Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Дзе можна закахацца ў пэдафіла, гвалтаўніка і забойцу»


У старых дамоў, як і ў людзей, лёсы могуць быць вельмі пакручастыя. Ці мог падумаць віленскі інжынэр і архітэктар Пётар Нонхарт, які ў 1612 годзе пабудаваў у Гайцюнішках сваю загарадную рэзыдэнцыю ў выглядзе замка, хто паселіцца за гэтымі тоўстымі мурамі праз тры з паловай стагодзьдзі? Аднак тое, што менавіта тут было вырашана ў 1960 годзе арганізаваць турму-лякарню для звар’яцелых злачынцаў, можна назваць шчасьлівым паваротам у лёсе старога замка. Бо клініка ўратавала будынак ад занядбаньня і разбурэньня. Ад самага пачатку і да 2000 году яе ўзначальваў Аляксей Барысаў. Стары доктар жыве непадалёк ад клінікі. Гэта 80-гадовы спакойны, памяркоўны чалавек. Гаворачы, стары многа курыць, прычым толькі папяросы «Беламор».

— Арганізаваць гэтую бальніцу было вельмі цяжка. Пайшло два гады на тэхнічныя працы. Гэта краты пэўнага стандарту, ячэйкі адмысловыя, зварка адмысловая. На кожнае вакно, на кожныя дзьверы. Думалі мы, напэўна, цэлы месяц над арганізацыяй аховы. Перагледзелі аховы і ў Германіі, і ў Нідэрляндах, і ў Штатах, і ў Гітлера. І спыніліся на ахове канцлягераў. Самая танная, самая простая. І перамагчы яе нельга. Але ня ўсё ўзялі мы з аховы гэтай. Вышкі не ўзялі. Я сказаў: «Ня трэба. Хай не нагадвае гэта людзям, мінакам, сваякам, тым, хто бачыў гэтыя канцлягеры. Давайце гэта выключым.

Сёньня замак Нонхарта выглядае вельмі прэзэнтабэльна. Хоць прыёмы на вышэйшым узроўні наладжвай. Беленькі, чысьценькі, з плястыкавымі дзьвярыма і вокнамі. Людажэры і крывавыя маньякі тут ужо не жывуць. Для іх пабудаваны новы корпус. Абкружаны высокімі кратамі. На жаль, дзяжурны ўрач быў заняты прыёмам хворага, якога прывезьлі ў міліцэйскім варанку. Але пагаварыць удалося з вартаўніком, які бачыць у Гайцюнішках зьнявагу сацыяльнай справядлівасьці.

— Сядзяць цалкам на дзяржзабесьпячэньні, ды яшчэ ім плацяць на рахунак. За інваліднасьць. Ідуць на рахунак грошы. Просты працаўнік, адпахаўшы ў калгасе, калі трапіў у прытулак для старых, грошы ў яго забіраюць. Даюць толькі на пасту. А тут яны цалкам атрымліваюць. Гэта несправядліва. Я ня ведаю, які гэта гуманізм.

— А тут ёсьць нейкія страшныя людзі? Забойцы?

— Вядома. 350 чалавек у гэтым корпусе. Слухайце, расчленяць маці, складуць у халадзільнік. Пакінуць пячонку, сэрца, астатняе ў каналізацыю. Ёсьць такія, што дзяцей гвалтавалі і ў топцы спальвалі. І лечаць.

— Адсюль можна ўцячы?

— Не. Сыгналізацыя, усярэдзіне санітары, па пэрымэтры ахова, ноччу сабакі выпускаюцца.

Аляксей Барысаў, які закурвае чарговую «беламорыну», а курыць добры доктар з шасьці гадоў, мог бы напісаць цудоўную кнігу. Столькі розных пэрсанажаў ён пабачыў у сваёй доўгай практыцы.

— Усякіх было. Што ў чалавечай прыродзе было, усё я бачыў. Лечацца ня проста забойцы. Бывае, чалавек па неасьцярожнасьці заб’е. А тут лечацца забойцы, якія забіваюць адзін раз, другі, трэці. З асаблівай жорсткасьцю, расчляняюць. Хаваюць па лядоўнях, выносяць, загадзя магілы рыюць. Тут адзін з Гомеля, настаўнік, вельмі разумны чалавек. Любілі яго дзяўчаткі. 10-ці, 12-ці, 14-ці гадоў. Падабаўся ён усім. І ён, дзякуючы сваёй псыхіцы, узяў пасьля заняткаў школьніцу, гадоў 10 ёй было. На ровары яны паехалі ў лес. Ён яе згвалціў, задушыў А магіла ўжо была гатовая. Закапаў яе. Сталі шукаць. Празь некаторы час знайшлі. Але знайшлі не адну магілу. Ён за гэты час яшчэ некалькі магіл выкапаў. Ён вельмі добра ведае ангельскую мову, у яго нават закохваліся маладыя санітарачкі. Ён іх вучыў ангельскай, паводзіць сябе культурна, добра малюе. Вельмі высокае разумовае разьвіцьцё.

— Яго прызналі вар’ятам?

— У яго шызафрэнія. І такая форма, што не паддаецца ніякаму лячэньню. Многа іх. І яшчэ больш жорсткіх. Але гэты толькі адну пасьпеў забіць. А чатыры магілы гатовыя ўжо былі.

— А ці ёсьць шанец у гэтага чалавека выйсьці?

— Ніякага. Хто ж пойдзе на выпіску? Каб кіеўскі Майдан у Гомелі быў? І Лукашэнка ня спыніць. Там тады гатовыя былі судзьдзяў забіць, патрабавалі расстрэлу.

— А як вы да іх ставіліся? Як да злачынцаў ці як да хворых людзей?

— Мы выхаваныя так, што гэта нашы беды і мы ў гэтым вінаватыя. Усе вінаватыя абсалютна. Яны ж без прычыны не бываюць, гэтыя хваробы. Таму ставіліся як да звычайных людзей. І толькі гэта дае посьпех у працы і ў лекаваньні. Калі ты добра ставісься да чалавека, тады гэта лекаваньню можа дапамагчы. І шмат выпадкаў было вылечваньня поўнага. Шызафрэніі.

Гайцюнішкі
Гайцюнішкі

А ці ёсьць шанец у забойцы-вар’ята аднойчы акрыяць і выйсьці на волю? Аказваецца, ёсьць.

— Рашэньне аддаецца ў суд, і судзьдзя вырашае, адпусьціць яго ці не.

— Пасьля такіх выпісак не было рэцыдываў?

— Ёсьць.

— Калі чалавеказабойцу выпусьцілі, а ён забіў, хто павінен мучыцца сумленьнем? Доктар, судзьдзя ці хто?

— А ніхто. Калі б мучыліся сумленьнем лекары, то лекар і году тут не прапрацуе.

Па словах пана Барысава, лекар, які будзе мучыцца сумленьнем, не прапрацуе і году. Ягоная суседка, усьмешлівая і гаваркая Часлава Квецень, працавала ў клініцы не адзін дзясятак гадоў. У былой санітаркі ёсьць свае прыкметы. Пані Часлава паказвае на месяц, які павіс над замкам. А я заўважаю шнар на руцэ кабеты.

— Бачыце, вунь на небе месяц, маладзік? Дык у іх на маладзіку нешта ў галаве закручваецца. Яны тады што хочаш могуць зрабіць. Чакаць можна чаго заўгодна. Бачыце, які ў мяне шнар застаўся? Гэта ад нажа. Была такая хворая, Белая. Яна была вэтурачом, штосьці ў яе з галавой стала, яе сюды прывезьлі. Кажа: «Прынясіце мне нож. Парэжам сала». Чаму мне не сказаць: «Дай мне сала, я парэжу сама»? Ім жа няможна даваць. Але, думаю, кабета такая прыязная, бог зь ім. А яна мяне за руку, паглядзела, што нікога няма, і разанула мяне. Нож хлебны, вялікі такі. Я закрычала, прыбеглі і мяне ўратавалі. А так магла ўжо быць на тым сьвеце. Такія былі выпадкі.

А вось яшчэ адзін выпадак акрыяньня ад Аляксея Барысава.

— Адзін забіў дзяцей і жонку. Шасьцёра чалавек. А пасьля прасьвятлела ў мазгах пасьля лячэньня. Зрабіў з прасьціны пятлю і на вакне, на кратах павесіўся. Прыехалі з пракуратуры. І што я ім сказаў? «Ён правільна паступіў». Шэсьць чалавек забіць. І першы раз пачуў ад пракурора: «Правільна». Гуманнасьць гуманнасьцю, але калі такое... Дзеці па 5, па 10 гадоў. І жонка ні ў чым ня вінная, абсалютна. Там ні рэўнасьці, нічога. Галасы загадалі, і ўсё.

Вы б хацелі жыць на поўным забесьпячэньні, на беразе ціхай рачулкі, у прыгожым помніку архітэктуры, абкружаным вытанчаным паркам? Гайцюнішкі — ня самае горшае месца, каб прасьвятлець мазгамі. Але на маладзік трэба азірацца часьцей. Як і да галасоў унутры сябе прыслухоўвацца...

XS
SM
MD
LG