Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пазіраю на Захад – бачу сваё». Такі загаловак сваім нататкам аб падарожжы ў Нямеччыну даў калісьці рэдактар адной з раённых газэт Магілёўшчыны. Тады, у канцы 1990-х, тамтэйшыя прыхільнікі памерлага сацыялізму адразу пачалі скардзіцца ў райвыканкам і абвінавачваць кіраўніка органу друку ў празаходняй арыентацыі. Мінула больш як пятнаццаць гадоў і цяпер, каб пабачыць сваё, даводзіцца пазіраць зусім у іншы бок. На кніжную паліцу са шматтомным зборам літаратурнага альманаху «Афрыка», што выходзіў яшчэ ў 1980-я гады мінулага стагодзьдзя, дзе друкаваліся найлепшыя творы пісьменьнікаў кантынэнту, напісаныя ў часы каляніяльнага і посткаляніяльнага спадзяваньня на лепшую долю.

Маё захапленьне афрыканскай прозай пачалося з аповесьці Марыямы Ба (Сэнэгал) «Такі доўгі ліст» і раману Андрэ Брынка (Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка) «Імгненьне на ветры». Напачатку вабіла экзотыка, нязвыклая эмацыйнасьць ва ўспрыманьні жыцьця, магчымасьць паглядзець наўкола вачыма людзей той часткі сьвету, якую я ніколі не пабачу. А пасьля былі іншыя творы, што адлюстроўвалі псыхалёгію існаваньня чалавека ва ўмовах несвабоды, працэс пакутлівага выбару між пакораю і супрацівам, журбу па страчанай памяці продкаў, прагу зьменаў да лепшага. Дзіўна, але гэтыя аповесьці і раманы, прысьвечаныя жыцьцю афрыканцаў 30-40-гадовай даўніны, часам кажуць пра ўнутраны сьвет сучаснага беларуса дакладней, чым каторыя творы суайчыньнікаў-сучасьнікаў. Дзівісься здольнасьці аўтарытарызму ператвараць людзей, не падобных паводле мэнтальнасьці і ладу жыцьця, у братоў-блізьнятаў. Нават у самых распаўсюджаных сымбалях волі і абнаўленьня практычна няма розьніцы. У Беларусі гэта – вясна, у Зімбабве і Паўднёвай Афрыцы – сэзон дажджу.

Чарльз Мунгошы, «Мы чакаем дажджу», аповесьць. Літаратурны альманах «Афрыка», Выпуск №6; Масква, «Мастацкая літаратура», 1985.

Зімбабвійскі пісьменьнік Чарльз Мунгошы быў двойчы, у 1976 і 1981, уганараваны прэміямі ПЭН-цэнтру. «Мы чакаем дажджу» была напісаная ў колішняй Паўднёвай Радэзіі (сучаснае Зімбабве) за дзесяцігодзьдзе да набыцьця незалежнасьці, але калі перакласьці яе на беларускую мову, зьмяніўшы асабістыя імёны, а вобраз грыфа на каршуна, дык на старонках будзе цалкам магчыма пазнаць нашу бацькаўшчыну, тыповыя жыцьцёвыя памкненьні яе жыхароў і нават рэінкарнацыю Сымона-Музыкі, Кастуся Каліноўскага, Мікіты Зноска. Прынамсі, мне так падалося.

Чарльз Мунгошы

Чарльз Мунгошы

Жыхары звычайнай вёскі непадалёк ад Солсбэры чакаюць дажджу, сьпёка настолькі ссушыла ня толькі навакольле, але і чалавечыя душы, што жыць так далей проста немагчыма. Дзеяньне твору ахоплівае толькі два-тры дні, на працягу якіх у сям’ю старога Сэкуру прыяжджае з гораду і гасьцюе ягоны ўнук Люцыпар. Хлопец у хуткім часе зьбіраецца ехаць на вучобу ажно ў Англію і напярэдадні вырашае наведаць родзічаў. Сам Сэкуру – колішні палымяны ваяр за незалежнасьць Бацькаўшчыны, зараз проста нямоглы стары, перакананы, што абраць уласны шлях у жыцьці можна толькі тады, калі пільнуесься свайго. «Калісьці мы мелі сваіх багоў і ганарыліся імі. А сёньня мы слухаем, але ці чуем? Чаму? Таму што б’ем у чужынскі барабан…» – кажа ён, размаўляючы зь любімым унукам Гарабхам. А ён, мусіць, адзіны з нашчадкаў, хто разумее дзеда, пагаджаецца зь ім. І насамрэч б’е ў свой барабан. Ды яшчэ як! Слыннага вандроўнага музыку радыя бачыць на любой бяседзе, бо калі Гарабха грае – перад вачыма паўстаюць вобразы герояў старажытных паданьняў. Свае ж бацькі – ня надта пасьпяховыя людзі, звыклыя жыць як усе – лічаць сына няўдаліцай, раяць уладкавацца паштаром ці прыбіральшчыкам, але ў горадзе, супакоіцца, ажаніцца, па выходных прывозіць дадому драбкі цукру на гасьцінец для хітрай гультаяватай бабкі.

