Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея падзяліла Вышаградзкую групу


Прэм'еры краін Вышаградзкай групы: Дональд Туск (Польшча), Віктар Орбан (Вугоршчына), Робэрт Фіца (Славаччына) і Богуслаў Собатка (Чэхія)

Прэм'еры краін Вышаградзкай групы: Дональд Туск (Польшча), Віктар Орбан (Вугоршчына), Робэрт Фіца (Славаччына) і Богуслаў Собатка (Чэхія)

Украінскі крызыс разьбіў палітычную еднасьць гэтак званай Вышаградзкай групы — Польшчы, Чэхіі, Славаччыны і Вугоршчыны — што тычыцца погляду, як краіны Эўразьвязу і НАТО павінны адрэагаваць на ролю Расеі ў гэтым крызісе.

Варшава выступае рашуча і адназначна за ўзмацненьне санкцый супраць Расеі і павелічэньне прысутнасьці НАТО ў былых сацыялістычных краінах, якія далучыліся да альянсу пасьля распаду СССР. Для Будапэшту, Браціславы і Прагі, як падаецца, галоўную ролю ў іхных рэакцыях на Расею адыгрываюць эканамічныя меркаваньні.

«Украінскі крызіс паказаў нам, што стратэгічнае мысьленьне і ўспрыманьне пагрозы для бясьпекі розьняцца ў гэтых краінах, і ў некаторых зь іх эканамічныя аргумэнты бяруць верх над стратэгічнымі аргумэнтамі і бачаньнем будучыні ў даўжэйшай пэрспэктыве», — сказаў Радыё Свабода Марыян Маер, экспэрт Сярэднеэўрапейскага інстытуту палітыкі ў Браціславе.

З такой ацэнкай пагаджаецца Эдвард Лукас, рэдактар брытанскага тыднёвіка The Economist.

«Польшча паводзіць сябе надзвычайна як неаспрэчны лідэр былых камуністычных краінаў. У іншых месцах мы маем іншую карціну. Славаччына, як падаецца, пачаткова заняла амаль прапуцінскае становішча, і ў кожным разе — супраць санкцый. Чэхі таксама, асабліва прэзыдэнт Мілаш Зэман, гнуць падобную, як я лічу, вартую жалю лінію».

Паводле Лукаса, «найгоршым» у Вышаградзкай групе зьяўляецца прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан, які «адкрыта адкідае лібэральна-дэмакратычныя прынцыпы, якія астатняя Эўропа лічыць мэйнстрымам».

Разнастайнасьць поглядаў зьдзіўляе, паколькі ўсе гэтыя чатыры краіны непасрэдна пацярпелі ад савецкай агрэсіі ў пэрыядзе паміж 1939 і 1968 гадамі. І гэтая разьяднанасьць рэзка кантрастуе са званкамі трывогі, якія чуваць ва ўсіх трох краінах Балтыі.

Кааліцыйны ўрад у Чэхіі не зусім непрыхільны для жорсткіх санкцый. Але ён заявіў, што хацеў бы «адаптаваць» новыя санкцыі, каб мінімалізаваць шкоду для чэскай прамысловасьці. Але левыя сацыял-дэмакраты — ключавая частка ўрадавай кааліцыі — ня хочуць больш жорсткіх санкцый супраць Масквы.

Прэм’ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца заявіў, што ягоны ўрад можа «адмовіцца ад пэўных санкцый, якія могуць нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам».

Віктар Орбан, прэм’ер-міністар Вугоршчыны, чый палітычны стыль і паводзіны ў мінулым параўноўвалі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, лічыць «самападманам» веру ў тое, што санкцыі зьменяць паводзіны Расеі.

Расея дае зразумець, што можа забараніць ўвоз эўрапейскіх аўтамабіляў — такі захад ударыў бы па Вугоршчыне і Славаччыне асабліва моцна.

Аднак відавочнага тлумачэньня адрозьненьняў у падыходзе Вышаградзкай чацьвёркі да Расеі няма.

«Сярэдняя і Ўсходняя Эўропа проста не давярае саюзьнікам, баючыся, што яны ня будуць у стане выканаць свае абяцаньні ў момант крызысу», — напісаў расейскі палітоляг Фёдар Лук’янаў.

Варта прыгадаць, што ў ліпені 2009 году група вядучых інтэлектуалаў і былых палітыкаў з усёй Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы, у тым ліку з усіх краінаў Вышаградзкай групы, напісала адкрыты ліст прэзыдэнту ЗША Бараку Абаму, папярэджваючы яго, што «трансатлянтычную арыентацыю» ў сярэднеэўрапейскім рэгіёне ня трэба ўспрымаць як нешта само сабой зразумелае.

Аўтары ліста папярэджвалі Вашынгтон, што падтрымка больш глябальнага партнэрства з Вашынгтонам у рэгіёне паступова зьнікне пад ціскам Расеі, якая «спрабуе праводзіць палітыку ХІХ стагодзьдзя з дапамогай тактыкі і мэтадаў ХХІ стагодзьдзя».

Былы міністар абароны Чэхіі Аляксандр Вондра, які падпісаў гэты ліст, сказаў Радыё Свабода, што ён і яго суаўтары разглядаліся многімі на Захадзе як «канфрантацыйныя нэакансэрватары». Тым часам Захад змагаўся з глябальным эканамічным крызісам, і адміністрацыя Абамы імкнулася да «перазагрузкі» ў адносінах з Расеяй.

Эдвард Лукас з The Economist пагаджаецца, што гэты ліст з 2009 году быў прарочым.

«Яны папярэджвалі супраць успрыманьня атлянтычнага альянсу як нечага само сабой зразумелага, і з таго часу сапраўды стала горш. Перазагрузка адносін з Расеяй не прынесла шмат, калі глядзець на гэта ў рэтраспэктыве — карысьць была насамрэч часовая. Шкода, нанесеная тады альянсу, была вялікай і, я баюся, што нават пастаяннай. І цяпер мы маем свайго роду постатлянтычны пэрыяд», — лічыць Эдвард Лукас.

XS
SM
MD
LG