Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За лета больш за семсот уцекачоў з Украіны папрасілі дапамогі на Гарадзеншчыне. Ім стараюцца знайсьці працу і жытло. На гэтым можна было б паставіць кропку. Але адной з тых, каму пашанцавала з працай і жытлом, – кабета (прозьвішча называць ня будзем), якая «не хавае», што муж застаўся ў Данецку, дзе «ваюе на баку ДНР», паведамілі мясцовыя СМІ.

Вышэйназваная бежанка выклікала выбуховую дыскусію ў гарадзенскім інтэрнэце. Удзельнікі спрэчкі падзяліліся на два лягеры, на белых і чорных. Першы чытач задаецца пытаньнем: а яе муж не пачне забіваць тут, пачуўшы беларускую мову? Ці калі нехта скажа, што ён не праваслаўны?.. Пытаньні заканамерныя: бо рана ці позна сужэнец прыедзе на пабыўку. Хто гарантуе – што без «калашнікава»? А калі вайну ўдасца некалі закончыць, ці ня кінецца баявік хавацца на Гарадзеншчыне? Ды яшчэ, нельга выключыць, з сябрукамі. На гэта намякае іншы чытач, які раіць: дык няхай «валіць» у свой «рускі мір». Яшчэ адзін рытарычна пытаецца: «А чаго гэта за нашы грошы ўтрымліваецца жонка тэрарыста?» (Як вядома, ДНР і ЛНР прызнаныя ўладай Украіны тэрарыстычнымі арганізацыямі).

Пытаньні небеспадстаўныя. Але тут падлучаецца супрацьлеглы бок, аматары незаконных узброеных фармаваньняў, якія сядзяць у Горадні. Першы: «Рускія сваіх у бядзе ня кідаюць. І пакуль нас шмат, пляваць мы хацелі на дробнае чырыканьне хібных «сьвядомых» тут альбо дзесьці яшчэ». Адчуваеце стылістыку: «сьвядомыя» для іх недачалавекі, яны «хібныя» і амаль ня людзі зусім, бо «чырыкаюць». «Чырыкаюць», зразумела, на беларускай мове.

Цярпець «героям ДНР» нядоўга засталося, уступае ў спрэчку наступны «стратэг гібрыднай вайны». Ён прадказвае, што да канца году «Ўкраіна павінна перастаць існаваць як прафашысцкая дзяржава». У такім жа духу сьпяшаецца абараняць жонку баевіка, якой далі працу і дах над галавою, яшчэ адзін: «Няпраўда, муж яе не ваюе на баку тэрарыстычнай арганізацыі – то есьць хунты з нацысцкай ідэалёгіяй». Божа мой: ці ведаюць гэтыя спрэчнікі, напрыклад, што адзін зь цяперашніх данецкіх начальнікаў належаў да РНЕ? Не, ня ведаюць?

Такое ўражаньне, што ў гэтых герояў «форумнага фронту» сьпякліся мазгі. Яны нават у слоўнік ня здатныя зазірнуць, ня цямячы, што такое «хунта». А хунта – улада вайскоўцаў. Альбо крыху шырэй у слоўніках расейскай мовы падаецца так: «Вайсковая рэакцыйная тэрарыстычная групоўка, якая захапіла ўладу і ўсталявала тэрарыстычную дыктатуру». Гэта нібы пра ДНР сказана. Што да ўлады ў Кіеве, то яе ажыцьцяўляюць «шакалядны кароль», пастар і дыплямаваны спэцыяліст ва ўліку і аўдыце. А ў галаве герояў форумаў, якія схаваліся пад рознымі непамыснымі нікамі, вытворца цукерак стаў генэралам, а пастар і з эканамістам – палкоўнікамі. Ня йначай.

Адзін з нашых спрэчнікаў (з партыі чорных) сваёй філіпікай зухава абвяргае, што муж-баявік бежанкі, калі прыедзе да нас, то будзе забіваць за беларускую мову: «А здесь можно услышать белорусский язык? Это что-то новое в конной авиации, определённо. Белорусский язык умер. Похороны. Закопали, и живём дальше. Он реально никому не нужен, кроме пары-тройки упоротых визгунов». Калі хто размаўляе па-беларуску, то гэта, паводле нашага «героя форуму» называецца «повыделываться». Як бачым: вельмі шчасьлівы наш жыхар Горадні, што закапалі беларускую мову, бо «нефиг ненужные языковые барьеры плодить». Словам, забіваць за беларускую мову не давядзецца. Хіба што, «кроме пары-тройки упоротых визгунов». Чорт зь імі! Ну, а што да ідэальнай моўнай сытуацыі, то яна, перакананы гэты чалавек, цяпер у ДНР. Во дзе росквіт, во дзе дружба народаў сапраўдная!

Але вернемся да нашых «баранаў». Да адной удзельніцы дыскусіі іншы актыўны прыхільнік ДНР зьвяртаецца шчыра па-хамску: «Наталья, не выделывайтесь – разговаривайте на нормальном языке».

Як бачым: тыя, хто непакоіцца за сваю краіну і нярэдка піша менавіта на беларускай мове, той робіць гэта аргумэнтавана, вытрымана, як у наступным выпадку: «Страшэнныя наступствы могуць быць для БЕЛАРУСАЎ ад такой міласэрнасьці, можна сказаць, што сваімі рукамі валанцёры і ахвяравацелі капаюць магілу сваёй Беларусі. Гэтыя людзі, якія спрабуюць у нас пасяліцца, у непасрэдным адказе за тое, што ў іх былой дзяржаве ідзе вайна. Яны вельмі хочуць жыць у Расеі, ці каб «рускі мір» быў там, дзе яны жывуць. Дык чаму яны ня едуць у Расею??? А ў гэты час іх мужчыны забіваюць ня толькі ўкраінскіх вайскоўцаў, але і тых украінцаў, якія жадаюць жыць у сваёй Украіне, а не ў Расеі».

Гэты чалавек не заклікае не пускаць у Беларусь сем’і баевікоў, але ён прапануе «дазволіць ім знаходзіцца толькі тыдзень, ці некалькі дзён і транзытам АБАВЯЗКОВА адпраўляць іх у краіну іх «мараў» – у Расею».

І яшчэ адзін пішчом лезе на форум: «Настораживает лишь то, что слишком часто среди таких беженцев встречаются мужики среднего возраста, которые вместо того, чтобы защищать Родину от укропов и прочей «славаукораинской» нечести, едут сюда и плачутся». Гэты фрукт сядзіць за кампом і лічыць сябе сьветлай галавой, у якой думкі колеру салдацкіх ботаў. Ня цяміць, што радзіма – гэта краіна: Расея, Беларусь, Польшча, Украіна. Асобная вобласьць – гэта «адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка». Калі чалавек жыве ў Маскве, яго радзіма – Расея, калі ў Данецку – Украіна.

Як бачым, украінска-ДНР-скі шнар адчуваецца і ў Горадні, смыліць. Змагары за ДНР на гарадзенскім форуме шчыра дэманструюць сваё аблічча: ненавідзячы ўсё ўкраінскае, яны перш ненавідзяць усё беларускае. Але жывуць у Беларусі. «І хлеб жуюць», як той казаў. Але, як выглядае, бяз паху пораху хлеб той ім не смакуе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG