Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы любім украінскі боршч!»


Акцыя салідарнасьці з Украінай пад такой назвай прайшла ўвечары 9 верасьня ў сядзібе БНФ.

«Нас абурыла, што ў Расеі пачалі адмаўляцца ад назвы „ўкраінскі боршч“ і падаваць такую ж страву пад назвай „свекольный суп“ ці яшчэ нейкай. Украінскі боршч — гэта ня толькі ўсясьветна вядомая страва, але сымбаль, у тым ліку сымбаль нашай любові да Ўкраіны і яе грамадзянаў, якія зараз змагаюцца за дэмакратыю і незалежнасьць, у тым ліку і нашай Беларусі. Таму мы прыдумалі такую форму гэтай дабрачыннай акцыі — частаваньне ўкраінскім баршчом усіх жадаючых і збор грашовых сродкаў на дапамогу параненым украінскім вайскоўцам і ўцекачам», — апавяла перад акцыяй рэжысэрка Вольга Мікалайчык, адна з арганізатараў акцыі.

Разам зь ёй акцыю салідарнасьці праводзілі былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, сустарашыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец, грамадзкая актывістка Юлія Сьцяпанава ды сябры грамадзкага «Камітэту салідарнасьці з Украінай».

Выступоўцы і ўдзельнікі акцыі згадалі падзеі на Майдане і ўшанавалі памяць беларуса Міхала Жызьнеўскага, які адным зь першых загінуў, абараняючы Майдан. Усяго, паводле афіцыйных украінскіх крыніцаў, акрамя амаль ста абаронцаў Майдану, ва Ўкраіне ўжо загінула больш за 800 украінскіх вайскоўцаў, некалькі тысяч параненыя, шмат ахвяраў таксама сярод цывільных грамадзян.

Вайна фактычна наблізілася да межаў Беларусі, а параза дэмакратычных і незалежніцкіх сілаў ва Ўкраіне можа абярнуцца агрэсіяй і супраць Беларусі, адзначалі выступоўцы, заклікаючы да салідарнасьці з дэмакратычнай Украінай.

Ахвяраваньні, якія сабралі ўдзельнікі акцыі, пойдуць на лячэньне параненых украінскіх вайскоўцаў і дапамогу ўцекачам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG