Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горад, які чакае трунаў


Магіла дэсантніка Леаніда Кічаткіна. Фота прадстаўлена газетай "Пскоўская губернiя"
Магіла дэсантніка Леаніда Кічаткіна. Фота прадстаўлена газетай "Пскоўская губернiя"

Пскоў знаходзіцца ў чаканьні адпраўкі на ўсход Украіны чарговай групы дэсантнікаў.

15-16 жніўня для ўдзелу ў баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны з Пскова была адпраўлена першая тысяча чалавек з разьмешчанай у горадзе 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі. Назад прыйшлі труны. Дэсантнікі і іх сваякі адмаўляюцца ад «камандзіроўкі». Ёсьць дадзеныя, што камандаваньне цяпер зьбіраецца адправіць на Ўкраіну прызыўнікоў тэрміновай службы.

Падзеі ў частках 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой Чарнігаўскай дывізіі заўсёды вызначалі жыцьцё ў Пскове, і ў цэлым — у Пскоўскай вобласьці. Вайскоўцы гэтай дывізіі для многіх сем’яў зьяўляюцца адзінымі кармільцамі, на іх афармляецца ваенная іпатэка, практычна якая забясьпечвае сем’і жыльлём. Нядзіўна, што ў выпадку пачатку баявых дзеяньняў, ці то ў Чачні, ці ў Грузіі, ці, як цяпер, ва Ўкраіне, увесь Пскоў замірае і, затаіўшы дыханьне, чакае: пашлюць іх бацькоў, мужоў, сыноў і братоў у гарачую кропку ці не. Прычым інфармацыя пра гэта камандаваньнем дывізіі заўсёды старанна хаваецца. Дэсантнікаў папярэджваюць «пра неразгалошваньне». А ў самой дывізіі нядаўна была скасаваная пасада афіцэра па сувязях з СМІ.

Вядома, схаваць такую інфармацыю ад грамадзтва немагчыма. Першы «званок» прагучаў 16 жніўня, калі стала вядома пра адпраўку ва Ўкраіну каля тысячы дэсантнікаў. Лідэр пскоўскай арганізацыі партыі «Яблык», дэпутат Пскоўскага абласнога сходу Леў Шлосбэрг распавядае пра тое, што на сёньня яму вядома пра ўдзел пскоўскіх дэсантнікаў у баявых дзеяньнях у Данбасе:

Магіла дэсантніка Леаніда Кічаткіна. Фота прадстаўлена газетай "Пскоўская губернiя"
Магіла дэсантніка Леаніда Кічаткіна. Фота прадстаўлена газетай "Пскоўская губернiя"

— Пскоў ведае, што 15-16 жніўня ва Ўкраіну была адпраўлена зборная брыгада, складзеная на аснове падразьдзяленьняў 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі. Гэтая брыгада пасьля 18 жніўня ўступіла ў баявыя дзеяньні на тэрыторыі Ўкраіны, перайшоўшы мяжу ў Растоўскай вобласьці. Яна панесла страты, таму што сябе выявіла баямі. Менавіта тады загінуў Леанід Кічаткін, які атрымаў шырокую вядомасьць, і многія іншыя вайскоўцы, дакладная колькасьць якіх невядомая. Людзі, якія прынесьлі нам запісы размоў, апублікаваныя ў апошнім нумары газэты «Пскоўская губэрнiя» у артыкуле «Усю роту паклалі», сьцьвярджаюць, што першая зводная рота, якая ўваходзіла ў гэты склад зборнай брыгады, загінула амаль цалкам. У жывых засталіся каля дзесяці чалавек. Штатны склад роты — 80 чалавек, але ён можа быць і большы, у залежнасьці ад ваеннай задачы. Адпаведна, калі ацэнка саміх вайскоўцаў слушная, атрымліваецца, што загінулі ня менш за семдзесят чалавек. Толькі з аднаго вайсковага падразьдзяленьня.

Леў Шлосбэрг дадае, што такіх ротаў было некалькі, таму агульны маштаб стратаў ацаніць вельмі складана:

Магіла дэсантніка Аляксандра Восіпава. З яе была потым зьнятая таблічка з імем. Фота прадстаўлена газетай "Пскоўская губернiя"
Магіла дэсантніка Аляксандра Восіпава. З яе была потым зьнятая таблічка з імем. Фота прадстаўлена газетай "Пскоўская губернiя"

— Было вядома (і людзі, зьвязаныя з дывізіяй, пра гэта казалі адкрыта, і Пскоў таксама пра гэта ведаў), што на 29 жніўня была заплянаваная адпраўка ва Ўкраіну яшчэ адной зборнай брыгады, яшчэ адной тысячы чалавек. Людзі літаральна сядзелі на валізках і чакалі загаду. Але 29 жніўня такога загаду не паступіла. Паводле тых урыўкавых зьвестак, якія маюцца цяпер, адпраўкі пакуль яшчэ не было. Магчыма, маштабы міжнароднага скандалу, у тым ліку і раскрыцьцё часткі інфармацыі пра загінуўшых расейскіх вайскоўцаў, спынілі гэтыя пляны і прымусілі альбо адтэрмінаваць адпраўку, альбо адмяніць яе наогул. Вядома, што дывізія атрымала заданьне на фарміраваньне трох брыгад, то бок тры разы па тысячы чалавек, і з фарміраваньнем ужо трэцяй брыгады паўсталі вельмі сур’ёзныя праблемы. Людзі адмаўляюцца ісьці на гэтую вайну. Пярэчаць самі вайскоўцы. Яны адмаўляюцца быць «гарматным мясам», якое незаконна перамяшчаюць на тэрыторыю іншай дзяржавы для вядзеньня гэтых баявых дзеяньняў. Акрамя таго, рашуча супраць адпраўкі пярэчаць сем’і вайскоўцаў. Ім не патрэбны «груз 200». Таму зьявілася інфармацыя, што трэцюю брыгаду будуць фарміраваць за кошт салдат тэрміновай службы, у прымусовым парадку, правёўшы «Курс маладога байца» і прымусіўшы падпісаць кантракты. Такія былі пляны.

Леў Шлосберг у шпіталі
Леў Шлосберг у шпіталі

Леў Шлосбэрг адзначае, што ў такія пляны можна верыць, паколькі, паводле яго словаў, стаўленьне да законнасьці ў расейскай арміі — надзвычай нізкае:

— Акрамя таго, з колькасьцю ахвяраў і раней не лічыліся, і цяпер ня лічацца. Гэта значыць, калі сказана, што ёсьць неафіцыйная ваенная задача і трэба дамагчыся яе выкананьня, узяць Данецк пад свой кантроль, узяць Луганск пад свой кантроль, рушыць да Марыуюпаля ці яшчэ што-небудзь, дык будуць пасланыя сілы ў той колькасьці, якая будзе прызнана неабходнай для ажыцьцяўленьня гэтай задачы. І, калі людзі загінуць, нейкая частка людзей, ім на зьмену будуць пасланыя іншыя людзі. Ніхто з асобаў, якія прымаюць палітычныя рашэньні, даўно па забітых ня плача. У гэтым прычына вар’яцтва палітычных рашэньняў, якія прымаюцца. Людзі, якія іх прымаюць, даўно перайшлі «бар’ер крыві». Для іх не існуе маштабу асабістай трагедыі чалавека. У іх у галовах засталася адна шызафрэнічнага геапалітыка, і яна канчаткова зьвяла іх з розуму.

Пасьля публікацыі ў газэце «Пскоўская губэрнiя» артыкула «Вайна сьпіша ўсё» пра загінуўшых ва Ўкраіне дэсантнікаў, 29 жніўня на Льва Шлосбэрга быў зьдзейсьнены напад, ён атрымаў траўму галавы і страсеньне мозгу і цяпер застаецца на лячэньні ў Пскоўскай абласной бальніцы, дзе ля яго палаты дзяжураць два ахоўнікі, выдзеленыя в.а. губэрнатара Андрэем Турчаком. За мінулы пасьля нападу тыдзень у Пскоў сталі часта наведвацца журналісты. Напады цяпер ужо на іх, усяго было дзевяць выпадкаў, працягваліся ўвесь гэты час, кажа супрацоўнік газэты «Пскоўская губэрнiя», пісьменьнік Андрэй Сямёнаў:

— Да гэтых падзей у Пскове ніколі не было нападаў на журналістаў. Усе гэтыя журналісты, за выключэньнем Льва Шлосбэрга, былі зь іншых гарадоў, з Масквы і Пецярбурга. І ў такіх умовах пскоўскім журналістам таксама становіцца небясьпечна працаваць. Перасоўвацца па горадзе, а ня толькі па могілках, дзе хаваюць вайскоўцаў... Трэба сказаць, што ў нас выбар невялікі. Альбо мы расказваем пра тое, што адбываецца, альбо мы маўчым. Большая частка пскоўскіх журналістаў, мяркуючы па ўсім, абрала другі шлях. Яны маўчаць, — кажа Андрэй Сямёнаў.

Ніхто ў Пскове, напрыклад, ня змог нічога высьветліць пра тое, куды накіраваліся ў трохмесячную камандзіроўку байцы падразьдзяленьня спэцназа ГРУ, што ўваходзіць у склад дывізіі, якія, дарэчы, да 8 верасьня павінны ўжо вярнуцца. Гэта сакрэтнасьць, сьмерць таварышаў, нявызначанасьць статусу адпраўленых ва Ўкраіну дэсантнікаў, афіцыйнае адмаўленьне таго, што Расея вядзе ваенныя дзеяньні на тэрыторыі гэтай краіны, сталы падман з боку камандзіраў — усё гэта выклікала незадаволенасьць у частках 76-й дывізіі і сярод іх блізкіх. Дэсантнікі падалі Льву Шлосбэргу запіс тэлефонных размоваў удзельнікаў баявых дзеяньняў. З гэтых перамоваў можна ўявіць, якія сур’ёзныя страты панесьлі дэсантнікі. Чаму дэсантнікі вырашылі расказаць праўду? Леў Шлосбэрг тлумачыць:

Плошча Герояў-дэсантнікаў у Пскове
Плошча Герояў-дэсантнікаў у Пскове

— На нашых вачах зьмяніліся многія камандуючыя Пскоўскай дывізіяй. Яны знаходзяцца тут, як правіла, вельмі абмежаваны час. Для Пскова гэта — высокапастаўленыя вайскоўцы. А для ўсіх Узброеных сіл гэта ўсяго толькі камандзіры аднаго зь вядучых баявых падразьдзяленьняў. Над імі ёсьць асобы, якія прымаюць рашэньні. Да іх адносяцца галоўнакамандуючы і міністар абароны. І ўсё. Нават камандуючы ПДВ — гэта ўсяго толькі выканаўца. Таму казаць пра пазыцыю вайскоўцаў на ўзроўні Пскова наогул немагчыма. Яе няма па азначэньні. Па-чалавечы людзі абураныя вельмі моцна. Мы б ніколі не атрымалі гэтыя запісы, калі б людзі не пярэчылі супраць такога нечалавечага стаўленьня да саміх сябе. Яны — вайскоўцы. Гэта — іх праца. Яны могуць ваяваць дзе заўгодна. Могуць ва Ўкраіне, могуць у Германіі, могуць у Афрыцы... Куды пашлюць, там і будуць ваяваць. Але яны хочуць ведаць, што гэта — законны загад, што дзяржава афіцыйна вядзе вайну і ім пастаўлена ваенная задача. Але калі камандуючы ПДВ ім кажа ў твар: «Наша дывізія не панесла баявых страт»... А ў іх кожны дзень пахаваньне. Ім хочацца набіць морду гэтаму начальніку. І яны пра гэта кажуць абсалютна прама і адкрыта. Так выкарыстоўваць узброеныя сілы — вельмі абразьліва, зьневажальна і вельмі ганебна. Гэта той унутраны пратэст, які сьпее. Але ў расейскай арміі ён ніколі ня выйдзе на паверхню. Ўявіць сабе, што ў царскай Расеі збунтаваўся які-небудзь імпэратарскі полк, можна было, маглі нават выйсьці на Сэнацкую плошчу. А палкі сёньняшняй расейскай арміі не ўзбунтуюцца. Але будзе некаторы настрой. А цяпер улада баіцца нават настрояў! І гэты настрой, які ўзьнік ў арміі пасьля гэтых таемных баёў, таемных стратаў, таемных пахаваньняў для ўлады — зусім разбуральна. Да ўлады сталі ставіцца з пагардай. "Вы паслалі нас на вайну? Ну, скажыце, каб вас халера, што ў нас — вайна! Адкрыта дайце нам загад ісьці вось туды. Мы пойдзем. Мы вайскоўцы. Але вы нас за людзей лічыце. Як вы можаце казаць, што нас там няма, калі мы там ёсьць? Як вы можаце казаць, што мы ня маем стратаў, калі мы маем страты. Як вы можаце хаваць нас таемна і здымаць шыльды з імёнамі і датамі жыцьця і сьмерці з крыжоў? Хто даваў вам такое права? «І ўлада спалохалася гэтай рэакцыі.

Леў Шлосбэрг перакананы: напад на яго 29 жніўня быў старанна сплянаваны:

— Людзі ведалі маршруты, па якіх я хаджу па горадзе, ведалі, дзе я жыву, дзе мая грамадзкая прыёмная. Яны дакладна пралічылі месца, дзе было найбольш зручна зьдзейсьніць напад. І дзейнічалі вельмі прафэсійна. Яны мяне адразу ж «выключылі» ўдарам ззаду па галаве, а потым зьбівалі, калі я ляжаў. Падзей пасьля ўдару, якія адбыліся са мной цягам 1,5 гадзінаў, я ня памятаю зусім, апрытомнеў ужо тут, у бальніцы. Пытаньне заключаецца ва ўзроўні прыняцьця рашэньня аб маім зьбіцьці. Ці пакрыўдзіўся, груба кажучы, на мяне нехта ў дывізіі або побач з дывізіяй, або пакрыўдзіўся нехта ў Маскве? Гэта — важнае пытаньне. Калі рашэньне было прынятае раздражнёнымі вайскоўцамі, якія ня выканалі загад аб рэжыме сакрэтнасьці, гэта — адна сытуацыя. Калі рашэньне прымалі якія-небудзь гопнікі, зьвязаныя з вайскоўцамі, гэта — яшчэ адна сытуацыя. А калі гэта рашэньне асобаў, упаўнаважаных прымаць палітычныя рашэньні, публічна і не публічна, дык гэта — акцыя палітычнага запалохваньня паводле ўсёй сваёй фабулы, сюжэту. Я, безумоўна, схіляюся да гэтага варыянту, але ён павінен быць даказаны сьледзтвам. Я не магу зараз назваць ніводнага імя меркаваных арганізатараў. Даведацца іх імёны, а я ўпэўнены, што іх — некалькі чалавек, можна будзе, толькі, выйшаўшы на выканаўцу і прымусіўшы яго гаварыць. Але гэта — пытаньне да сьледзтва. У яго ў руках адпаведныя інструмэнты.

Пры гэтым у Пскоўскай вобласьці цяпер завяршаецца кампанія датэрміновых выбараў губэрнатара і кіраўнікоў муніцыпальных акругаў. Льву Шлосбэргу, як Аксане Дзьмітрыевай у Пецярбургу, не дазволілі пераадолець «муніцыпальны фільтар», што прывяло да рэзкага росту колькасьці жадаючых сапсаваць 14 верасьня бюлетэні:

— Выконваючы абавязкі губэрнатара Андрэй Турчак з пачатку перадвыбарчай кампаніі эксплуатаваў тэмы «Крым» і «Ўкраіна» напоўніцу. Пасьля анэксіі Крыма я быў прадстаўлены як «здраднік» і прадстаўнік «пятай калёны», і гэта быў нармальны ход чалавека, які вызнае «нашысцкія» погляды. У адказ я кансалідаваў тую частку грамадзтва, якое пратэстуе супраць такой палітычнай пазыцыі. Наша супрацьстаяньне прывяло да пэўнай палярызацыі грамадзтва. Мне вядома, што яшчэ да Крыма і Ўкраіны Андрэй Турчак праціснуў праз адміністрацыю прэзыдэнта рашэньне аб маім няўдзеле ў выбарчай кампаніі. Ён лічыў мяне, цалкам абгрунтавана, адзіным непадкантрольным супернікам. Ён не памыліўся, але пры гэтым яны чакалі, што «муніцыпальны фільтар» будзе для мяне зусім непераадольнай перашкодай. Аднак, калі за першы тыдзень мы сабралі больш за пяцьдзесят подпісаў, а за другі яшчэ трыццаць, і стала зразумела, што шанцы выхаду на выбары існуюць, тут былі выкарыстаныя ўсе рычагі ўплыву, пэрсанальныя перамовы з кіраўнікамі раёнаў, з дэпутатамі раённых сходаў. Яны нічога не змаглі зрабіць з дэпутатамі сельскіх і гарадзкіх паселішчаў. Мы набралі максымальную колькасьць — 113 подпісаў. А з дэпутатамі раённых сходаў, якіх трэба было мінімум, — 44, мы набралі — 36, г.зн. выканалі на 95 адсоткаў усе патрабаваньні. Яны, вядома, не чакалі, што мы так блізка падыдзем да выбараў. Яны б маглі нас дапусьціць. Але спалохаліся. Цяпер у іх — праблема. Ніхто ня хоча ісьці на выбары. Гэты ганебны цырк людзям, якія паважаюць сябе, не патрэбны. Я ўпэўнены, што будзе вельмі нізкая яўка. Будзе шмат галасоў ад безвыходнасьці за Турчака. Але я ведаю вельмі шмат людзей у Пскоўскай вобласьці, якія тэлефанавалі мне і казалі, што яны пойдуць на выбары для таго, каб зрабіць бюлетэні несапраўднымі. Для Пскоўскай вобласьці такая тактыка называецца — «пяць крыжоў». Пяць кандыдатаў атрымаюць па крыжы, у кожнай клетачцы бюлетэня, — распавядае Леў Шлосбэрг.

