Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ташкент распачаў перасьлед «Карымавай Г.»


Гюльнара Карымава

Гюльнара Карымава

Генпракуратура Ўзбэкістану паведаміла сёньня аб праведзеным папярэднім сьледзтве ў крымінальнай справе, дзе ў якасьці падазраванай фігуруе нейкая «Карымава Г.».

Крыніца ў праваахоўных органах краіны заявіла расейскаму агенцтву «РИА-Новости», што гаворка ідзе пра старэйшую дачку ўзбэцкага прэзыдэнта Гюльнару Карымаву.

Як гаворыцца на сайце ўзбэцкай пракуратуры, чальцы арганізаванай групы ў пэрыяд з 2011 году па 2013 год пад выглядам вядзеньня прадпрымальніцтва зрабілі шкоду дзяржаве ў асабліва буйных памерах. Чальцам групы ставяць у віну шантаж, вымагальніцтва, фальсыфікацыю дакумэнтаў і крадзяжы.

Узбэцкая служба нашага радыё зрабіла хроніку падзеньня ўзбэцкай «прынцэсы».

Красавік 2013:

Імя Карымавай раптоўна зьнікае з афіцыйнага сьпісу паслоў на сайце МЗС Узбэкістану. Яна зьнятая з пасады пасла Ўзбэкістану пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Яна займала гэтую пасаду зь верасьня 2008 году.

Травень 2013:

Швэдзкія журналісты абнародавалі дакумэнты аб карупцыйнай сувязі паміж Гюльнарай Карымавай і швэдзкай тэлекамунікацыйнай кампаніяй TeliaSonera.

Кастрычнік 2013:

Некалькі кантраляваных Карымавай тэлеканалаў і радыёстанцый спынілі вяшчаньне.

Кастрычнік 2013:

Банкаўскія рахункі мэдыя-голдынгу Terra Group, зьвязанага з Карымавай, былі замарожаныя з прычыны абвінавачаньняў у фінансавых махінацыях.

Лістапад 2013:

Гюльнара Карымава піша ў сваім акаўнце ў Twitter, што адзін зь яе целаахоўнікаў быў арыштаваны і зьбіты супрацоўнікамі спэцслужбаў краіны. Пасьля гэтага на пэўны час яе акаўнт быў заблякаваны.

Люты 2014:

У кватэры Карымавай ў Ташкенце праведзены ператрус. Арыштаваныя яе меркаваны каханак Рустам Мадумараў і два іншыя яе паплечнікі. Усе трое абвінавачваюцца ў крымінальных злачынствах – ухіленьні ад выплаты падаткаў і незаконным захоўваньні валюты.

Сакавік 2014:

Узбэцкая служба нашага радыё і Бі-Бі-Сі атрымліваюць копіі рукапіснага ліста ад імя Карымавай, дзе яна піша, што знаходзіцца пад хатнім арыштам, што яна была зьбітая і знаходзіцца пад моцным псыхалягічным ціскам. Карымава афіцыйна названая ў якасьці падазраванай у справе аб хабарніцтве з удзелам швэдзкай тэлекамунікацыйнай кампаніі TeliaSonera.

Жнівень 2014:

Бі-Бі-Сі атрымлівае ліст Карымавай, у якім яна скардзіцца на лячэньне пад хатнім арыштам. Яна піша, што яе і яе дачку лечаць «горш, чым сабак».

XS
SM
MD
LG