Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быкаўскія чытаньні ў Новым замку


Новы замак у Горадні, дзе адбудуцца дзявятыя гарадзенскія чытаньня, якія сёлета прысьвечаныя творчасьці Васіля Быкава
Новы замак у Горадні, дзе адбудуцца дзявятыя гарадзенскія чытаньня, якія сёлета прысьвечаныя творчасьці Васіля Быкава

Сёньня ў Горадні адбудуцца навуковыя чытаньні з нагоды 90-годзьдзя Васіля Быкава.

Іх праводзіць абласная бібліятэка імя акадэміка Яўхіма Карскага. У Новым замку прагучаць шаснаццаць дакладаў. У полі зроку дасьледчыкаў будзе, у прыватнасьці, асэнсаваньне асобы Васіля Быкава ў гарадзенскім кантэксьце. Адзін з дакладаў прачытае літаратурны крытык, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў прафэсар Ігар Жук.

Васіль Быкаў як сачыніцель

Ігара Жука заінтрыгавала думка пра тое, што Быкаў сябе аднойчы назваў больш сачыніцелем, чым фіксатарам фактаў з франтавога і ня толькі франтавога жыцьцёвага вопыту. Дасьледчык зазначае: «Гэтая думка, што ён сачыніцель, раптам павярнула мяне да Быкава іншым бокам. Сачыніцельствам яму было займацца яшчэ больш цікава і па-пісьменьніцку прымальна, чым проста перадаваць свае абагуленыя назіраньні, асэнсаваныя і перажытыя. Чаму ён і перайшоў, аказваецца, на партызанскую тэму, што партызанка, партызанскі матэрыял яму, франтавіку, давалі магчымасьць гэтага сачыніцельства».

«Вось я і паставіў перад сабой такую задачу, — кажа Ігар Жук, — паспрабаваць разабрацца: а ў чым жа інтрыга гэтага сачыніцельства, што інтрыгуе не ў самім факце пададзенага матэрыялу, а ў тым, як гэты матэрыял прапушчаны празь сьвядомасьць Васіля Быкава. Як будуецца так званая наратыўная інтрыга ў прозе Васіля Быкава».

Бутэлька, закаркаваная ўлёткай...

«Мы памятаем, працягвае Ігар Жук, што Быкава вінавацілі, што дзесьці ён як быццам няпраўду напісаў, ня ведаў чагосьці. У партызанскіх аповесьцях, напрыклад. Прычым яму і ад сяброў даставалася. Алесь Адамовіч некалі ўпікнуў яго за тое, што ў „Сотнікаве“ бутэльку затыкаюць лістоўкай, гэта тое ж самае, што сторублёўкай. Таму што не было чаго курыць. Такія дэталі, канечне, тонкасьць, і іх трэба ведаць. Могуць быць промахі часам, але ў меншым. Васіля Быкава цікавілі экзыстэнцыйныя магчымасьці чалавека. Для яго гэта было важным».

Партызанка, партызанскі матэрыял яму, франтавіку, давалі магчымасьць гэтага сачыніцельства
Ігар Жук

Партызанка паявілася ў творчасьці пісьменьніка даволі рана, ужо ў 1960-х гадах: «Круглянскі мост», «Сотнікаў», якія былі напісаныя яшчэ ў Горадні. «А ў „Пайсьці і не вярнуцца“ — там жа ўвогуле героі ідуць у Скідаль, — кажа Ігар Жук і зазначае: — Так што ідэя сачыніцельства намі недаацэненая. А яно важнае для вялікіх пісьменьнікаў: усё ж сачыняецца. Мастацкая літаратура патрабуе такога. Гэтую прастору для сябе ён бачыў у партызанскіх аповесьцях. Гэта і ў пазьнейшых творах, у „Аўганцы“, у „Сьцюжы“».

«Тут быў Быкаў»

Ля аднаго гарадзенскага дому на газоне час ад часу паяўляецца шыльдачка: у гэтым доме жыў Быкаў. Потым яна зьнікае. Дзяжурыць каля яе актывісты, якія хочуць увекавечаньня памяці пісьменьніка, ня могуць... Ігар Жук успамінае, што ў літоўцаў ёсьць «шлях Чурлёніса» (між іншым, у суседніх Друскеніках). Крытык мяркуе, што нешта аналягічнае павінна быць у Горадні: нейк абазначаны месцы, зьвязаныя з жыцьцём і творчасьцю Быкава. Дапамагчы тут могуць здымкі, што захоўваюцца ў музэйчыку Васіля Быкава, што створаны намаганьнямі Мікалая Мельнікава. На гэтых здымках пісьменьніка можна ўбачыць у розных месцах гораду. У самых важных павінны быць указальнікі, лічыць Ігар Жук. Тым больш добрая нагода была і ёсьць сёлета, «калі юбілейны год пісьменьніка і калі Горадня названа была культурнай сталіцай краіны. Для мяне ён цалкам быкаўскі, гэты горад,» — падсумоўвае Ігар Жук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG