Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская апазыцыя сёньня падала ў мэрыю Масквы заяўку на правядзеньне 21 верасьня «Марша міру».

Пра гэта паведаміў «Інтэрфаксу» адзін з арганізатараў антываеннай акцыі Пётр Царкоў. Асноўныя патрабаваньні — спыненьне агрэсіўнай зьнешняй палітыкі Расеі і кровапраліцьця на ўсходзе Ўкраіны.

Паводле Царкова, так званы «антываенны марш» пройдзе ў фармаце шэсьця без мітынгу. Заяўленая колькасьць удзельнікаў акцыі да 50 тысяч. Арганізатары просяць ўзгадніць маршрут шэсьця па бульварах ад Пушкінскай плошчы да праспэкта Сахарава пад лёзунгамі «Не вайне з Украінай», «Хопіць хлусіць і забіваць».

Аналягічныя акцыі заплянаваны ў Екацярынбургу, Новасібірску, Барнавуле і іншых гарадах. Пра намер удзельнічаць у «Маршы міру» заявілі ўсе лібэральныя апазыцыйныя партыі — «Яблоко», РПР-ПАРНАС, Партыя прагрэсу, «Альянс зялёных», незарэгістраваная Партыя 5 сьнежня, рух «Салідарнасьць» і іншыя.

Расейскія грамадзянскія актывісты лічаць, што «Марш міру» стане працягам падобнай акцыі, якая адбылася ў Маскве 15 сакавіка. Тады, па розных зьвестках, ад 50 тысяч да 70 тысяч чалавек прынялі ўдзел у шэсьці супраць ваеннага ўмяшаньня Расеі ў справы Ўкраіны і ў абарону незалежных СМІ.

Першы марш супраць ваеннага ўмяшаньня Расеі ў справы Ўкраіны прайшоў у Маскве 15 сакавіка. Ён сабраў, паводле розных зьвестак, ад 10 да 70 тысяч чалавек.

Як распавёў Радыё Свабода адзін з заяўнікаў акцыі Сяргей Давыдзіс, арганізатары не плянуюць завяршаць дэманстрацыю 21 верасьня мітынгам:

«Я думаю, што ў цяперашні час досыць зразумела ўсё і ўсім — прынамсі тым, хто прыйдзе на гэты марш. Таму няма неабходнасьці гаварыць прамовы. Гэта традыцыйна раздражняе людзей, яны прыходзяць для таго, каб выказаць сваю пазыцыю, а не для таго, каб паслухаць кагосьці. У апавяшчэньні мы паказваем меркаваную колькасьць удзельнікаў — 50 тысяч чалавек. Маршрут традыцыйны — па бульварах».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG