Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі: кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Ці прывядзе рашэньне саміту НАТО да ваенна-палітычнай напружанасьці ў рэгіёне?

Валер Карбалевіч: «На дадатак да эканамічнай вайны паміж Расеяй і Захадам можа абвастрыцца і ваенна-палітычнае супрацьстаяньне. На саміце НАТО было прынята рашэньне ўзмацніць ваенную прысутнасьць альянсу ў Цэнтральнай Эўропе. Верагодна, Расея ў адказ зробіць адпаведныя захады. Дык што, сьвет вяртаецца да паўнавартаснай „халоднай вайны“?»

Андрэй Паротнікаў

Андрэй Паротнікаў

Андрэй Паротнікаў: «Хутчэй можна назваць гэта халодным мірам. Што да пашырэньня вайсковай прысутнасьці НАТО ва Ўсходняй Эўропе, то тыя лічбы, які агучаныя, хутчэй уяўляюць сабой дэманстрацыю сьцяга. Плянуецца разьмясьціць на пяці вайсковых базах 2 тыс. вайскоўцаў. Відавочна, што паўплываць на суадносіны ваенных сілаў у рэгіёне яны ня могуць. Гэтыя рашэньні скіраваныя хутчэй на тое, каб супакоіць эліты краінаў Балтыі і Польшчы перад абліччам расейскай пагрозы».

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі: «Я б не сьпяшаўся зь нейкімі алярмісцкімі высновамі. Я паглядзеў, як ацэньвае вынікі саміту НАТО ва Ўэльсе прэса краін рэгіёну. Расейскія мэдыі з такой усьмешкай пішуць, што палякі і прыбалты шмат хацелі, але мала атрымалі. Вось і польская газэта „Рэч Паспалітая“ надрукавала даволі ядавіты артыкул пад загалоўкам „З грозным выглядам на дыбачках“. Назва кажа сама за сябе. То бок палякі незадаволеныя рашэньнем НАТО.

Вось жа, з ваеннага гледзішча нічога прынцыпова новага ў рэгіёне не адбываецца. Ня будзе якасных зьменаў у дыспазыцыі сілаў паміж НАТО і Расеяй. Заходнікі атлусьцелі за гэтыя гады, калі ім здалося, што Расея стала такой вэгетарыянскай. Дзеяньні Расеі ва Ўкраіне ўжо цюкнулі ім у цемечка. Але яны яшчэ не асэнсавалі, ім ня хочацца вылазіць з свайго камфорту. Таму яны будуць спрабаваць і далей рабіць такія сымбалічныя жэсты, спадзеючыся, што Пуцін адумаецца».

Ці зможа Беларусь захаваць нэўтралітэт?

Карбалевіч: «Дагэтуль усе экспэрты робяць выснову, што Беларусь у геапалітычным сэнсе выйграла ад украінскага крызісу. Пазыцыя нэўтралітэту, якую заняла краіна, дазволіла ёй стаць цэнтрам міратворчых высілкаў па ўрэгуляваньні канфлікту ва Ўкраіне. Гэта падвысіла яе міжнародны аўтарытэт, дазволіла паскорыць працэс размарожваньня адносін з Захадам.

Але цяпер сытуацыя можа памяняцца. Нават зважаючы на сымбалічныя дзеяньні НАТО, у рэгіёне можа пачацца гонка ўзбраеньняў, абвастрыцца ваенна-палітычная напружанасьць. Ці зможа ў гэтых новых умовах Беларусь захаваць нэўтралітэт?»

Паротнікаў: «Безумоўна, нават гэтыя сымбалічныя крокі НАТО могуць абвастрыць напружанасьць. На жаль, характар тых рашэньняў, якія прымаюцца ў Крамлі, тыя крокі, якія зьдзяйсьняюцца Расеяй, не даюць падставы меркаваць, што расейская палітыка грунтуецца на нейкім рацыянальным разьліку. У палітыцы Масквы зашмат эмоцыяў, ідэалёгіі, нават напаўрэлігійнай містыкі. Маўляў, Захад замахваецца на Сьвятую Русь і інш. Таму нават сымбалічнае пашырэньне вайсковай прысутнасьці НАТО ў рэгіёне можа быць расцэнена часткай расейскіх элітаў як правакацыя.

Ужо гучаць заклікі ствараць у Беларусі ўдарную групоўку

І Масква можа пачаць рэагаваць адпаведна. Ужо гучаць заклікі разьмясьціць ракетныя комплексы „Іскандэр“ у Калінінградзкай вобласьці, ствараць у Беларусі ўдарную групоўку, каб у небясьпечны момант прабіць калідор праз тэрыторыю Літвы да Калінінградзкай вобласьці».

Класкоўскі: «Сапраўды, як пісаў колісь расейскі паэт, „умом Россию не понять“. Дзеяньні Масквы цяжка прагназаваць. Я магу спрагназаваць толькі тое, што Лукашэнка будзе манэўраваць да апошняга. У яго ёсьць тры спадзевы.

Па-першае, ён разьлічвае, што ягоная няхітрая тактыка „і нашым, і вашым“ будзе яшчэ нейкі час працаваць па інэрцыі. То бок ён ляціць у Кіеў і там кажа адно. А калі ляціць у Маскву і дае інтэрвію расейскім тэлеканалам, то кажа іншае. Маўляў, дзядзька Сэм нас ілбамі сутыкае. То бок — выкарыстоўвае ўвесь арсэнал савецкага палітрука.

Па-другое, ён спадзяецца на тое, што ў Масквы ўсё ж ня хопіць пораху на зусім авантурныя радыкальныя дзеяньні, то бок на паўнавартасную вайну супраць Украіны і процістаяньне Захаду. Таму што рэсурсы непараўнальныя, эканоміка Расеі можа абваліцца. Разьлік Лукашэнкі — на тое, што Расея надарвецца на Ўкраіне і пачне даваць задні ход.

Калі Пуцін закусіць цуглі, то нікуды Лукашэнка ня дзенецца

Па-трэцяе, Лукашэнка спадзяецца, што Пуцін, трымаючы ў галаве нейкія варыянты адступленьня, ня будзе ўцягваць Беларусь у гэты канфлікт і паспрабуе захаваць Менск як нейкую перамоўную пляцоўку. І таму ня будзе перашкаджаць умоўнаму нэўтралітэту Беларусі. Але калі Пуцін закусіць цуглі, то нікуды Лукашэнка ня дзенецца».

Ці пагоршацца адносіны Беларусі з Захадам?

Карбалевіч: «Як тут адзначалі, нельга выключаць, што Расея будзе спрабаваць даць адказ НАТО з дапамогай Беларусі. Ужо цяпер Масква настойліва праціскае ідэю разьмяшчэньня ў Беларусі сваёй вайсковай авіябазы. Мусіць, гэты працэс паскорыцца. Ці зможа Беларусь супраціўляцца? Калі не, калі Менск зойме месца ў акопах „халоднай вайны“ разам з Масквою, як гэта адаб’ецца на адносінах з Захадам? Трэнд на размарожваньне адносін ці можа перабіцца трэндам на ваенна-палітычнае супрацьстаяньне?»

Паротнікаў: «Калі Расея прымусіць Беларусь падтрымаць яе палітку канфрантацыі з Захадам, то спадзевы Менску на паляпшэньне адносін з ЗША і ЭЗ ня спраўдзяцца. На Захадзе Беларусь будзе разглядацца як несамастойны суб’ект, як расейскі васал.

Безумоўна, у Беларусі ёсьць магчымасьць адмовіцца ад разьмяшчэньня тут расейскіх вайсковых аб’ектаў. Але сказаўшы „А“, трэба казаць і „Б“, то бок трэба дыстанцыявацца ад Расеі і рухацца ў бок Эўропы. Але ў такім выпадку памеры расейскай эканамічнай падтрымкі Беларусі значна зьменшацца.

Калі Масква пойдзе на сур’ёзную канфрантацыю з Захадам, то ніякіх шанцаў у Расеі перамагчы ў гэтым змаганьні няма

Але трэба разумець, што калі Масква пойдзе на сур’ёзную канфрантацыю з Захадам, то ніякіх шанцаў у Расеі перамагчы ў гэтым змаганьні няма. Бо які б Захад ні быў лянівы, атлусьцелы, іх патэнцыялы непараўнальныя. І зьмяншэньне расейскай эканамічнай дапамогі Беларусі з боку Расеі будзе ў любым выпадку. Бо стан эканомікі Расеі пагаршаецца. Таму Беларусі трэба рабіць выбар. Альбо стаць у адзін шэраг з Расеяй у яе барацьбе супраць Захаду і захаваць на некаторы, даволі непрацяглы час цяперашні ўзровень расейскай эканамічнай падтрымкі. Альбо захаваць нэўтралітэт і магчымасьць выбудоўваць нармальныя адносіны з Захадам, ахвяруючы расейскай фінансавай дапамогай».

Карбалевіч: «А ці ёсьць у Беларусі такі выбар, пра які кажа сп. Паротнікаў? Ці праблема гэтага выбару ўжо для Беларусі запозьненая?»

Класкоўскі: «Тэарэтычна такі выбар існуе. Досьвед апошніх месяцаў паказвае, што нават фантастычныя, здавалася б, сцэнары могуць рэалізавацца.

Але, па вялікім рахунку, здаецца, выбар зроблены. Лукашэнку ўжо стукнула 60 гадоў. У такім узросьце людзі рэдка мэнтальна мяняюцца. І гэты ягоны тэзіс пра дзядзьку Сэма ў інтэрвію расейскаму тэлеканалу сьведчыць пра тое, што падобныя думкі сядзяць у яго вельмі глыбока. І таму цяжка ўявіць, што ён зможа зрабіць геапалітычны кульбіт. Гэта наступства 20-гадовай палітыкі інтэграцыі з Расеяй. Сёньня Беларусь у пастцы.

Усё будзе залежаць ад таго, наколькі далёка пойдзе Пуцін. Сам па сабе факт, што тут замест зьвяна самалётаў-зьнішчальнікаў зьявіцца полк, — гэта для адносін з Захадам не катастрофа. Бо на аэрадроме ў Шаўляі таксама натаўскія зьнішчальнікі знаходзяцца. І ў Польшчы таксама амэрыканскія вайсковыя аб’екты. Такая гульня мускуламі, баявыя стойкі на пэўным узроўні дапушчальныя. Усе палітыкі разумеюць, што гэта гульня. Вось Лукашэнка кажа пра дзядзьку Сэма, а між тым цяпер у Менску знаходзіцца амэрыканская дэлегацыя і бяз шуму і пылу вырашае нейкія практычныя пытаньні.

Але ў гістарычнай пэрспэктыве Беларусь з гэтай прывязкай да Масквы прайграе. Бо рана ці позна Расея лясьнецца так, як ляснуўся СССР. Бо ня вытрымае спаборніцтва з Захадам. Таму што рэсурсаў у яе меней, чым у СССР. І тады Беларусь апынецца каля разьбітага карыта. І спатрэбіцца выбудоўваць замежную палітыку фактычна з нуля».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG