Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 10 верасьня: Дзень супраць самагубстваў


Ілюстрацыя з Календара Бахарэвіча

Ілюстрацыя з Календара Бахарэвіча

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Сусьветны дзень прадухіленьня самагубстваў. Паводле Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, у сьвеце штогод адбываецца каля мільёна самазабойстваў, паводле сёлетняй справаздачы арганізацыі Беларусь займае 19-е месца ў сьвеце з паказьнікам 18.3 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва.

На ўчастку трасы Менск-Магілёў у раёне населенага пункту Хутар чакаецца пасадка на аўтамабільную дарогу баявых самалётаў, якая пройдзе ў рамках вучэньняў войскаў паветранай абароны Беларусі. Рух для ўсіх транспартных сродкаў на гэтым участку будзе закрыты з 9 да 16 гадзіны.

Менск, у офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі (вул. Веры Харужай, 22-1701) у межах кампаніі Fair Play пройдзе круглы стол «Гучныя справы. Чаму выканаўцы, арганізатары, замоўшчыкі палітычных забойстваў на волі?». Пачатак у 11.30

Менск, кнігарня «логвінаЎ» (Незалежнасьці 37а), аўтограф-сэсія пісьменьніка Віктара Марціновіча. Нагода – выхад новага рамана «Мова». Пачатак у 19 гадзінаў.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

1894 – у Лёндане аштрафаваны першы кіроўца аўто за язду ў п'яным выглядзе – таксіст Джордж Сміт. Штраф склаў 1 фунт стэрлінгаў.

1919 – падпісаньне Сэн-Жэрмэнскай мірнай дамовы паміж краінамі Антанты і новастворанай рэспублікай Аўстрыяй, дамова зафіксавала падзел Аўстра-Вугорскай імпэрыі.

1972 – Генрых Бёль атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

Усе людзі браты, нават калі яны ворагі.

Генрых Бёль

1990 – пачалася ўстаноўчая канфэрэнцыя Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

1996 – ААН зацьвярджае Дамову аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў.

У гэты дзень нарадзіліся:

1809 – Аляксандар Рыпінскі, беларускі паэт.

1893 – Аляксандар Ляўданскі, беларускі гісторык і археоляг. Арганізатар першых навукова-археалягічных экспэдыцый у БССР. Арыштаваны 19 траўня 1937, расстраляны НКВД. Рэабілітаваны ў 1958.

1897 – Жорж Батай, францускі філёзаф і пісьменьнік.

Толькі па дурасьці можна адмовіцца ад сваёй мэты, ня маючы перад сабой іншай, больш годнай.

Жорж Батай

1903 – Іван Клімаў, партыйны і дзяржаўны дзяяч БССР. Адзін з арганізатараў дэпартацыі ў Сібір у 1939 годзе тысячаў віленскіх інтэлігентаў.

1923 – Мікола Бірыла, беларускі мовазнаўца, акадэмік. Асноўныя навуковыя працы датычылі беларускай дыялекталёгіі, сучаснай беларускай літаратурнай мовы і культуры мовы.

1929 – Яўген Глебаў, беларускі кампазытар.

1977 – Віктар Ганчарэнка, беларускі футбаліст і трэнэр па футболе.

З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

Праўда ў нагах. 10 верасьня 1960 этыёпскі маратонец Абэбэ Бікіла басанож перамагае на алімпіядзе ў Рыме

XS
SM
MD
LG