Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзэнтацыя настольнай гульні «1514» — сёньня а 18-й


У панядзелак, 8 верасьня, у кнігарні «Логвінаў», галерэі «Ў» (праспэкт Незалежнасці 37а) адбудзецца прэзэнтацыя новай настольнай гульні, прысьвечанай Бітве пад Воршай, якую рапрацавала арт-студыяй «PRAS».

Госьці змогуць ня толькі набыць ці пагуляць у новую гульню, але і пабачыць на ўласныя вочы інсцэнізацыю сярэднявечнага бою.

Гульня складаецца з гульнявога поля памерам А2 (420×594 мм), шасьці фігурак пяхоты, артылерыі і кавалерыі, 60 дапаможных картак з вайсковымі задачамі, кубіка для вызначэньня руху ды, адпаведна, прывілаў гульні.

Кожны элемэнт дызайну зроблены паводле гістарычных дакумэнтаў: на гульнявым полі зьмешчаны старажытны аршанскі замак, тагачасныя паселішчы, млыны і вайсковыя лягеры, а ў вокладцы і картках — рысункі вайсковага ўзбраеньня сярэднявечча.

Мэханіка і правілы гульні «1514»

Гульцы дзеляцца па камандах у цотнай колькасьці (могуць гуляць 2, 4 або 6 гульцоў) і вызначаюць, хто будзе літвінам, а хто маскоўцам. Далей гульцы атрымліваюць кожны па адной з 3-х фігур: пяхота, артылерыя, кавалерыя — ды кідаюць па чарзе кубік з лічбамі працягласьці ходу. Калі фігурка спынілася на чырвоным коле, гулец атрымлівае чырвоную картку (калі на чорным — чорную) і выконвае адпаведную задачу, пазначаную ў картцы.

У выпадку, калі фігурка спынілася на коле, дзе ўжо стаіць фігурка суперніка, адбываецца «бой» і фігурка суперніка, як абаронца, адыходзіць на адзін крок назад (бліжэй да свайго лягеру).

Настолка прызначаная для людзей ад 6 гадоў, сярэдні час гульні ~45 хвілін, колькасьць гульцоў — 2, 4 альбо 6.

Задачы, якія прапануецца выканаць, маюць гістарычны падтэкст: што «удачы», што «няўдачы» — зьмяшчаюць у сабе інфармацыю, якая грунтуецца на сапраўдных падзеях і асаблівасьцях вайсковай справы сярэднявечча Ўсходняй Эўропы, але без указаньня асобаў і месцаў з мэтай зрабіць гульню больш унівэрсальнай.

Настольная гульня «1514» выдадзеная пры падтрымцы Радыё Свабода. Замовіць гульню ўжо можна сёньня на інтэрнэт-пляцоўцы symbal.by.

XS
SM
MD
LG