Прыкладна гэтак робіць другі ўнук – Джон. Мае чужынскае імя, жыве ў горадзе, наведвае хрысьціянскую царкву. Надзвычай спрытны малады чалавек пасяліўся ў доме роднага брата, якому дапамог сесьці ў турму! Марыць распачаць бойку з калянізатарамі. Дзед з усьмешкаю раіць не спалохацца, як бойка пачнецца, і ня верыць у посьпех барацьбы чалавека, зваяванага бяз бою, што жыве чужымі каштоўнасьцямі.

Трэці ўнук – Люцыпар – атрымаў ня кожнаму даступную сярэднюю адукацыю. Каб вывучыць сына, бацькі адмаўлялі сабе ва ўсім. Але адукацыя тая не прынесла ані грошай, ані пэрспэктываў. Тыя ж малааплатныя часовыя заробкі, часам змушанае беспрацоўе ў горадзе. «Навошта вучыць дзяцей, калі ад гэтага іх жыцьцё ня робіцца лепшым за бацькоўскае?» – пытае адзін з герояў аповесьці.

Азіраючыся навокал у сёньняшняй Беларусі, я ня маю што адказаць. Люцыпару пашчасьціла – дзякуючы дапамозе місіянэра, ён зьяжджае за «вялікую ваду». Зараз усе родзічы ім ганарацца, а ён пазьбягае ліставаньня зь імі і ненавідзіць сваю радзіму. «Я нарадзіўся тут і ніхто не пытаў маёй згоды. Я ніколі не любіў гэты край і не палюблю яго. Тут мадзеюць адны недарэкі. Сюды прыяжджаюць паміраць тыя, што зьехалі ў горад і пражылі там усё сваё жыцьцё».

Пражыць жыцьцё ўдалечыні і прыехаць сюды паміраць – вось для чаго патрэбная Радзіма. Чытаю гэтыя радкі і прыгадваю суайчыньніка – вясковага вучня з Бабруйшчыны, які на прапанову напісаць сачыненьне на тэму «За што я люблю сваю вёску», прызнаўся шчыра: «А я яе і не люблю зусім».

Андрэ Брынк, «Чуткі пра дождж»; «Сухі белы сэзон»; раманы. Масква, «Прагрэс», 1982.

Гэтыя раманы паўднёва-афрыканскага пісьменьніка, прысьвечаныя асаблівасьцям існаваньня чалавечай асобы падчас рэжыму апартэіду, былі на радзіме пад забаронаю. Несуцяшальныя высновы і жыцьцёвыя назіраньні аўтара, выказаныя вуснамі герояў, дзівяць сваёй дакладнасьцю і трапнасьцю ня толькі сучасьнікаў-суайчыньнікаў:

Андрэ Брынк

Андрэ Брынк

«У некаторых варунках справядлівасьці няма і быць ня можа».

«Чалавек, што абраў змаганьне, ня мае права на сям’ю, асабістае жыцьцё».

«Мяжа, што старанна праводзіцца між гвалтоўнымі і негвалтоўнымі дзеяньнямі, мае чыста тэарэтычны характар. Улады проста ўзмацняюць рэпрэсіі, пакідаючы апазыцыі ўсё менш шанцаў для існаваньня».

«Для таго, каб выжыць у Паўднёвай Афрыцы, зараз неабходна расплюшчыць вочы, прыслухацца да ўласнага сумленьня. А нас вучаць нічога не адчуваць, ні пра што не задумвацца, інакш станеш непажаданым. Іншымі словамі, каб выжыць, трэба адмовіцца ад самога жыцьця».

Што і робіць галоўны герой рамана «Чуткі пра дождж». Пасьпяховы бізнэсмэн абірае існаваньне з заплюшчанымі вачыма, удала супрацоўнічае з урадам і лічыць сябе сумленным чалавекам. Але такі выбар не прыносіць яму шчасьця. Здрада лепшаму сябру, страта каханьня, продаж бацькаўшчыны – толькі невялічкая частка кошту ілюзіі асабістага посьпеху ва ўмовах паліцэйскай дзяржавы.

Галоўны герой «Сухога белага сэзону» ідзе іншым шляхам. Школьны настаўнік Бэн Дзютуа ўсяго толькі спрабуе высьветліць лёс затрыманага паліцыяй чарнаскурага знаёмага і пакараць вінаватых у ягонай сьмерці. Пад час уласнага расьсьледаваньня ён даведваецца пра шматлікіх палітзьняволеных краіны, зьнікненьні людзей, галечу і бяспраўе чарнаскурай большасьці.

Спачатку ён лічыць гэткія выпадкі ганебным выключэньнем, памылкаю, спрабуючы дапамагчы, знаходзіць аднадумцаў, новых сяброў і каханьне. Пасьля разумее – перад ім мур, які яму не прабіць, і такім, як ён, загадзя наканаваны незайздросны лёс, але спыніцца і жыць па-ранейшаму ён ужо ня можа.

Мінуў год – ён так нічога і не дабіўся. Ягонае змаганьне каштавала жыцьця і здароўя староньнім, ні ў чым не вінаватым людзям. Яму самому – працы, сям’і, душэўнага спакою. Паплечнікі, хто зьнік бязь сьледу, хто дэпартаваны гвалтоўна, хто ўцёк за мяжу па добрай волі з грамадзкімі грашыма. Адчай, адзінота – але ні грама шкадаваньня аб уласным, абраным сьвядома лёсе.

Напярэдадні сваёй сьмерці пры нявысьветленых абставінах Бэн Дзютуа пасьпявае перадаць матэрыялы расьсьледаваньня ў друк, былому аднакурсьніку – журналісту ангельскай газэты. Пасьля доўгіх ваганьняў той рызыкуе надрукаваць. Зь якой мэтай? З той жа, зь якой пішуцца такія пэсымістычныя, праўдзівыя творы аб кошце свабоды. Каб тыя, хто будзе чытаць, пасьля не казалі, што ні аб чым ня ведалі. Усё-такі прыхільнікі Мандэлы мелі рацыю, што ні кажыце!

Джон Кутзэе, «Жыцьцё і час Міхаэла К», раман; www. gramotey.com.

Раман паўднёваафрыканскага празаіка, уладальніка Букераўскай (1983) і Нобэлеўскай (2003) прэмій – адзіны твор з усіх пералічаных тут, які я здолела адшукаць у інтэрнэце. Ды й то – гэта быў той самы пераклад Ю. Жукавай са спасылкаю на адзін з выпускаў «Афрыканскага альманаху» 1989 году выданьня, на старонках якога я і пазнаёмілася, пэўна, гадоў сямнаццаць таму зь незабыўным раманам, які немагчыма зблытаць зь іншым творам. А пачуўшы ў 2003 пра прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі аўтару, ні трохі не зьдзівілася, бо настолькі яскрава выявіць прагу чалавечай асобы да волі мала каму ўдаецца.

Джон Кутзэе

Джон Кутзэе

Галоўны герой раману – Міхаэл К. нарадзіўся задоўга да рэжыму апартэіду. Ён ня слынны мысьляр, ня мужны ваяр, не палітычны дзяяч, а разумова адсталы чалавек з заечай губою, па словах турэмнага доктара, нагадвае ссушаную галінку дрэва, і мае адзіны сродак абароны ад пагрозаў навакольнага сьвету – мімікрыю, як казюрка ці матылёк. Не па сваёй ён волі проста заблукаў пасярод вайны, што ня мае да яго ніякага дачыненьня. Але ў адрозьненьне ад аднаго з герояў «Сухога белага сэзону», які сьцьвярджаў, што «колькі ні ўцякай са свайго лягеру, усё роўна туды вернесься», Міхаэл усім сваім жыцьцём даказвае адваротнае, ратуе сваё права на свабоду, не прымаючы аніякіх кампрамісаў, даволі абмежаванымі, даступнымі яму негвалтоўнымі сродкамі. Зьдзяйсьняе ўчынкі, на якія не адважваюцца адукаваныя і дужыя. Пакідае горад падчас ваеннага становішча, каб выканаць апошнюю волю маці, вязе яе ў ручным вазку на радзіму, пасьля двойчы зьнікае з працоўна-папраўчага лягеру за калючым дротам. Доўгі час жыве на закінутай фэрме, харчуецца толькі дынямі і гарбузамі зь невялічкага агароду. Не скараецца ні перад паўстанцамі, ні перад паліцыяй.

Дзеля ежы трэба зрабіцца рабом? Ён нават хворы і зьнясілены абірае голад, аддаючы перавагу доўгаму сну, амаль анабіёзу. Далёкі ад філязофскіх развагаў, на фізіялягічным узроўні, нібыта той лясны заяц ці дзікая птушка, Міхаэл не прымае кратаў. Проста ня можа існаваць у няволі.

Здольнасьць самотнага разумова-адсталага калекі ўпарта супрацьстаяць грамадзтву і дзяржаве ў ваенных умовах выклікае захапленьне, сымпатыю і добрую зайздрасьць нават у турэмнага лекара, што марыць адпусьціць на волю таго, каго павінен ахоўваць.

Кніга поўная нечаканых асацыяцыяў, якіх не сустрэнеце больш нідзе. Людзей, падобных да Міхаэла К., у асобе якіх надзвычайная цягавітасьць да жыцьцёвых нягодаў дзіўным чынам спалучаецца з прагаю да свабоды ва ўмовах, калі праца амаль заўжды прыніжэньне, у Беларусі нямала, толькі нешта пра іх нідзе не чуваць і нідзе іх не відаць. Чаму? Ды таму што, як кажа вядомая прымаўка, наша дзела цялячае – пад’еў ды ў катух!

Чынуа Ачэбэ, «Страла бога», «Чалавек з народу», раманы. Выдавецтва “Вясёлка”, 1983.

У аснове сюжэту рамана «Чалавек з народу» – падрыхтоўка і правядзеньне парлямэнцкіх выбараў у адным зь мястэчак краіны, што ня так даўно набыла незалежнасьць, і дзе прымаўка «Ня важна, што ты ведаеш, важна, каго ты ведаеш» трывала ўвайшла ў абыход. Карацей, размова йдзе пра Нігерыю сярэдзіны мінулага стагодзьдзя. Кандыдат ад улады, у мінулым змагар з калянізатарамі, просты школьны настаўнік без унівэрсытэцкага дыплёму, цяпер зрабіўся міністрам, чалавекам, у якога адсутнічае ня толькі сьціпласьць, а, як высьвятляецца пасьля, усялякія маральныя прынцыпы наогул.

Чынуа Ачэбэ

Чынуа Ачэбэ

Яму супрацьстаіць ягоны зямляк, малады адукаваны настаўнік роднае школы, што калісьці быў адданым вучнем, а пасьля пабачыў сапраўдны твар «чалавека з народу». «Што можа быць больш удзячнае за прафэсію настаўніка!» – завучана прамаўляе «кандыдат ад улады» на сустрэчы з выбаршчыкамі ў мясцовай школе. Пэдагогі пасьміхаюцца і ў думках зазначаюць – такі жарт можа сабе дазволіць толькі міністар. Пад час сваёй перадвыбарчай кампаніі ён выкарыстоўвае пэдагогаў нібы рабоў, напоўніцу задзейнічаўшы адміністрацыйны рэсурс, кажучы звыклай беларусам моваю. Ягонага суперніка ня толькі пазбаўляюць працы і штрафуюць, але і абразаюць зямельную дзялку ягонага бацькі ды ўсяляк яго дыскрэдытуюць у вачах выбаршчыкаў.

Вынік выбараў даволі прадказальны – бліскучая перамога міністра. Толькі вось нанятыя за грошы ахоўнікі і рознага кшталту сябры ініцыятыўных груп з абодвух бакоў, звыклыя да высокага градусу барацьбы, пад час якой палілі з дубальтовак і закідвалі машыны кандыдатаў-супернікаў нясьвежай гароднінай, з розных прычынаў не жадаюць супакойвацца. Ведама ж, паўднёвая кроў – не вада! Фінал раману – непрадказальны. А вось лёс колішняга міністра і парлямэнтарыя ні на грам не зьдзіўляе – тэрмін ды турэмныя нары.

А ў рамане «Страла бога» няма ніякай палітычнай барацьбы, проста вясковае жыцьцё калёніі, знаёмая беларусам і з уласнага досьведу, і зь літаратурных твораў туга па страчаным традыцыйным ладзе жыцьця, які імкліва сыходзіць, каб не вярнуцца ніколі. Павадыр роду аніяк не жадае зьмірыцца з тым, што далей жыць у залежнасьці ад квадры месяца немагчыма. Гэта і прыводзіць да супрацьстаяньня з бліжэйшым атачэньнем, сьмерці сына, вялікай асабістай трагедыі.

Уражваюць прымаўкі і прыказкі, іх безьліч на кожнай старонцы.

«Той, хто не скараецца ніколі, хутка пакорліва ляжа на пахавальную цыноўку».

«Не сварыся на гругана, што на падлу садзіцца».

«Сын, якога пасылае красьці бацька, ня лезе ў вакно, а выбівае нагою дзьверы».

Здаецца, дзе тая Нігерыя, а нібыта пра нас напісана!

XS
SM
MD
LG