Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фясенка: У спэцыяльным статусе Данбас будзе нагадваць Прыднястроўе


Уладзімер Фясенка
Уладзімер Фясенка

Уладзімер Фясенка, палітоляг, кіраўнік Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пента», патлумачыў у інтэрвію Свабодзе, чаму Ўкраіна і Расея пагадзіліся на няўстойлівае і крохкае замірэньне, а таксама спрагназаваў праблемы, якія паўстануць перад акупаванай сэпаратыстамі часткай Данбасу пасьля атрыманьня ім спэцыяльнага статусу.

— Як можна ацаніць устойлівасьць замірэньня, якое ўсталявалася ў Данбасе пасьля падпісаньня Менскага пратаколу?

— Паводле формы і з улікам шматлікіх парушэньняў замірэньне крохкае і няўстойлівае. Аднак, калі меркаваць па намерах і асноўных удзельнікаў канфлікту, і міжнароднай супольнасьці, ёсьць вялікае жаданьне як мінімум замарозіць гэты канфлікт і паспрабаваць знайсьці фармат паступовага мірнага ўрэгуляваньня. Прынамсі, нейкая схема такога ўрэгуляваньня заяўленая ў Менскім пратаколе. А вось ці ўдасца яе рэалізаваць у поўным аб’ёме — гэта вялікае пытаньне. Па кожным з заяўленых пунктаў трэба яшчэ асобна дамаўляцца. Такія пункты — гэта і асаблівы статус Данбасу, і правядзеньне парлямэнцкіх выбараў у Данбасе, і вывад замежных войскаў з тэрыторыі Ўкраіны. Тут будуць праблемы. Але маштабы і інтэнсіўнасьць страляніны ў Данбасе рэзка зьнізіліся. Перастрэлкі працягваюцца, але няма актыўных ваенных дзеяньняў. Паказальна, што цягам апошніх дзён няма загінулых сярод украінскіх вайскоўцаў. Інтэнсіўнасьць канфлікту прыгашаная вельмі моцна. Разам з тым сытуацыя застаецца няпростай, і, як паказвае досьвед падобных канфліктаў, чакаць абсалютнага спыненьня агню ня варта, махавік вайны вельмі моцна раскручаны, шмат недаверу ў дачыненьнях, ёсьць шмат ахвотных паваяваць. Як паказвае досьвед Нагорнага Карабаху, страляюць і праз 20 гадоў пасьля вайны. Агулам жа мірны працэс у Данбасе павольна, са скрыпам, зь вялікімі праблемамі, але пасоўваецца наперад.

— У чым будзе заключацца спэцыяльны статус тэрыторыі, які атрымае падкантрольная тэрарыстам частка Данбасу паводле ўмоваў Менскага пратаколу?

— Дакладна пакуль ніхто ня ведае. Але ўжо бачна, што з гэтым пунктам Менскага пратаколу будуць праблемы, таму што пазыцыі бакоў і іх разуменьне спэцыяльнага статусу Данбасу вельмі моцна адрозьніваюцца. Расея і сэпаратысты, вядома, хочуць захаваньня ДНР і ЛНР, няхай нават фармальна ў складзе Ўкраіны. Для ўкраінскага боку, наадварот, захаваньне ДНР і ЛНР непрымальнае. Нават пытаньне пра аўтанамізацыю Данбасу будзе выклікаць спрэчкі. Мяркуючы па ўсім, спэцыяльны статус будзе тычыцца толькі той тэрыторыі, якая знаходзіцца пад кантролем сэпаратыстаў. Зьнешне гэта будзе нагадваць Прыднястроўе, але са спробай паступовага абраньня новых легітымных органаў улады, якія б здолелі больш шчыльна супрацоўнічаць з украінскай уладай. У будучыні гэтая тэрыторыя, якая ахоплівае траціну Данбасу, у поўным аб’ёме падпарадкоўвацца Ўкраіне ня будзе, толькі фармальна ўваходзячы ў яе склад. Такая сытуацыя выкліча вельмі важную і балючую праблему — падаткаабкладаньне і фінансаваньне. Як будуць зьбірацца падаткі і як будуць фінансавацца пэнсіі і бюджэтная сфэра — ніхто ня ведае. І калі пэнсіянэраў, хутчэй за ўсё, будзе фінансаваць Украіна, улічваючы абавязаньні, то пра бюджэтнікаў нічога не вядома. Вось з такіх дробных пытаньняў і складаецца нявызначанасьць будучага статусу Данбасу, які цяпер называюць спэцыяльным статусам.

— Умовы менскага пратаколу крытыкуюць і ў Расеі, і ва Ўкраіне. З чым гэта зьвязана?

— Так, крытыка гучыць і ў Расеі, і ва Ўкраіне. Але ва Ўкраіне крытыкі нашмат больш, чым у Расеі. Менскі пратакол крытыкуюць і прэм’ер-міністар Яцанюк, і прадстаўнікі добраахвотных батальёнаў. Крытыка вельмі разнастайная. Асноўныя аргумэнты такія: нельга дамаўляцца з Пуціным, Пуціну нельга верыць, нельга сядаць за стол перамоваў з агрэсарам і сэпаратыстамі. Карацей, разнастайныя маральныя аргумэнты. Але ёсьць і галоўны аргумэнт, прадметны — невыкананьне ўмоваў спыненьня агню. Маўляў, што гэта за замірэньне, калі працягваюць страляць? Калі ў Расеі крытыкуюць за тое, што зьліваюць Наваросію, то ў нас крытыкуюць за тое, што зьліваюць Данбас. Адсюль выснова — з абодвух бакоў ёсьць падазрэньні і недавер. Але бакі знайшлі адзіны прымальны ва ўмовах немагчымасьці сыстэмнага міру кампраміс — спыненьне актыўных ваенных дзеяньняў. Зараз трэба паступова замарозіць гэты канфлікт, які застаўся на лініі фронту. Трэба заставацца на цяперашніх пазыцыях. І гэта варыянт, які больш-менш прымальны для абодвух бакоў, таму што альтэрнатыва гэтаму — працяг вайны. А працяг вайны — гэта цугцвант, сытуацыя, якая вядзе да пагаршэньня пазыцыяў усіх бакоў.

— Няўжо Расея стамілася ад вайны з Украінай?

— Працяг вайны вядзе да праблемаў для ўсіх. Асабліва зімой гэта можа прывесьці да гуманітарнай, інфраструктурнай і фінансавай катастрофы для гэтага, трэба сказаць, густанаселенага рэгіёну. І чым тады будуць кіраваць сэпаратысты? Выпаленай зямлёй? Для Расеі працяг вайны — гэта тысячы загінулых салдатаў, пагаршэньне псыхалягічнай і сацыяльнай абстаноўкі ў краіне, рост антываенных настрояў, санкцыі з боку Захаду і, нарэшце, эканамічныя затраты на вайну. Кожны стрэл з «Града» — а там стралялі кожны дзень і шмат разоў — каштуе дзясяткі тысяч эўра. Выходзіць, што Расея на гэтую вайну выкінула ўжо сотні мільёнаў эўра, калі не мільярды...

Украінскі бок таксама панёс вельмі вялікія страты, армія знаходзілася ў сытуацыі адступленьня ў канцы жніўня, была рызыка пераносу вайны на іншыя тэрыторыі Ўкраіны і рызыка вялікай вайны з Расеяй. Эканамічна і з ваеннага пункту гледжаньня Ўкраіна не была гатовая да актыўных ваенных дзеяньняў з Расеяй. Таму, падпісваючы менскі пратакол, украінскае кіраўніцтва вырашыла, што лепш кепскі мір ці ня вельмі выгоднае замірэньне, чым актыўная вайна. Выбралі меншае зло.

Менавіта таму ўсе бакі пагадзіліся на ня вельмі зручны, вельмі крохкі варыянт замірэньня. І, мяркуючы па ўсім, яго паспрабуюць замацаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG