Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: 500-я ўгодкі Воршы адзначылі ў фарным касьцёле


Фарны касьцёл у Горадні

Фарны касьцёл у Горадні

Урачыстая імша на латыні ў гонар ваяроў і вялікі канцэрт чатырох хораў: беларускага зь Менску, літоўскага зь Вільні і двух польскіх з Горадні, – прагучалі ў фарным касьцёле. Арганізавалі ўрачыстасьці Генэральнае консульства Польшчы ў Горадні і Генэральнае консульства Літвы ў Горадні.

Сёньня фарны касьцёл у Горадні ня змог зьмясьціць усіх жадаючых. Сьвятары ўваходзілі ў касьцёл у суправаджэньні рыцараў гарадзенскага брацтва рыцараў пад музыку аркестра. Набажэнства праводзіў біскуп дамаможны Казімір Велікаселец з дыяцэзіі Пінскай на латыні, мове, якая ў ХVІ стагодзьдзі яднала ў касьцёле беларусаў, палякаў і літоўцаў. Напачатку ён зазначыў, што прысьвячае гэтую імшу ваярам, якія загінулі, баронячы сваю Айчыну.

Сьвятароў на ўрачыстую імшу суправаджаюць рыцары Гарадзенскага брацтва рыцараў

Сьвятароў на ўрачыстую імшу суправаджаюць рыцары Гарадзенскага брацтва рыцараў

А сьпевы ў выкананьні хораў гучалі па-беларуску, па-літоўску і па-польску. Генэральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Хадкевіч, як адзін з арганізатараў мерапрыемства, зазначыў Свабодзе, што ў Беларусі засталося ня шмат месцаў, якія зьвязаныя з Аршанскай бітвай, а ў Горадні якраз памятны знак, які нагадвае аб гэтай бітве, застаўся.

Генэральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Хадкевіч

Генэральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Хадкевіч

Хадкевіч: Я маю на ўвазе ікону сьвятога Казіміра ў фарным касьцёле. Паводле традыцыі сьвяты Казімір зьявіўся на чале войскаў Вялікага Княства і Кароны Польскай менавіта падчас бітвы пад Воршай. І гэты цуд сьвятога Казіміра якраз застаўся тут з паловы ХVІІІ стагодзьдзя і цэлы час нагадвае пра гэтую бітву. І паколькі Горадня і Ворша геаграфічна знаходзяцца ня так і блізка, то мы і вырашылі адзначыць тут угодкі тае падзеі. Тым болей, што гэта была самая вялікая перамога нашых сумесных войскаў пасьля Грунвальдзкае бітвы, толькі цяпер ужо над ворагам з Усходу.

Абраз сьвятога Казіміра ў фарным касьцёле Горадні

Абраз сьвятога Казіміра ў фарным касьцёле Горадні

XS
SM
MD
LG