27 жніўня на вуліцы Касьмічнай выпадковы мінак пасьпеў сфатаграфаваць каля дзесяці пустых новых трунаў, некаторыя ў цэляфане, зваленых на тэрыторыі вайсковай часткі. Галоўны рэдактар газэты «КурьерЪ. Пскоў-Вялікія Лукі» Алег Канстанцінаў, які прыехаў туды праз гадзіну, змог толькі сфатаграфаваць пустое месца — труны хутка зьнішчылі. Спробы журналістаў што-небудзь даведацца ў вайскоўцаў посьпехам не ўвянчаліся, расьсьледаваньне давялося спыніць, кажа ён:

— Лягічна разважаючы, можна зразумець: труны проста так не выкідаюцца. Мы прыйшлі да высновы, што загінулыя дэсантнікі былі разьвезеныя ў іншыя месцы, у Пскоў іх не прывозілі. Дадзеныя труны проста не спатрэбіліся. А на Русі ёсьць традыцыя: пра запас труны трымаць нельга, дрэнная прыкмета. У дадзеным выпадку, напэўна, так і зрабілі. Зыходзячы з той інфармацыі, якую мы атрымалі напярэдадні, мы зрабілі выснову, што да 27 жніўня можна было ўжо казаць пра 10-16 загінулых дэсантнікаў.

З траўня гэтага году, адразу пасьля анэксіі Крыма, Міністэрства абароны Расеі пачало буйнамаштабную акцыю набору кантрактнікаў у ПДВ. У Пскоў, служыць у спэцназе, едуць з усіх канцоў краіны. З адным з такіх добраахвотнікаў, які прасіў не называць яго прозьвішча, Цімурам з Дагестана, мы разгаварыліся. Яго гісторыя простая:

— Я — Цімур. Мне 30 гадоў. Я родам з Дагестана. Нарадзіўся ў горадзе Кызыл-Юрт. Вучыўся ў школе № 5. Школу скончыў у 2001 годзе. Паступіў у Дагестанскі дзяржаўны тэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці інжынэр-радыётэхнік. Я вырашыў для сябе ўладкавацца на службу па кантракце ў расейскую армію. Таму прыехаў у Пскоў з горада Вялікія Лукі. Там я праходзіў тэрміновую службу ў адной з частак. Там і зь дзяўчынай пазнаёміўся. Закахаўся. Зьехаў пасьля службы дахаты, але праз год назад вярнуўся, таму што перапісваліся, стэлефаноўваліся. Пражылі тры гады грамадзянскім шлюбам, нарадзілі сына, паехалі да мяне дахаты, згулялі вясельле. Гэта было ў 2010 годзе. Але потым давялося паехаць у Вялікія Лукі, таму што жонцы, рускай, было няпроста ў Дагестане. А мне ўсюды добра, галоўнае, каб жонка была побач. Працу тут мне было цяжка знайсьці. У сябе на радзіме я працаваў па спэцыяльнасьці: інжынэрам-канструктарам, праграмістам, інжынэрам-тэхнолягам. А сюды прыехаў стаў працаваць грузчыкам, на будоўлі... Гэта, вядома, надакучыла. Вырашыў атрымаць нармальную спэцыяльнасьць. Знайшоў у інтэрнэце інфармацыю пра службу па кантракце. Сабраў дакумэнты. Праходжу цяпер мэдкамісію. Хачу трапіць у спэцназ.

— А калі Вас пашлюць ва Ўкраіну?

— Я не баюся туды ехаць. Разумею, што там адбываецца дурдом, нічога добрага. Мне казалі, што туды адпраўляюць хлопчыкаў і дзяўчынак, што іх там забіваюць. Але, пакуль там не апынесься сам, пра гэта дакладна сам і не даведаесься. Я так лічу.

— А калі Вас жа прымусяць страляць у людзей?

— Могуць... Але ж страляць па дзецях і па жанчынах ня будзеш.

— Як Вам будуць аплочваць службу па кантракце? Нейкія дадаткі ёсьць за ўдзел у баявых дзеяньнях?

— Не. У нас прыходзіш у частку, і там паведамляюцца стандартныя расцэнкі. Ад 20-30 тысяч рублёў у спэцназе, у дэсанце. А звычайны мотастралок — 17-19 тысяч рублёў у месяц, — кажа Цімур.

Арыгінал матэрыяла на сайце расейскай службы Свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG