Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У слонімскіх школах нестае падручнікаў па беларускай мове і беларускіх чытанак


Слонімская школа № 8

Слонімская школа № 8

У адміністрацыі школы № 8 горада Слоніма паабяцалі, што праблему вырашаць да канца месяца, а ў аддзеле адукацыі сказалі, што ў гэтым вінаватыя школьныя бібліятэкары, якія заранёў не падбалі аб неабходнай колькасьці падручнікаў.

Праблему зь нястачай падручнікаў узьнялі бацькі пачатковых клясаў, якія аддалі сваіх дзетак паглыблена вывучаць беларускую мову. Бацька навучэнкі 2 клясы школы № 8 Слоніма спадар Алесь распавядае, што ўчора ў іх быў бацькоўскі сход і абураныя бацькі навучэнцаў прапаноўвалі самім набываць у крамах падручнікі — бо, маўляў, ужо хутка міне паўмесяца, а дзеці дагэтуль пазычаюць адзін у аднаго кнігі.

Паводле яго, бацькі казалі, што ўсё звычайна рыхтуецца загадзя. Нястача падручнікаў усіх вельмі дзівіць:

«У адным клясе напалову дзецям хапае падручнікаў, у іншым — яшчэ меней. Атрымліваецца такая сытуацыя, што мая дачка ці я сам павінен ісьці да суседкі і браць падручнік беларускай мовы і беларускую чытанку, каб дзіця адрабіла ўрокі. Самае цікавае, што за падручнікі мы ўжо заплацілі, але карыстацца імі ня можам».

Маці хлопчыка з тае ж школы № 8 таксама абураная нязручнасьцямі і для дзіцяці, і для саміх бацькоў.

«З сынам пасьля абеду займаецца муж, а пасьля працы, як я прыходжу, мы сядаем усё паўтараць. І вось гэтая цягалаўка кнігаў туды-сюды ня вельмі зручная для нас — і для дарослых, і для дзяцей. Мы нават і ня думалі, што ў наш час такое можа быць».

Спадар Алесь яшчэ кажа, што настаўнікі вымушаныя ксэрыць хатнія заданьні для некаторых дзетак проста з падручніка:

Людзям адбіваюць ахвоту вучыцца па-беларуску, бо навошта тая беларуская кляса, калі няма нават падручнікаў?

«Мяне вельмі гэта абурае, і я не магу ўцяміць, як такое можа быць, што ў Беларусі нестае дзецям падручнікаў па беларускай мове і чытанак. Год назад нас заклікалі, каб мы ішлі ў беларускамоўныя клясы. Людзі тады многія, дарэчы, і не хацелі, але заявы падалі, а тут атрымліваецца вось такім чынам... Гэта, мне здаецца, дыскрымінацыя вучняў, якія навучаюцца па-беларуску. А па-другое, людзям адбіваюць ахвоту вучыцца па-беларуску, бо навошта тая беларуская кляса, калі няма нават падручнікаў?»

Завуч пачатковых клясаў па навучальнай працы ў школе № 8 Слоніма Тацяна Юнга патлумачыла Свабодзе, што ў іхняй школе, як і ў некаторых іншых гарадзкіх школах, зь мінулага году пачалі набіраць так званыя беларускамоўныя клясы. У іх усе прадметы выкладаюцца па-расейску, толькі беларуская мова і чытаньне выкладаюцца па тры гадзіны на тыдзень, а расейская мова і чытаньне — па адной гадзіне.

Спадарыня Юнга кажа, што бацькі з задавальненьнем аддаюць дзяцей у такія клясы, бо пасьля садку тыя прыходзяць у школу, практычна ня ведаючы беларускай мовы. З чатырох клясаў аднае паралелі ў іхняй школе толькі адна — так званая беларуская, і паколькі такі набор праводзіўся толькі другі год, то з падручнікамі не змаглі разабрацца адразу. Але, маўляў, да канца месяца пытаньне вырашыцца:

«Мы кнігі беларускамоўныя, паколькі раней у нас не было такіх клясаў, бяром зь сельскіх школак, але там таксама спачатку забясьпечваюць сваіх вучняў, а тое, што застаецца, аддаюць нам. Нават згодна з інструкцыяй мы павінны на працягу верасьня забясьпечыць вучняў падручнікамі».

У аддзеле адукацыі Слонімскага райвыканкаму гэтую праблему ведаюць, і спэцыяліст, адказны за забесьпячэньне школаў падручнікамі — Аляўціна Пыркова — сказала, што вінаватыя ў гэтым школьныя бібліятэкары, якія заранёў, яшчэ ўлетку, не паклапаціліся замовіць неабходную колькасьць падручнікаў. Паводле яе, у раёне падручнікаў па беларускай мове і чытанак для пачатковых школах хапае, і ў хуткім часе пытаньне вырашыцца.

Аднак спадарыня Пыркова кажа, што сапраўдная праблема сёлета — у дзявятых клясах, бо на 540 навучэнцаў ва ўсім раёне — толькі 480 кніг:

«І мы павінны цяпер прасіць кнігі ў суседніх раёнах, а нават у іншай вобласьці. Вось гэта ў нас праблема, і вырашацца яна, напэўна, будзе на абласным узроўні. А па пачатковых клясах мы здолеем вырашыць праблему ў сваім раёне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG