраінская армія выкарыстаць замірэньне для ўмацаваньня?

— Украінскія войскі выкарыстоўваюць замірэньне для ўмацаваньня сваіх пазыцыяў. Трэба разумець, што цягам канфлікту ў Данбасе не было адзінай лініі абароны, украінскія войскі і іх праціўнік дзейнічалі ў фармаце Айчыннай вайны 1812 году: пастаянныя рэйды, адсутнасьць сур’ёзных умацаваных пазыцыяў, адсутнасьць лініі фронту. Мы ўмоўна кантралявалі нейкія раёны, у тым ліку такія, якія знаходзіліся ўнутры падкантрольных тэрарыстам тэрыторыяў. Лініі фронту не было. Цяпер стаіць важная задача — калі ўжо зайшла гаворка пра спэцыяльны статус тэрыторыяў ДНР і ЛНР, то трэба іх ізаляваць, каб гэтая зараза не распаўзалася. Гэта значыць, што трэба стварыць суцэльную лінію абароны і паўнавартасную лінію фронту. Менавіта гэтым украінскія войскі цяпер і займаюцца. Найбольш патрапаныя ў баях часьці, якія пацярпелі ў баявых сутыкненьнях, адводзяцца з тэрыторыі актыўных дзеяньняў, праводзяцца даўкамплектаваньні і людзям даецца час адпачыць. У дадзены момант Украіна займае выключна абарончую пазыцыю, актыўных наступальных дзеяньняў няма.

XS
SM
MD
LG